Неяк непрыкметна праляцелі даўгачаканыя навагоднія святы, зімовыя канікулы, і школы зноў паклікалі навучэнцаў за парты — пачалася трэцяя вучэбная чвэрць. Пра дасягненні мінулага і планы на новы каляндарны год нашаму карэспандэнту расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама Алена Янаўна ГАНЕВІЧ:
— 2016 год для сістэмы адукацыі Воранаўскага раёна быў багаты на цікавыя, яркія падзеі. 2016-ы — Год культуры, год парламенцкіх выбараў, год 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, таму акцэнты ў выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце былі сарыентаваны менавіта па гэтых напрамках. Распрацаваны праграма выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2016—2020 гады, міжведамасны план “Культурная субота”, праводзіліся дэкады культуры паводзін, грамадска-патрыятычных спраў, рэспубліканская акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, дабрачынная акцыя “Анёл у тваім сэрцы” і іншыя. Запамінальнымі былі і выбары ў маладзёжны парламент. Яго дэпутатамі сталі Інеса Адзінец (Воранаўская сярэдняя школа) і Валерыя Учкуроніс (Радунская сярэдняя школа).
На базе Канвелішскага ВПК праведзена літаратурная сустрэча з супрацоўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, у прыватнасці яго старшынёй Л.Кебіч. Упершыню педагогі ВПК былі запрошаны на прэзентацыю інтэрактыўнага зборніка “У вянок Максіму”, прысвечаную 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, а таксама прынялі ўдзел у літаратурным вечары “Я хацеў бы спаткацца з вамі” і літаратурным свяце “Зорка Максіма”.
Значнай падзеяй у межах пагаднення, заключанага паміж Воранаўскім райвыканкамам і БДУ стала рэалізацыя праекта “Універсітэт — твой крок у будучыню”. Вельмі прыемна тое, што наш дзіцячы аздараўленчы летнік “Рамонак” стаў пераможцам Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Лепшая арганізацыя харчавання ў аздараўленчым лагеры “Здаровае харчаванне — здаровае дзіця”. Летась таксама пачата маштабная рэканструкцыя Воранаўскай сярэдняй школы за кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця.
— Якімі дасягненнямі вучняў і настаўнікаў папоўнілася педагагічная скарбонка Воранаўшчыны?
— Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Павысіліся вынікі выступлення навучэнцаў раёна на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды: на рахунку нашых выхаванцаў — 13 дыпломаў (у 2015 годзе — 10) і 5 грамат упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, што склала 46,4 працэнта выніковасці ад агульнай колькасці навучэнцаў (дзявятая пазіцыя ў вобласці).
На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды 2016 года з чатырох дыпломаў два дыпломы ІІ ступені ў Эдуарда Вільчэўскага з Забалацкага ВПК (настаўнік Ю.І.Вільчэўскі), Эдварда Сцефановіча з Воранаўскай сярэдняй школы (настаўніца Т.А.Пушнянкова), два дыпломы ІІІ ступені ў Святланы Хвядыніч і Соф’і Саковіч з Воранаўскай сярэдняй школы (настаўнікі І.В.Васількова і Г.А.Каско). Якасць выступлення склала 50 працэнтаў (2015 год — 75 працэнтаў). Раён уваходзіць у тройку лідараў сярод сельскіх рэгіёнаў.
Палепшылі вынікі мінулага года навучэнцы сярэдняй ступені адукацыі на абласной алімпіядзе — 10 прызавых месцаў (плюс 1), шостая пазіцыя ў вобласці.
Істотна палепшылася выніковасць удзелу на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ — 4 дыпломы: дыплом І ступені ва Уладзіслава Вайткуна з Радунскай гімназіі (настаўнік І.І.Фясенка), тры дыпломы ІІІ ступені ў Аляксандры Іванч і Кацярыны Машковай з Жырмунскай сярэдняй школы (настаўнікі А.І.Радыён і В.Ч.Квецень), Алёна Градоўская з Радунскай гімназіі (настаўнік І.І.Фясенка).
Была працягнута работа па матэрыяльнай падтрымцы таленавітых дзяцей. Па выніках алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў лепшыя навучэнцы раёна ўзнагароджваюцца граматамі, дыпломамі аддзела, каштоўнымі падарункамі, стыпендыямі абласнога фонду міру. Два навучэнцы ўзнагароджаны прэміяй аблвыканкама імя А.Дубко, шэсць — прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сем — стыпендыяй БДУ імя С.У.Абламейкі.
