Быць з вучнем максімальна блізка

- 9:26Людзі адукацыі

Выкладанне любога школьнага прадмета можна зрабіць цікавым, а вучняў неабходна трымаць як мага бліжэй да сябе — так лічыць настаўнік фізікі гомельскай сярэдняй школы № 27 Валерый Ігаравіч Клюка. Менавіта па гэтых правілах будуе сваю дзейнасць малады педагог.

Валерый Ігаравіч адносіцца да тых настаўнікаў, якія могуць рэалізаваць сябе ў любой установе адукацыі. Пасля заканчэння фізічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны малады спецыяліст быў накіраваны на першае месца працы ў адну са школ гарадскога пасёлка Карма настаўнікам фізікі і інфарматыкі. Там бы і застаўся, калі б сямейныя прычыны не прымусілі вярнуцца ў Гомель. Пяць гадоў В.І.Клюка паспяхова выкладае фізіку ў адной з лепшых школ абласнога цэнтра.

— Калі я сюды прыйшоў, у мяне ўжо сфарміравалася пэўнае кола інтарэсаў, — дзеліцца Валерый Клюка. — Мне хацелася рэалізаваць сябе ў розных напрамках, пачынаючы з праграмавання, аб чым я заўсёды марыў, і заканчваючы такім нестандартным на той час відам дзейнасці, як робататэхніка. Прычым я разглядаў гэта не як асобныя заняткі па інтарэсах ці факультатывы. Было жаданне ўплесці сучасныя кірункі ў свой прадмет, звязаць усё разам. Мне бачылася гэта праз папулярызацыю навукі, бо хацелася нечым пастаянна дзяліцца з дзецьмі, з калегамі ды і самому даведвацца аб чымсьці новым.

Валерый Ігаравіч пачаў з пошуку аднадумцаў. І першым быў аднакурснік настаўнік фізікі адной з гомельскіх школ Сяргей Валянцінавіч Шэйбут. Потым далучыліся іншыя педагогі. Так калегі пачалі рэалізоўваць адразу некалькі праектаў. Галоўны з іх — праект “Навука — дзецям”. Творчыя настаўнікі стварылі канал на YouTube, дзе пачалі размяшчаць свае навуковыя відэаролікі, адкрылі свой сайт, які папаўнялі самастойна напісанымі пазнавальнымі артыкуламі, апісаннем правядзення доследаў і іншай цікавай інфармацыяй. Мэта простая — матываваць навучэнцаў заняцца навукай. Праз год гэтая работа дала вынік: да гомельскіх педагогаў-энтузіястаў пачалі звяртацца людзі з іншых навуковых суполак, прасілі дазволу выкарыстоўваць іх матэрыялы, дзяліліся вопытам. Было наладжана плённае супрацоўніцтва.

Сёння аднакурснікі-аднадумцы Валерый Клюка і Сяргей Шэйбут выпусцілі ў свет кнігу пад назвай “Энцыклапедыя механізмаў, ці Як устроена ўсё навокал”, якая выйшла ў расійскім выдавецтве “Фенікс” тыражом у пяць тысяч экзэмпляраў. На 80-ці старонках пазнавальнай энцыклапедыі змешчаны цікавыя артыкулы, дапоўненыя ілюстрацыямі, большую частку з якіх, дарэчы, намалявалі самі аўтары.

— Развіваючы наш праект, мы выношвалі ідэю выпусціць невялічкія брашуркі на старонак пятнаццаць-дваццаць, якія проста маглі б раздаваць зацікаўленым, — расказвае гісторыю з’яўлення кнігі Валерый Клюка. — Пра кнігу думкі былі таксама, але мы не ведалі, як гэта робіцца, з чаго пачынаць, да каго звяртацца… І вось аднойчы з намі звязалася расійскае выдавецтва і прапанавала напісаць кнігу, у аснову якой будуць пакладзены нашы распрацоўкі.

Пра гэта можна было толькі марыць, і маладыя настаўнікі сур’ёзна ўзяліся за справу. Два з паловай месяцы штодзённай працы над матэрыяламі кнігі — і, нарэшце, яна ўбачыла свет. Валерый Ігаравіч прызнаецца, што адчувае вялікую радасць ад таго, што работа над праектам “Навука — дзецям” вылілася ў кнігу. Але больш важным для аўтара з’яўляецца тое, што яна можа стаць памочнікам для калег у справе папулярызацыі сярод дзяцей фізікі і навукі ўвогуле. Фізіка — цікавы прадмет, аднак наўрад ці кожны вучань захопіцца ім, калі настаўнік не паспрыяе гэтаму.

— Я лічу, што калі дзіця ў сёмым-восьмым класе не матывавана на фізіку, то да яго цяжка дастукацца, — расказвае Валерый Клюка. — Імкнуся рознымі спосабамі зацікавіць сваіх вучняў, бо простае выстаўленне ў журнал дрэнных адзнак ніяк не паўплывае на матывацыю. Абапіраюся ў многім на наш праект “Навука — дзецям”. Я прыходжу на ўрок, і ў мяне ёсць добры матэрыял, сабраны за тры гады, — тыя ж відэаролікі, артыкулы, каштоўныя спасылкі.

Галоўны козыр маладога настаўніка ў справе матывацыі — пазаўрочная дзейнасць з навучэнцамі. Атрымаўшы спасылкі на сайт і на канал з відэаролікамі, дзеці, для якіх сёння камп’ютар — неад’емны атрыбут вольнага часу, абавязкова, няхай і без пэўнай мэты, захочуць прагледзець матэрыял. Раз, другі, трэці, і, як вынік, у многіх з’яўляецца жаданне паспрабаваць сябе ў нейкіх праектах ці доследах. Прычым кожны вучань можа напісаць настаўніку фізікі ў сацыяльных сетках у любы час, задаць пытанні, параіцца ці нешта высветліць, абмеркаваць.

— Я заўсёды на сувязі, і калі дзеці нешта выконваюць, рашаюць задачы, тэсты, яны ў любы час могуць мне напісаць, — гаворыць настаўнік фізікі. — Я сваіх вучняў імкнуся трымаць максімальна блізка да сябе. Гэта і ёсць мая методыка. Канечне, яна патрабуе шмат сіл і часу і, магчыма, не на сто працэнтаў дзейнічае, тым не менш я бачу вынікі ў зацікаўленасці навучэнцаў.

У многіх юнакоў і дзяўчат гэтая зацікаўленасць выліваецца ў праектную дзейнасць. Самыя яркія работы прадстаўляюцца ў розных конкурсах і займаюць пераможныя месцы.

На дасягнутым малады настаўнік і яго калегі спыняцца не збіраюцца. Зараз, напрыклад, яны пачалі развіваць партал дыстанцыйнага навучання фізіцы і хіміі, паступова будуць уключаны і іншыя прадметы, што дасць вучням магчымасць атрымліваць дадатковыя веды па пэўных прадметах. А наперадзе яшчэ шмат задум, якія, безумоўна, будуць рэалізаваны.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.