Адна з тэм, над якой сёлета працуюць педагогі Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, — метадычнае суправаджэнне кіраўніцкай і педагагічнай дзейнасці па ўдасканаленні работы з адоранымі дзецьмі і арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў. Пра тое, чым была адметная першая чвэрць ва ўстановах адукацыі раёна, як наладжана работа з адоранымі дзецьмі і які плён яна прыносіць, нашаму карэспандэнту расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Старадарожскага райвыканкама Сяргей Іванавіч УСІК.
— Першая чвэрць ва ўстановах адукацыі раёна прайшла ярка і запамінальна, была багатая на цікавыя праекты. Сёлета на базе гімназіі № 1 і сярэдняй школы № 2 Старых Дарог рэалізуюцца два інавацыйныя праекты. Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі вядзецца работа над 23 педагагічнымі праектамі.
Паспяховасць інавацыйнай дзейнасці заключаецца ў тым, што яна не павінна быць дапаўненнем да асноўнай работы, а павінна быць звязана з усімі напрамкамі дзейнасці ўстановы адукацыі. У раёне ёсць неабходны педагагічны патэнцыял, эфектыўны педагагічны вопыт і прафесійнае кіраўніцтва ва ўстановах адукацыі; створаны ўсе неабходныя ўмовы для забеспячэння якаснага адукацыйнага працэсу. Так, у першай чвэрці вучні раёна актыўна прымалі ўдзел у дыстанцыйных прадметных алімпіядах па астраноміі, фізіцы, хіміі, быў праведзены другі этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці.
Высокія вынікі паказалі школьнікі ў конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці. З 10 работ, якія прайшлі адборачны тур абласнога конкурсу, 5 адзначаны дыпломамі (грамадазнаўства, матэматыка, экалогія, руская мова і літаратура, працоўнае навучанне).
Мы заўсёды прытрымліваемся прынцыпу, што толькі здаровае дзіця можа быць паспяховым ва ўсіх відах дзейнасці. Так, штогод у верасні праводзіцца Нацыянальны фестываль бегу “Языльская дзясятка”. Як самая масавая каманда ў намінацыі “Карпаратыўны забег” была адзначана каманда аддзела адукацыі. На старт выйшлі 350 педагогаў. Самай крэатыўнай камандай у намінацыі “Школьны камандны забег” была прызнана каманда Языльскай сярэдняй школы.
— Як правялі канікулы навучэнцы раёна?
— Для старадарожскіх школьнікаў у дні канікул праводзіліся розныя забаўляльныя мерапрыемствы. На базе пяці ўстаноў адукацыі для 160 дзяцей была арганізавана работа аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем. У межах аздараўлення была наладжана праектная дзейнасць: па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму школьнікаў шляхам работы раённага рэсурснага цэнтра па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў лагеры “Мы — юныя патрыёты” (сярэдняя школа № 3 Старых Дарог), па фарміраванні экалагічнай культуры праз работу школьнай бізнес-кампаніі ў лагеры “Эколагі” (Горкаўская сярэдняя школа), па грамадзянска-патрыятычным выхаванні на аснове вывучэння абрадаў і традыцый Старадарожчыны ў лагеры “Краязнаўцы” (Пастовіцкая сярэдняя школа), па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў лагеры “Спартанец” (Языльская сярэдняя школа), па развіцці інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў у лагеры “Цудоўная сямёрка” (сярэдняя школа № 1 Старых Дарог). Для школьнікаў, якія не наведвалі лагеры, была працягнута работа аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных зал і пляцовак, дзе прайшлі турніры па валейболе, настольным тэнісе, спартыўныя эстафеты і інш.
— Якімі дасягненнямі педагогаў і вучняў раён ганарыцца?
— Штогод на працягу 5 гадоў зборная каманда Старадарожскага раёна становіцца пераможцай абласнога і рэспубліканскага турніраў юных фізікаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізікі В.І.Шулікоўскай і Г.А.Стром. Дастойна выступае зборная каманда гімназіі № 1 Старых Дарог на штогадовым абласным турніры юных матэматыкаў. Другі год запар каманда пад кіраўніцтвам настаўнікаў матэматыкі С.М.Ігнаценка і А.У.Вечар заваёўваюць дыплом ІІІ ступені.
