Прабіцца праз цемру

- 11:38Сацыяльны ракурс

Чалавек — істота сацыяльная: жыць без стасункаў ён не можа. Між тым задавальненне патрэбы ў зносінах для большасці з нас не з’яўляецца праблемай: з узростам кола сяброў і знаёмых натуральным чынам пашыраецца, і пытанне сацыялізацыі ўвогуле не стаіць на парадку дня. Але варта звыкламу ходу жыцця даць збой, і ўсё адразу мяняецца. Прычынай ізаляцыі часам можа стаць страта здароўя. У такім выпадку нават даросламу чалавеку вельмі складана ўсведамляць сваю адзіноту, што ўжо казаць пра дзяцей.
Нягледзячы на тое, што пытанню інтэграцыі інвалідаў у грамадства апошнім часам у нас ўдзяляецца нямала ўвагі — усюды ствараюцца ўмовы для выхавання, навучання і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з названай катэгорыі, магчымасць паўнацэнна стасавацца з равеснікамі маюць не ўсе з іх. Бацькі, не ведаючы шляхоў выпраўлення такой сітуацыі, паступова звыкаюцца з ёю, і думкі пра будучыню ўласнага дзіцяці становяцца для іх недазвольнай раскошай. Але самае прыкрае, што адначасова на задні план непрыкметна адыходзіць і простая ісціна — “выйсце ёсць заўсёды”. Як не забыцца пра яе і не апусціць рукі?..

Жыццё дае збой

Дашкольнае дзяцінства Алёшы мала чым адрознівалася ад жыцця яго равеснікаў: дзіцячы сад, гульні, радасць. Потым здарыўся “першы раз у першы клас” — такі ж, як і ў іншых, з адным істотным адрозненнем: менавіта тады хлопчыку давялося прайсці праз першы сур’ёзны іспыт — здароўем. Алёша перанёс аперацыю на галаўным мозгу і пэўны час, пакуль доўжылася рэабілітацыя, школу наведваць не мог, вучыўся дома.
Пасля другой аперацыі сітуацыя паўтарылася: зноў перапынак у навучанні, і зноў “школа прыходзіць дадому”. У гэтым нават былі свае перавагі: не трэба рана падымацца, каб паспець на першы ўрок; побач заўсёды матуля; на вуліцы можна гуляць і раніцай, а не толькі тады, калі “ўсе зробяць урокі”. Пра такое жыццё, напэўна, марыць кожнае дзіця. Але Алёша неўзабаве пачаў страчваць зрок, і пра навучанне дома ўжо не магло ісці ніякай гаворкі.
У 5 клас ён пайшоў у спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку, якая знаходзіцца ў суседнім горадзе. Аднак праз два гады бацькі мусілі забраць дзіця адтуль.
фота з сайта citytyumen.ru— Было вельмі няпроста, — расказвае Галіна, маці хлопчыка. — У класе, куды трапіў Алёша, частка дзяцей была відушчая, астатнія ўжо валодалі навыкамі пісьма і чытання па Брайлі (шрыфт Брайля — рэльефна-кропкавы тактыльны шрыфт, прызначаны для пісьма і чытання невідушчымі людзьмі. — Заўв. аўт.). Алёшу цяжка было адначасова вучыцца і асвойваць сістэму Брайля, паспяховасць яго адразу знізілася. Акрамя таго, не складваліся адносіны з равеснікамі, суседзямі па пакоі. І як толькі Алёша пачынаў хвалявацца, у яго адразу “падскоквала” тэмпература (па прычыне спадарожных эндакрынных парушэнняў), збіць якую медыцынскім работнікам інтэрната не ўдавалася. Паўтаралася гэта даволі часта, і я забірала сына дамоў. Былі таксама дадатковыя абследаванні, аперацыі…
Вучоба з працяглымі перапынкамі не ішла на карысць дзіцяці. І ў выніку сям’я прыняла рашэнне ўвогуле забраць Алёшу з інтэрната.
— Самым важным на той момант для мяне было здароўе сына і яго псіхалагічны стан, — гаворыць Галіна. — Бачыць слёзы ў вачах дзіцяці на працягу двух гадоў стала ўжо немагчыма.
Вырашана — зроблена, вось толькі што рабіць далей, было не зусім зразумела. Прычым не толькі маці хлопчыка.
У аддзеле адукацыі, напрыклад, куды Галіна прынесла дакументы пасля вяртання Алёшы са школы-інтэрната, здзіўлена запыталіся: “І як жа вы цяпер будзеце вучыцца?!” У раённым цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі жанчыне адказалі, што тыфлапедагога, які мог бы значна дапамагчы Алёшу ў далейшым навучанні, няма. А паколькі хлопчык не мае адхіленняў у псіхафізічным развіцці, то вучыцца ён можа па скарочанай праграме агульнаадукацыйнай школы, і варыянт навучання дома таксама магчымы. Такі варыянт і выбрала сям’я Алёшы, і ў 7 клас хлопчык пайшоў у сярэднюю школу № 1 Смаргоні — туды, адкуль і пачыналася яго школьнае жыццё. Праўда, наведваць установу сам Алёша ўжо не мог. Ён і па сёння сустракае настаўнікаў у сябе дома.

