Зямля – іх будучыня

- 11:24Нам пішуць

Вельмі важна, каб падрастаючае пакаленне ашчадна адносілася да прыроды, каб моладзь ведала, што чысціня населеных пунктаў, месцаў адпачынку, увогуле чысціня нашага сумеснага дома, Зямлі, залежыць ад кожнага.

Нядаўна ў Мачульскай базавай школе Столінскага раёна Брэсцкай вобласці прайшло мерапрыемства, якое мела мэтай выхаванне правільнага стаўлення да прыроды. Вядучыя Ірына Шпакевіч і Ірына Ляшкевіч аб’яўлялі і праводзілі конкурсы, паведамлялі інфармацыю, якая прымушала задумацца. Так прысутныя даведаліся, што за адзін год у атмасферу Зямлі трапляе пяць мільярдаў тон вуглякіслага газу. А лесу, якія з’яўляецца асноўным вытворцам кіслароду, за апошнія дваццаць гадоў высечана столькі, колькі за ўсе папярэднія часы дзейнасці чалавецтва, ужо не кажучы пра лясныя пажары, якія ўзнікаюць таксама па віне людзей. Вучоныя падлічылі, што за адзін год у вадаёмы пападае такая колькасць шкодных рэчываў, што імі можна было б напоўніць дзесяць тысяч таварных цягнікоў. Нават у водах Арктыкі знайшлі рэшткі пральных сродкаў…

Галоўнай інтрыгай мерапрыемства стаў модны паказ касцюмаў з другаснай сыравіны. Трэба было не толькі ўзняцца на “подыум”, але і расказаць пра свой убор. У выніку першае месца падзялілі Назар Лемяза (1 клас) у вобразе казачнага Рыцара і Вікторыя Кірэчка (4 клас) у вобразе Сняжынкі. Першакласніца Ілона Ляшкевіч працягнула тэму свайго аднакласніка, яна выступала ў ролі Каралевы таго ж замка, што і Рыцар. Арцём Тупік (7 клас) зрабіў касцюм Каўбоя з газетнай паперы. Яны з Ілонай падзялілі другое месца. Трэцяе месца дасталося вядучым.

Мяркую, што праведзенае мерапрыемства пакіне след у душах дзяцей. Яны – будучыня Зямлі, і Зямля – іх будучыня.

Галіна БАБАРЫКА.