Прафесійнаму ўдасканаленню педагога і развіццю навучэнцаў садзейнічае інавацыйная дзейнасць. Тры гады назад толькі тры ўстановы рэалізоўвалі інавацыйныя праекты рэспубліканскага ўзроўню, у гэтым навучальным годзе — ужо 8 устаноў.
Нашы педагогі прымаюць удзел у конкурсах прафмайстэрства і дабіваюцца значных вынікаў. Так, першае месца на Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства “Крыштальнае зубраня” ў намінацыі “ІТ-тэхналогіі ў адукацыйным працэсе” (на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі) заняла настаўніца Воранаўскай сярэдняй школы Н.М.Матуйза. Першага месца на Рэспубліканскім этапе конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” удастоена настаўніца Беняконскай сярэдняй школы А.Р.Улевіч. Другое месца на абласным конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” заваявалі настаўнікі-дэфектолагі Беняконскай сярэдняй школы А.Я.Багдзевіч, Т.І.Гарбіна. Трэцяе месца ў намінацыі “Адкрытыя заняткі” на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных кадраў “Педагог года дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” заняла Н.А.Дайлідко (Воранаўскі ЦТДіМ).
— Павышэнню прафесійнага майстэрства педагогаў садзейнічаюць конкурсы прафесійнага майстэрства. А як праходзіць у раёне конкурс “Настаўнік года”?
— Узмацненню работы па падрыхтоўцы да конкурсаў прафмайстэрства садзейнічала арганізацыя раённага клуба педагогаў “Пошук”, у які ўвайшлі педагогі, якія ўжо прымалі ўдзел у папярэдніх конкурсах. Членамі клуба сумесна з РВМК праведзены арганізацыйнае пасяджэнне і два педагагічныя дэсанты па падрыхтоўцы да конкурсу. На базе Радунскай школы мастацтваў членамі клуба прадстаўлены асаблівасці падрыхтоўкі да майстар-класа і міні-ўрока на сцэне, на базе Радунскай сярэдняй школы прапрацаваны асаблівасці правядзення ўрока ў незнаёмым класе і публічнага выступлення.
У студзені 2016 года праведзены першы завочны тур раённага этапу конкурсу “Настаўнік года”. Аб папулярнасці конкурснага руху ў раёне сведчыць тое, што на першы тур падалі заяўкі 30 педагогаў.
— Ці дазваляе арганізацыя ў раёне профільнага навучання задаволіць адукацыйныя запыты навучэнцаў?
— Ахоп профільным навучаннем у 2016/2017 навучальным годзе склаў 63,8 працэнта. Колькасны склад профільных класаў і груп — 224 навучэнцы. 133 навучэнцы вучацца на базавым узроўні. У разрэзе прадметных галін найбольшая колькасць навучэнцаў ахоплена вывучэннем на павышаным узроўні беларускай мовы (44,2 працэнта), матэматыкі (24,6 працэнта), грамадазнаўства (23,7 працэнта), англійскай мовы (21,4 працэнта).
З 2016/2017 навучальнага года ў 5 установах (Воранаўская сярэдняя школа, Доцішская сярэдняя школа, Канвелішскі ВПК, Беняконская сярэдняя школа, Забалацкі ВПК) арганізаваны групы педагагічнай накіраванасці з увядзеннем факультатыўнага курса “Увядзенне ў педагагічную прафесію” (37 навучэнцаў), у Радунскай сярэдняй школе дзейнічае ваенна-патрыятычная група (7 навучэнцаў) з увядзеннем факультатыву “Абаронцы Айчыны”.
— Якія планы на новы каляндарны год?
— Мы добра разумеем, што ва ўмовах мадэрнізацыі сістэмы адукацыі неабходны выхад за межы ўласнай адукацыйнай прасторы. Толькі адкрытая адукацыйная сістэма забяспечвае вырашэнне цэлага комплексу адукацыйных, эканамічных і сацыяльных задач, дазваляе падрыхтаваць выпускнікоў да паўнацэннага жыцця ў свеце, які дынамічна развіваецца, выхаваць маладых людзей, якія ўмеюць будаваць камунікацыю з рознымі прадстаўнікамі соцыуму, самастойна папаўняць веды ў неабходнай галіне, аператыўна рэагаваць на выклікі часу.
Адметны мінулы год і актыўным уключэннем устаноў адукацыі раёна ў распрацоўку праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва. Аформлены 4 заяўкі, праведзена папярэдняе ўзгадненне з патэнцыяльнымі партнёрамі з Літвы і Польшчы. Спадзяёмся, што 2017-ы будзе годам рэалізацыі гэтых праектаў.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.