Семінар-практыкум для педагогаў
Семінар праводзіцца з мэтай прадухілення выпадкаў здзяйснення суіцыдальных спроб непаўналетнімі.
Мы выбіраем жыццё, яны — смерць.
Мы пішам пісьмы, яны — перадсмяротныя запіскі.
Мы будуем планы на будучыню, у іх няма будучыні.
Здаецца, што мы і яны — з розных светаў.
Але якая вялікая прорва паміж намі, тымі, хто чытае гэтыя радкі, і тымі, хто адважыўся на самагубства? Як моцна трэба змяніцца чалавеку, каб зрабіць гэты крок? Усяго толькі крок. Яны не былі народжаны самазабойцамі, але памерлі з гэтым кляймом. Яны працягваюць паміраць…
Праблема суіцыдальных паводзін традыцыйна прыцягвае ўвагу грамадства і даследчыкаў. У грамадскай свядомасці самагубства належыць да тых складаных з’яў жыцця, да якіх адносяцца дваіста. З аднаго боку, чалавек, які пакончыў з сабою, выклікае жаль і спачуванне. З другога — сам факт суіцыду асуджаецца як грэх і нават злачынства.
“Не трэба ратаваць усё чалавецтва. Імкніцеся выратаваць хаця б адну чалавечую душу”. Гэтыя словы кандыдата педагагічных навук прафесара Юрыя Азарава з’яўляюцца інструкцыяй да дзейнасці педагогаў, накіраванай на прафілактыку суіцыдальных з’яў сярод навучэнцаў.
Кожнаму з нас прырода падарыла вельмі каштоўны дар — жыццё. Мы рэдка над гэтым задумваемся. Дзень за днём, за гадзінай гадзіна. А радасць і адчуванне паўнаты жыцця мы звычайна звязваем са знешнімі праяўленнямі і акалічнасцямі. Зараз я папрашу вас пасярэдзіне лістка намаляваць круг і напісаць у ім фразу “Жыць не хочацца”. (Вядучы піша на дошцы.) Але гэта яшчэ не ўсё! Назавіце словы, якія могуць асацыіравацца з гэтай фразай (гора, крыўда, злосць, смерць і г.д.).
А цяпер паспрабуйце ўявіць розныя прычыны, калі падлетку не хочацца жыць. Запішыце сітуацыі і абвядзіце іх, надайце ім форму, напрыклад, воблака. Хто хоча прачытаць? (Вядучы можа запісваць на дошцы. Ідзе абмеркаванне.)
Практыкаванне “Прастора зносін”
Інструкцыя: павярніцеся, калі ласка, адно да аднаго спінай і пачніце размову, як звычайна вы маеце зносіны з вучнем. Потым падзяліцеся пачуццямі пра тое, ці атрымалася прадукцыйнай размова. Каб зносіны атрымаліся змястоўнымі, каб забяспечыць дзіцяці пачуццё псіхалагічнай абароненасці, пачуццё даверу да свету, трэба ўзаемадзейнічаць з вучнем не “побач” і не “над”, а разам. Вельмі важнымі з’яўляюцца безумоўныя, станоўчыя адносіны да дзіцяці.
Практыкаванне “Аўтобусныя прыпынкі”
Удзельнікі дзеляцца на тры каманды, гаворачы фразу “Я выбіраю жыццё”. Першая група — “Я” — атрымлівае плакат “Прычыны суіцыдаў сярод падлеткаў”, другая група — “Выбіраю” — плакат “Прыметы самагубства, якое рыхтуецца”, трэцяя група — “Жыццё” — “Сродкі вырашэння праблем падлеткавых суіцыдаў”. Пачаўшы запаўняць свае плакаты, па воплеску трэнера групы перамяшчаюцца да наступнага плаката і працягваюць работу папярэдняй групы, дапаўняючы яе адказ.
Пасля запаўнення плакатаў ідзе абмеркаванне разам з псіхолагам. Трэцяя група сваю работу прадстаўляе ў канцы семінара.
Лекцыя ў дапаўненне сказанага настаўнікамі
Суіцыд — выключна чалавечы акт. Людзі, якія здзяйсняюць суіцыд, звычайна пакутуюць ад моцнага душэўнага болю і знаходзяцца ў стане стрэсу, а таксама адчуваюць немагчымасць справіцца са сваімі праблемамі. Яны часта маю ць псіхічныя хваробы, эмацыянальныя парушэнні, асабліва дэпрэсіі, і глядзяць у будучыню без надзеі.
- Слоўныя прыметы
Чалавек, які рыхтуецца здзейсніць самагубства, часта гаворыць пра свой душэўны стан. Ён ці яна можа:
— адкрыта і яўна гаварыць пра смерць: “Я збіраюся пакончыць з сабою”; “Я не магу так далей жыць”;
— ускосна намякаць пра свой намер: “Я больш не буду ні для каго праблемай”; “Табе больш не прыйдзецца за мяне хвалявацца”;
— многа жартаваць на тэму самагубства;
— праяўляць нездаровую зацікаўленасць пытаннямі смерці.