Ганарымся дасягненнямі выпускніка сярэдняй школы № 3 Старых Дарог, а зараз студэнта БДУ, Паўла Бацылева. У яго скарбонцы шматлікія дыпломы і ўзнагароды ў розных творчых конкурсах. Выпускнік сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Ілья Карпук стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу #IT_link у намінацыі “ІТ-ідэя” з праектам SBox. Дыпломам ІІ ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Мая ініцыятыва” ўзнагароджаны навучэнцы сярэдняй школы № 2 Старых Дарог Арцём Кімпель і Дзмітрый Букзееў.
Навучэнцы раёна штогод дэманструюць стабільныя вынікі ўдзелу ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды: за тры гады ў скарбонцы раёна 18 дыпломаў. Школьнікамі заваяваны два дыпломы на заключным этапе конкурсу работ даследчага характару па фізіцы і рускай літаратуры. Паспяхова працуюць у гэтым напрамку В.С.Шумскі, дырэктар, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 3 Старых Дарог, і Т.А.Сафонава, настаўніца рускай мовы і літаратуры Горкаўскай сярэдняй школы. Стабільна высокія вынікі ў прадметных алімпіядах і творчых конкурсах дэманструюць навучэнцы Г.С.Луцкой, В.М.Дубік, М.А.Лапуцько, Н.Л.Патоцкай і інш.
Мы ганарымся сёння вынікамі навучэнцаў у Абласной алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі. На працягу некалькіх гадоў нашы навучэнцы з’яўляюцца прызёрамі. Вялікая заслуга ў гэтым настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Языльскай сярэдняй школы Г.А.Пучэні і Н.М.Грузда.
— Сяргей Іванавіч, якая работа праводзіцца ў раёне з адоранымі дзецьмі?
— У раёне дзейнічае 14 рэсурсных цэнтраў, 6 з іх — прадметныя. Пры цэнтрах створаны творчыя групы педагогаў, якія працуюць у тым ліку і над удасканаленнем работы з адоранымі дзецьмі. У раёне працуе таксама пастаянна дзеючы семінар па гэтай тэме. З мэтай развіцця інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў на базе сярэдняй школы № 3 Старых Дарог створаны раённы клуб “УнікУм”.
У сёлетнім навучальным годзе функцыянуюць міжшкольныя факультатывы для вучняў 8—11 класаў па 5 вучэбных прадметах: “Матэматыцы”, “Беларускай мове”, “Працоўным навучанні”, “Біялогіі”, “Эканоміцы”, якія накіраваны на выніковы ўдзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Арганізавана цеснае супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі па падрыхтоўцы навучэнцаў раёна да Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, матэматыцы, фізіцы, геаграфіі. Вучні наведваюць вучэбныя курсы па падрыхтоўцы да алімпіяды пры Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
— Якія мадэлі профільнага навучання рэалізуюцца ў раёне?
— Ва ўстановах адукацыі горада арганізавана профільнае навучанне для 85 (а гэта 51,8%) навучэнцаў 10-х класаў. На павышаным узроўні дзесяцікласнікі вывучаюць матэматыку, фізіку, гісторыю Беларусі, рускую мову, біялогію, беларускую мову, грамадазнаўства, англійскую мову. Профільнае навучанне арганізавана па другой і трэцяй мадэлі. Працягнулі профільнае навучанне 82 (52%) навучэнцы 11-х класаў.
Аддзелам адукацыі, спорту і турызму праводзіцца мэтанакіраваная работа па прафарыентацыі навучэнцаў на педагагічныя прафесіі. У 2016 годзе на педспецыяльнасці паступілі 22 выпускнікі, з іх 19 — па мэтавых накіраваннях. У сярэдніх школах № 1 і № 2 Старых Дарог былі сфарміраваны педагагічныя класы для 63 навучэнцаў.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.