Вучыць іншых — вучыцца самому

- 7:43Людзі адукацыі

Першае, што можна сказаць пра намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сталічнай сярэдняй школы № 165, настаўніка-метадыста, нязменнага кіраўніка гарадской школы маладых настаўнікаў Ніну Дзмітрыеўну Хацян, — чалавек знаходзіцца і адчувае сябе ў прафесіі на сваім месцы. За плячыма 37 гадоў педагагічнага стажу, а вочы гараць такім жа маладым і прагным да ўсяго новага агнём, што глянеш — і сам натхняешся яе ідэямі і планамі.

Ніна Дзмітрыеўна — невыпадковы ў педагогіцы чалавек. Крыніца натхнення настаўніцы класічна бярэ пачатак з дзяцінства, з матулі, якая 45 гадоў аддавала вучням усю сваю душу і веды, выкладаючы ў школе хімію і біялогію. Прыклад маці стаў зыходным пунктам падчас выбару прафесіі. Наша гераіня хіба толькі крыху змяніла арыенцір — з хіміі і біялогіі (якія, трэба адзначыць, ведала ў школе выдатна) на выкладанне ў пачатковых класах. У 1975 годзе паступіла ў Гомельскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”, у 1985 годзе — у Беларускі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага на спецыяльнасць “Руская мова і літаратура”.

“Я заўсёды добра разумела: каб стаць майстрам педагагічнай працы, неабходны не толькі веды, але абавязкова добрая душа, чуйнае сэрца, любоў да дзяцей і нястрымнае жаданне прысвяціць ім усё сваё жыццё. Лічу, што мне гэта ўдалося. 37 гадоў я побач з дзецьмі — лепшай паловай чалавецтва. Не было ні адной сітуацыі ў жыцці, каб я пашка-давала, што калісьці вырашыла працягваць сямейную педагагічную дынастыю, і захацела падацца ў іншую прафесію. За сваю шматгадовую працу маю розныя ганаровыя ўзнагароды, але самая галоўная для мяне — гэта падзяка дзяцей і бацькоў. Гэта мая крыніца натхнення”.

Працавала настаўніцай пачатковых класаў, а пасля і намеснікам дырэктара ў іншых школах Мінска, у 2000 годзе прыйшла на гэтую ж пасаду ў сярэднюю школу № 165. Прымаючы ва ўвагу ўсе цяжкасці і клопаты адміністрацыйнай дзейнасці, ад выкладання ў пачатковых класах магла б адмовіцца. Нягледзячы на занятасць, Ніна Дзмітрыеўна выкладае ў 4 класе рускую літаратуру.

“Па-першае, раблю гэта, каб не страціць кваліфікацыю настаўніка. Як толькі ты перастаеш адчуваць сябе на месцы настаўніка, ты перастаеш добра разумець і падначалены калектыў, і вучняў. Па-другое, работа з дзецьмі прыносіць мне вялікае задавальненне, якое не параўнаць ні з чым”.

Педагагічнае крэда настаўніка-метадыста — “Навучаючы іншых, вучыцца самому”. Ужо амаль два дзясяткі гадоў на пасадзе намесніка дырэктара па пачатковых класах яна вядзе мэтанакіраваную работу па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці сваіх калег — педагогаў школы. Ніна Дзмітрыеўна вывучае перадавы вопыт і паспяхова развівае яго ва ўласнай школе. На працягу некалькіх гадоў Ніна Дзмітрыеўна выкарыстоўвала тэхналогію французскіх педмайстэрань. У 2001/2002 навучальным годзе за абагульненне вопыту работы па тэме “Стварэнне на ўсіх прыступках адукацыі ўмоў для здароўя і здаровага ладу жыцця школьнікаў” стала ўладальнікам гранта Мінгарвыканкама. Пад кіраўніцтвам Ніны Дзмітрыеўны на працягу пяці гадоў настаўнікі пачатковых класаў сярэдняй школы № 165 прымалі ўдзел у апрабаванні безадзнакавага навучання па прадметах “Выяўленчае мастацтва”, “Працоўнае навучанне”, “Музыка”, “Фізічная культура і здароўе”. Школа стала кансалтынгавым цэнтрам па аказанні адукацыйных паслуг. Тут рэгулярна праводзяцца семінары і майстар-класы для педагогаў раёна, горада, рэспублікі, таму што сама Ніна Дзмітрыеўна і яе калегі такім інструментарыем, як кантрольна-ацэначная дзейнасць, валодаюць выдатна. Намеснік дырэктара і настаўнікі школы праводзяць семінарскія заняткі для педагогаў у АПА, рэгіянальных ІРА.

Увесь час педагог узбагачае сваё прафесійнае майстэрства, займаецца самаадукацыяй. Яна ўваходзіла ў творчую групу па распрацоўцы электроннага дапаможніка па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. У 2013 годзе стала ўладальніцай прэміі Мінгарвыканкама за перамогу ў конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”, у 2014 годзе Ніна Дзмітрыеўна ўдасканаліла вопыт у ажыццяўленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці, распрацавала метадычны інструментарый. Ёй была прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Зараз Ніна Дзмітрыеўна актыўна ўкараняе ў сваёй школе сістэму актыўнай ацэнкі ў кантрольна-ацэначнай дзейнасці.

“Некалькі гадоў назад мне прапанавалі падзяліцца вопытам сваёй работы з маладымі калегамі. Так на базе нашай установы адукацыі зарадзілася гарадская школа маладога педагога пачатковых класаў. На занятках школы разбіраем з маладымі настаўнікамі не толькі ажыццяўленне кантрольна-ацэначнай дзенасці, але і правядзенне сучаснага ўрока, аналіз і самааналіз урока, дзелімся вопытам работы з бацькамі. Гэта тыя пытанні, якія зараз вельмі запатрабаваны маладымі настаўнікамі. Акрамя агульных заняткаў школы маладога настаўніка, актыўна праводжу індывідуальныя кансультацыі, у інтэрнэце размяшчаю для сваіх маладых выхаванцаў шмат відэаматэрыялаў, метадычных матэрыялаў”.

Ніна Дзмітрыеўна Хацян пераканана, што быць майстрам сваёй справы — гэта значыць пастаянна расці над сабой, умець разрульваць складаныя педагагічныя сітуацыі, дапамагаць калегам у іх нялёгкай працы, быць улюбёным у дзяцей чалавекам.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.