- Паводзінскія прыметы
— раздаваць рэчы, якія маюць вялікую асабістую значнасць, канчаткова прыводзіць у парадак справы, мірыцца з даўнімі ворагамі;
— дэманстраваць радыкальныя змены ў паводзінах: есці вельмі мала або вельмі многа; спаць вельмі мала або вельмі многа; стаць неахайным; прапускаць заняткі, не выконваць дамашнія заданні, пазбягаць зносін з аднакласнікамі; праяўляць зласлівасць, панурасць; знаходзіцца ў прыгнечаным настроі; замкнуцца ад сям’і і сяброў; быць празмерна актыўным або, наадварот, абыякавым да навакольнага свету; адчуваць папераменна то раптоўную эйфарыю, то прыступы адчаю;
— праяўляць прыметы бездапаможнасці, безнадзейнасці і адчаю.
- Сітуацыйныя прыметы
Чалавек можа адважыцца на самагубства, калі:
— сацыяльна ізаляваны (не мае сяброў або мае толькі аднаго сябра), адчувае сябе прыгнечаным;
— жыве ў нестабільным асяроддзі (сур’ёзны крызіс у сям’і — у адносінах з бацькамі або бацькоў адно з адным; алкагалізм — асабістая або сямейная праблема);
— адчувае сябе ахвярай насілля — фізічнага, сексуальнага або эмацыянальнага;
— рабіў раней спробы суіцыду;
— перанёс цяжкую страту (смер ць некага з блізкіх, развод бацькоў);
— вельмі крытычна настроены ў дачыненні да сябе.
Прычыны і матывы суіцыду ў падлеткаў
Адной з галоўных прычын суіцыдальных паводзін называюць школьныя канфлікты. У стане афекту падлетак вельмі імпульсіўны і агрэсіўны, часта ён можа прыняць імгненнае рашэнне як выхад з канфліктнай сітуацыі.
Давайце разгледзім перадумовы, якія вядуць да ўзнікнення праблемы, якая нас цікавіць.
- Сацыяльная апатыя
Незацікаўленасць грамадства ў асобе вядзе да расчаравання асобы ў грамадстве. Асоба адчувае сябе непатрэбнай і незапатрабаванай.
- Зніжэнне каштоўнасці чалавечага жыцця
Натуральна, чым больш альтруізму ў грамадстве, тым больш запатрабаваным адчувае сябе чалавек. Калі ж узровень яго суб’ектыўнай самаацэнкі вышэйшы за тое, што можа прапанаваць яму соцыум, з’яўляецца жаданне змяніць яго (соцыум). З прычыны адсутнасці такой магчымасці застаецца выхад у самаразбурэнне.
- Адсутнасць духоўнага сэнсу існавання і перспектыў стымулявання творчай і вітальнай (жыццёвай) актыўнасці
Злоўжыванне алкаголем і суіцыдальныя паводзіны маюць агульную крыніцу — незапатрабаванасць асобасных патэнцый чалавека, адчуванне ўласнай нежыццяздольнасці, непатрэбнасці.
Практыкаванне “Нашы эмоцыі — нашы ўчынкі”
Настаўнікам прапануецца працягнуць сказ з пазіцыі падлетка:
“Я засмучаюся, калі…”;
“Я злуюся, калі…”;
“Мне дрэнна, калі…”;
“Радуюся, калі…”;
“Я спакойны, калі…”;
“Мне добра, калі…”.
Як толькі гэтая частка будзе скончана, настаўнікам прапануецца працягнуць сказы далей: “…і тады я раблю…”. Пры аналізе выказванняў, знаходзіцца залежнасць учынкаў ад эмацыянальнага стану.
Заданне групам: з прапанаванага слоўнага апісання асобаснай характарыстыкі падлетка вызначыць прыметы, якія выклікаюць трывогу ў педагогаў па групе суіцыдальнай рызыкі. Прапануйце магчымыя дзеянні педагога.
Група № 1
Навучэнец 9 класа А. не выклікае трывогі ў класнага кіраўніка: вучыцца ў меру сваіх магчымасцей, паспявае па ўсіх прадметах. Дысцыпліну ў школе не парушае. Адносіны з аднакласнікамі роўныя, блізкіх сяброў у школе няма. Часам у размове выяўляецца незадаволенасць падлетка ў даверлівых адносінах з бацькамі, нараканне на недахоп увагі і клопату з іх боку. Хлопчык хваравіты, ёсць хранічныя саматычныя захворванні. Вольны час часцей за ўсё бавіць за камп’ютарам. Бацькі не ведаюць, якім гульням аддае перавагу падлетак, якія сайты наведвае. А. не ведае, чым будзе займацца ў будучыні, прафесійных пераваг не мае. Не можа растлумачыць і не разумее каштоўнасці жыцця.