Невідушчы — значыць нябачны?

Усё было б добра, калі б не адно “але”. Справа ў тым, што трапіў хлопчык не ў той клас, у якім пачынаў вучыцца ў шасцігадовым узросце, і дзеці там былі амаль усе незнаёмыя. Зрэшты, паколькі магчымасці сустракацца з імі ў сценах школы Алёша ўсё роўна не меў, згаданы факт спачатку не падаваўся вельмі значным. Галоўнае — веды. Школьныя педагогі штодзень прыходзяць да хлопчыка і праводзяць заняткі. Ці складана ім працаваць з невідушчым дзіцем? Нават і пытацца не трэба! Але ў разы складаней самому Алёшу — засвойваць веды амаль што па ўсіх прадметах на слых задача не з простых. Формулы па матэматыцы, фізіцы і хіміі хлопчык сёння малюе (менавіта малюе, а не піша!) ярка-чорным фламастарам на ярка-белым аркушы паперы, трымаючы ліст вельмі блізка перад вачыма.
— Мы ўстанавілі на камп’ютар адмысловую праграму для невідушчых людзей, дзякуючы чаму Алёша можа выконваць практыкаванні па рускай мове, а педагог — правяраць іх, — заўважае маці хлопчыка. — Рускую мову і літаратуру ў нас выкладае цудоўная настаўніца Тэрэса Міхайлаўна Сташко. Дзякуй ёй за цярпенне! Таксама хачу падзякаваць настаўніцы матэматыкі Веры Міхайлаўне Яўпловай за яе выдатнае ўменне тлумачыць прадмет сапраўды любому вучню. Мы пераконваемся ў гэтым з дня ў дзень.
Між тым такое напружанне ніяк не спрыяе здароўю падлетка. А апошнім часам абвастрылася яшчэ адно праблемнае пытанне — адсутнасць зносін з равеснікамі. Галіна прызнаецца, што сёння для іх сям’і гэта з’яўляецца праблемай нумар 1, хаця, паводле яе слоў, менавіта сёлета сітуацыя крыху зрушылася ў станоўчы бок: у бягучым навучальным годзе ў 9 “В” клас прыйшоў новы класны кіраўнік.
Расціслаў Сцяпанавіч Счасны, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, даведаўшыся пра тое, што ў класе ёсць вучань, які навучаецца дома, адразу сабраў дзяцей і накіраваўся з імі ў госці да Алёшы. Шчыра кажучы, гэты візіт стаў неспадзяванкай для сям’і хлопчыка, але прыемнай неспадзяванкай. Дзеці пазнаёміліся, пагутарылі і з таго часу пачалі перыядычна наведваць аднакласніка. Новы год, Каляды, дзень нараджэння, іншыя святы… Падарункі, пачастункі…
— Для мяне гэта натуральны момант у педагагічнай рабоце: не толькі даць веды вучням, але і навучыць іх сябраваць, бачыць адно аднаго, — адзначае Расціслаў Сцяпанавіч. — Алёша за гэтыя дзесяць месяцаў прыкметна змяніўся — у яго ўсмешка на твары з’явілася. Дзеці ведаюць, што ён чакае нас з нецярпеннем, і для іх візіты таксама сталі патрэбай. Гэта не акцыя дабрачыннасці, як можа падацца на першы погляд.
Першы крок да сацыялізацыі хлопчыка, такім чынам, ужо зроблены, хоць да трывалага сяброўства тут яшчэ далёка. Аднак што далей?

