У сучаснай педагагічнай навуцы і практыцы пытанні актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў адносяцца да ліку актуальных. Агульнавядома, што эфектыўнасць навучання знаходзіцца ў прамой залежнасці ад узроўню актыўнасці самога вучня ў гэтым працэсе. У чым жа заключаецца гэтая актыўнасць?
Вучоныя вызначаюць пазнавальную актыўнасць як якасць дзейнасці вучня, якая праяўляецца ў яго адносінах да зместу і працэсу навучання, у імкненні да эфектыўнага авалодання ведамі і спосабамі дзейнасці за аптымальны час, у мабілізацыі духоўна-валявых намаганняў на дасягненне вучэбна-пазнавальнай мэты.
Наша педагогіка знаходзіцца ў пастаянным пошуку інавацыйных тэхналогій. Яны, безумоўна, патрэбны. Але, якімі б прагрэсіўнымі яны ні былі, у аснове любой тэхналогіі павінна быць абуджэнне ў дзіцяці цікавасці, з якой пачынаецца дарога да радасці адкрыцця. Многія лічаць, што ў вучня на першым месцы павінны быць такія паняцці, як абавязак і стараннасць. Вядома, гэта вельмі важныя стымулы да навучання, але ж зацікаўленасць прадметам не супярэчыць ім, а, наадварот, дапамагае прывесці вучня да поспеху.
Напэўна, кожны настаўнік, рыхтуючыся да ўрока, задумваецца над пытаннямі “Як зрабіць урок цікавым?”, “Як захапіць вучняў сваім прадметам, каб яны былі не пасіўнымі гледачамі на ўроку, а актыўнымі ўдзельнікамі вучэбнага працэсу?”. Кожны сучасны настаўнік марыць пра тое, каб вучні на яго ўроку працавалі добраахвотна, творча, плённа. І гэта невыпадкова. Сучаснае грамадства, новае стаўленне да жыцця прад’яўляюць і новыя патрабаванні да школы і настаўніка. Школа адышла ад інфармацыйнай мадэлі адукацыі. Роля настаўніка істотна мяняецца, але ніколькі не памяншаецца, а нават узрастае. Важнымі становяцца не толькі веды, але і самі спосабы засваення і перапрацоўкі інфармацыі, развіццё творчага патэнцыялу школьніка, заснаванага на прадукцыйным мысленні.
Сучасны ўрок не павінен ператварацца ў назапашванне тэарэтычных ведаў, бо школьнікі пры гэтым не разумеюць мэты свайго вучэння, а развіццё ўяўлення, мыслення, свядомасці, асобы вучняў, іх творчых здольнасцей застаецца на другім плане. Каб гэтага пазбегнуць, мы, настаўнікі, павінны добра ўсведамляць значнасць абнаўлення форм і метадаў навучання і выхавання, звязваючы гэтыя працэсы з неабходнасцю ўкаранення сістэмна-дзейнаснага падыходу да працэсу выкладання беларускай мовы, актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў, замены малаэфектыўных слоўных сродкаў перадачы ведаў магчымасцю праектавання сумеснай дзейнасці вучняў і настаўніка, здольнай забяспечыць высокія паказчыкі працы настаўніка. Асноўная задача адукацыі на сучасным этапе — гэта выхаванне творчай, актыўнай асобы, якая ўмее вучыцца, самастойна ўдасканальвацца. Як сказаў Бернард Шоу, адзіны шлях, які вядзе да ведаў, — дзейнасць.
За час работы ў школе я назіраю такую тэндэнцыю: у большасці дзяцей, якія прыходзяць у 5 клас, адсутнічае пазнавальная цікавасць да ўрокаў беларускай мовы, у вучняў не сфарміраваны патрэбы ў ведах, няма цікавасці да прадмета. Родную мову яны часта ўспрымаюць як звод арфаграфічных і пунктуацыйных правіл. Крыўдна чуць ад пяцікласнікаў, што яны не любяць урокі роднай мовы. Неабходна шмат намаганняў і часу, каб у вучняў змяніліся адносіны да ўрокаў беларускай мовы, пазнавальная каштоўнасць якіх надзвычай высокая: на такіх уроках фарміруецца мысленне, прывіваецца пачуццё любові да роднай мовы, праз мову асэнсоўваюцца агульначалавечыя каштоўнасці, выхоўваецца асоба, з дапамогай мовы адбываецца інтэлектуальнае развіццё дзіцяці. Менавіта таму ў сваёй практыцы ўдзяляю шмат увагі актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках.
У сваёй рабоце абапіраюся не толькі на дасягненні сучасных тэхналогій, настаўнікаў-наватараў, але і на асабісты вопыт выкладання прадмета, уласныя метадычныя знаходкі, якія дапамагаюць актывізаваць пазнавальную дзейнасць, развіваць творчыя здольнасці вучняў. Увесь час я знаходжуся ў творчым пошуку, і мэта маёй работы — зацікавіць, навучыць дзіця самастойна думаць і працаваць, навучыць вучыцца, распаліць жаданне і імкненне пазнаць прадмет глыбей.
