Абаронцам Айчыны прысвячаецца

- 17:21Нам пішуць

Ідуць гады, змяняюцца пакаленні, але традыцыя прысвячаць люты патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў засталася ў нашай установе адукацыі нязменнай. Гэты год не выключэнне.

Месячнік (сёлета прайшоў пад дэвізам “Абаронцам Айчыны прысвячаецца”) адкрыўся зборам піянерскай дружыны “Пунсовыя ветразі” і быў прысвечаны Дню юнага героя-антыфашыста. 15 лютага кіраўнік школьнага музея баявой славы А.М.Кліменка правяла ў музеі гадзіну памяці “Жывая памяць — Афганістан”. У гэты дзень была ўшанавана памяць загінуўшага ў Афганістане Міхаіла Масціцкага, ускладзены кветкі на яго магілу ў вёсцы Ацмінава Навагрудскага раёна.

Традыцыйна ў рамках месячніка вучні наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Сямёнавіча Дударэвіча, Яўгена Уладзіміравіча Валенцюкевіча, павіншавалі іх са святам, уручылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Напярэдадні 23 лютага нашу ўстанову наведалі выпускнікі, курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ваенна-медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Яны пагутарылі з вучнямі 9—11 класаў на тэму “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць”. Яны ж і ўзначалілі каманду суддзяў на спаборніцтвах па дапрызыўнай падрыхтоўцы “Абаронцы Айчыны”.


Заўсёды вельмі цікава праходзіць “Турнір адважных” сярод юнакоў старшых класаў. Асабліва захапляльнай у гэтым годзе была гульня-конкурс “Баскетбол у процівагазах”. Кульмінацыяй месячніка стаў фестываль інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні “Кто сказал, что надо бросить песню на войне”.

Спадзяёмся, месячнік прайшоў не дарэмна, а хваляванні, перажыванні падчас выступленняў, конкурсаў, наведвання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і гадзіны памяці ў музеі пакінулі ў сэрцах вучняў часцінкі дабрыні, удзячнасці, павагі, гонару за свой народ і яго мінулае. Упэўнены, вучні нашай установы стануць надзейнымі абаронцамі Айчыны.

Тамара МАЦКЕВІЧ,
педагог-арганізатар Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.