Каб склаліся ўсе пазлы

Сёння Галіна не ўяўляе, што чакае яе сына праз два гады, калі ён закончыць 11 класаў. “Ці зможа ён атрымаць якую спецыяльнасць і ўладкавацца на работу?” — пытанне, якое не дае спакою ні ўдзень, ні ноччу. Маці падлетка разумее, што веды хлопчык засвойвае зусім не на тым узроўні, на якім мог бы.
— Але што рабіць? Хто падкажа выйсце? — разгублена пытаецца яна.
І вось тут, узяўшы на аснову слова “падказка”, хочацца паразважаць. Безумоўна, у адказе за нашых дзяцей у першую чаргу мы — бацькі. І ніхто, акрамя нас, не павінен думаць пра іх праблемы. Заўважыць, усвядоміць і пачаць змагацца з цяжкасцямі — наша задача, а вось падказаць, як пераадольваць перашкоды, — задача спецыялістаў. Часам дапамога дзіцяці пачынаецца з дапамогі менавіта бацькам, якія многага проста не ведаюць і маюць патрэбу ў той самай падказцы, а часам і ў перакананні.
— Калі б маім бацькам у свой час людзі не падказвалі, што рабіць, маё жыццё магло б быць зусім іншым, — заўважае Марына Цішэвіч, якая, нягледзячы на слепату, змагла атрымаць вышэйшую адукацыю і зараз працуе педагогам-дэфектолагам у адной з сярэдніх школ Лагойска. (Яе гісторыю можна прачытаць у № 159 “Настаўніцкай газеты” ад 29.12.11. — Заўв.аўт.) — Я не па чутках ведаю, што адчувае чалавек, калі “выпадае” са звыклага кола зносін: страчваючы магчымасць бачыць, ён сам нібыта становіцца нябачным. І калі ён не будзе заяўляць пра сябе, пра яго паступова забудуць…
Галіна не мае прэтэнзій ні да каго, радуецца таму, што ёсць. Напэўна, яна таксама атрымлівала падказкі звонку (гутарыла ж яна са спецыялістамі!), толькі яны, відавочна, былі настолькі няўцямнымі, што не дазволілі ёй выразна ўявіць сітуацыю і выпрацаваць дакладны алгарытм дзеянняў. У ЦКРНіР, куды яна звярнулася пасля вяртання Алёшы са школы-інтэрната, думаючы, што яму паказана спецыяльная адукацыя, прапанавалі “прыходзіць па дапамогу пры неабходнасці”. Пры якой неабходнасці, у якіх выпадках, маці хлопчыка так і не зразумела.
Адміністрацыя сярэдняй школы пацвердзіла, што Алёша, паколькі з’яўляецца інвалідам дзяцінства 4 ступені страты здароўя, мае права навучацца дома. Пра тое, якімі складанасцямі будзе суправаджацца такое навучанне — без дапамогі тыфлапедагога, без літаратуры і падручнікаў па Брайлі — ніхто асабліва таксама не расказаў. А ўрачы і наогул маўчалі…
Сёння Алёша выходзіць з дому толькі ў суправаджэнні дарослых. Адзінае яго акружэнне — сям’я і, канечне, аднакласнікі, якія раз у месяц прыходзяць у госці. Ёсць яшчэ некалькі знаёмых, з якімі хлопчык пасябраваў падчас вучобы ў школе-інтэрнаце, але зносіны з імі — толькі па тэлефоне. Так, Алёша сёння можа толькі слухаць — музыку, тэлевізар, галасы педагогаў і бабулі, якая чытае кнігі… І жыццё ён успрымае цяпер толькі “на слых”. Забываецца ўжо і шрыфт Брайля…
Складана. Вельмі складана. Аднак выйсце ёсць заўсёды. Галоўнае — прыняць сітуацыю і пачаць дзейнічаць, зыходзячы з яе. Не думаць пра тое, “як бы магло быць, калі б…”, а ацаніць абстаноўку, паразважаць і прыняць важнае рашэнне — зрабіць выбар на карысць дзіцяці, пакінуўшы ўбаку бацькоўскае шкадаванне.
Падчас напісання гэтага матэрыялу мы ў сваю чаргу звярнуліся за кансультацыяй да многіх спецыялістаў, і ўсе яны рабілі аднолькавую выснову: найлепшым варыянтам для Алёшы будзе спецыяльная школа-інтэрнат.
— Безумоўна, выбар месца для навучання дзіцяці застаецца за бацькамі, — сказала, у прыватнасці, кансультант аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ларыса Аляксандраўна Новікава. — Аднак у гэтай сітуацыі якаснае навучанне хлопчык атрымае толькі ў спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку. Пасля заканчэння гэтай установы, калі веды будуць на дастатковым узроўні, дзіця зможа паступіць і ва ўніверсітэт, дзе яму, згодна з правіламі прыёму, створаць усе належныя ўмовы для іспытаў. Для яго будуць адкрыты дзверы і іншых устаноў рознага ўзроўню адукацыі, дзе ён набудзе спецыяльнасць (прафесію) на аснове паўнавартасных ведаў.
Так, вырашаць давядзецца бацькам. І якім бы ні было іх рашэнне, трэба памятаць: чалавек не можа дакладна пралічыць свае крокі на некалькі гадоў наперад, аднак вядома, што самае прыкрае для бацькоў не шкадаванне аб тым, што яны не змаглі даць сваім дзецям, а аб тым, што маглі, але не далі. Магчыма, другая спроба навучання ў школе-інтэрнаце будзе для Алёшы больш удалай за першую, і ён сам зразумее, што прабіцца праз цемру магчыма. І ніколі не позна.

Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.

liatkouskaya@ng-press.by