Да кожнага ўрока старанна рыхтуюся, імкнучыся, каб новы ўрок не быў падобны на папярэдні. Пры падрыхтоўцы да заняткаў перабіраю і вывучаю шмат матэрыялаў з кніг, часопісаў, інтэрнэту, бо хачу бачыць на ўроку зацікаўлены і ўдумлівы погляд вучняў, а не іх пустыя вочы, у якіх чытаецца нямое пытанне: “Колькі да званка?”
Сапраўднае задавальненне настаўнік атрымлівае тады, калі ўрок напоўнены масай розных пытанняў і выказванняў, а ў канцы ўрока гучаць словы: “Як, ужо званок?”
Работу на ўроку імкнуся арганізаваць так, каб школьнікі самі знаходзілі адказ на пытанне, а не атрымлівалі яго ў гатовым выглядзе. Зразумела, куды прасцей расказаць усё самому, а потым патрабаваць, каб дзеці паўтарылі пачутае, але гэта не спрацоўвае. Не паўтораць, калі ім гэта нецікава. Цікавасць школьнікаў да вучэння з’яўляецца важным фактарам у працэсе авалодання імі ведамі. У чым жа сутнасць патрэбы ў ведах? Як яна ўзнікае? Якія педагагічныя сродкі можна выкарыстаць для фарміравання ў вучняў цікавасці да ведаў? Гэтыя пытанні хвалююць многіх педагогаў. Настаўнікі ведаюць: школьніка нельга вучыць паспяхова, калі ён ставіцца да вучэння і ведаў абыякава, таму інтарэсы вучняў трэба фарміраваць і развіваць. Вопытныя педагогі ўсіх часоў падкрэслівалі першараднае значэнне ў вучэбным працэсе цікавасці, любові да ведаў. Цікавае навучанне не выключае ўменне працаваць з намаганнем, а, наадварот, спрыяе гэтаму.
Узнікненне пазнавальнай цікавасці залежыць, з аднаго боку, ад узроўню развіцця дзіцяці, яго вопыту, ведаў, а з другога — ад спосабу падачы матэрыялу. Пры наяўнасці пазнавальных інтарэсаў вучэнне становіцца блізкай жыццёва значнай дзейнасцю, у якой сам школьнік зацікаўлены.
К.Ушынскі пісаў, што “вучэнне, пазбаўленае ўсякай цікавасці і ўзятае толькі сілай прымусу, нават калі чэрпаў з лепшай крыніцы — з любові да настаўніка, забівае ў вучня жаданне вучыцца, без якога ён далёка не пойдзе”.
На сваіх уроках імкнуся ствараць умовы псіхалагічнага камфорту, каб кожны вучань, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі, мог ператварыцца з аб’екта навучання ў паўнапраўны суб’ект педагагічнага працэсу, звязанага з актывізацыяй авалодання ведамі, уменнямі, сродкамі вучэбнай дзейнасці. Як любы настаўнік, на ўроку хачу дасягнуць выніку, пераходу вучняў на новую прыступку па лесвіцы ведаў. Значыць, кожнае слова, кожнае пытанне павінны быць мэтанакіраванымі.
На розных этапах урока ў залежнасці ад пастаўленых вучэбна-выхаваўчых задач выкарыстоўваю розныя метады, прыёмы і формы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, бо пры правільным іх выбары яны дазваляюць рэальна змяніць сітуацыю ў адукацыйным працэсе: стымулююць матывацыю, цікавасць да працэсу навучання, развіваюць самастойнасць, творчую актыўнасць, актывізуюць дыялагічнае ўзаема-дзеянне з іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, ствараюць умовы для паўнацэннага развіцця асобы.
Увядзенне элементаў займальнасці ў работу на ўроках — адзін са сродкаў актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. У маёй метадычнай скарбонцы — вялікі арсенал вучэбных гульняў (фанетычных, лексічных, граматычных), якія дазваляюць зрабіць урок займальным і разнастайным. На ўроках выкарыстоўваю наступныя гульні: “Ці ведаеш ты?”, “Схаваныя словы”, “Знайдзі слова”, “Папацей, грамацей”, “Пазнай знаёмага”, “Аўкцыён”, “Сюрпрызы”, “Вузкія і шырокія”, “Чарадзейная літара”, “Рэшата”, “Карэктар”, “Шукаем словы”, “Арфаграфічнае лато”, “Гісторыя з мяшка”, “Арфаграфічная эстафета”, “Лінгвістычны дыктант”, “Крок за крокам”, “Тоўстыя і тонкія пытанні”, “Лаві памылку”, “Дрэва прадказанняў”, “Методыка незакончаных сказаў” і іншыя.
Напрыканцы хочацца сказаць: якія б прыёмы і метады ні выкарыстоўваў настаўнік на сваіх уроках, бясспрэчна адно: яны павінны спрыяць павышэнню цікавасці школьнікаў да вывучаемага прадмета, развіццю іх творчай актыўнасці і самастойнасці, вобразнага мыслення, вуснай і пісьмовай мовы, павінны ствараць умовы для паўнацэннага развіцця асобы.
Наталля ПАРАЛЁВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.