Група № 2
Навучэнка 11 класа К. жыве і выхоўваецца ў поўнай, матэрыяльна забяспечанай сям’і. Бацька характарызуецца аўтарытарнасцю, яго слова ў сям’і — закон. Строга сочыць за дачкой: адзнакі ў школе, наведванне школы замежных моў, падрыхтоўка дамашняга задання, дапамога маці па гаспадарцы — усё па раскладзе. Пры самым малым парушэнні дзяўчына чуе папрок: “Ты дрэнная дачка, з цябе не атрымаецца добрага чалавека”. У калектыве равеснікаў К. аўтарытэту не мае, таму што не ўдзельнічае ў калектыўных справах, не наведвае мерапрыемствы (тата не дазваляе). Дзяўчына часта адчувае страх пакарання або ганьбы.
Група № 3
В. заўсёды вызначаўся дрэннымі паводзінамі ў школе, апошні час яшчэ больш скаргаў: курыць у туалеце, грубіяніць настаўнікам, прагульвае ўрокі. Зараз вучыцца ў 8 класе. На думку самога падлетка, педагогі ставяць яму “двойкі” не за веды, а за паводзіны, з асабістага непрымання падлетка. З многімі настаўнікам працяглыя канфлікты, таму што падлетак не саромеецца паправіць настаўніка, паказаць на фактычную памылку. Падлетка характарызуе высокі інтэлект. Выхоўваецца адной маці, якая працуе па зменах. Бацька год назад пайшоў з сям’і і выкрасліў сына са свайго жыцця.
Група № 4
Р. (9 клас) заўсёды была актывісткай у класе. Некаторы час назад класны кіраўнік заўважыла змены ў паводзінах дзяўчынкі. Яна змяніла знешні выгляд (цёмнае адзенне, цёмны макіяж, нядбайнасць), перастала мець зносіны з многімі аднакласнікамі. З’явіліся новыя сябры, якія не дапускаюць у сваю кампанію пабочных людзей. У парыве адкрыцця расказала ранейшым сяброўкам пра свайго куміра, які “вельмі прыгожа скончыў зямное жыццё — вылецеў з акна, быццам птушка”…
Практыкаванне “Непасрэднасць”
Для правядзення гэтага практыкавання ўдзельнікам семінара раздаюць лісты паперы (па адным кожнаму). Кожны ўдзельнік павінен выканаць практыкаванне самастойна, не гледзячы на суседзяў.
Далей даецца інструкцыя:
- Згарніце ліст паперы папалам.
- Адарвіце правы верхні вугал.
- Згарніце ліст паперы яшчэ раз папалам.
- Адарвіце левы ніжні вугал.
- Згарніце ліст паперы яшчэ раз папалам.
- Адарвіце правы ніжні вугал.
- Разгарніце ліст, паглядзіце, што ў вас атрымалася.
Ва ўсіх атрымаўся розны вынік, хаця ўсім зачытвалася аднолькавае заданне. Чаму так атрымалася? (Адказы настаўнікаў.) Паглядзіце, як па-рознаму мы ўспрымаем адну і тую ж інфармацыю. І вызначыць зараз, хто зрабіў правільна, а хто — не, складана. Так і ў жыцці. Мы самі вызначаем свой шлях. Кожны падлетак — гэта індывідуальнасць. І ад нас у многім залежыць, які лад жыцця ён выбера, ці навучыцца спраўляцца з цяжкасцямі.
Трэцяя група — “Жыццё” — прадстаўляе “Сродкі вырашэння праблем падлеткавых суіцыдаў”.
Дапаўненне псіхолага
Калі заўважана схільнасць школьніка да самагубства, наступныя парады дапамогуць змяніць сітуацыю:
- Уважліва выслухайце падлетка, які адважыўся на самагубства. У стане душэўнага крызісу любому з нас неабходны хто-небудзь, хто гатовы нас выслухаць. Прыкладзіце ўсе намаганні, каб зразумець праблему, схаваную за словамі.
- Ацаніце сур’ёзнасць намераў і пачуццяў дзіцяці. Калі ён ці яна маюць канкрэтны план самагубства, сітуацыя вострая, чым калі гэтыя планы расплывістыя і няпэўныя.
- Ацаніце глыбіню эмацыянальнага крызісу. Падлетак можа адчуваць сур’ёзныя цяжкасці, але пры гэтым не думаць пра самагубства. Часта чалавек, які нядаўна знаходзіўся ў стане дэпрэсіі, раптам пачынае бурную, няспынную дзейнасць. Такія паводзіны могуць служыць падставай для трывогі.
- Уважліва адносьцеся да ўсіх (нават самых нязначных) крыўд і скаргаў. Звяртайце ўвагу на ўсё са сказанага. Дзіця можа і не даваць волю пачуццям, хаваючы свае праблемы, але ў той жа час знаходзіцца ў стане глыбокай дэпрэсіі.
- Не бойцеся адкрыта спытаць, ці не думае яно пра самагубства. Вопыт паказвае, што такое пытанне рэдка робіць шкоду. Часта падлетак бывае рады магчымасці адкрыта выказаць свае праблемы.
***
Вернемся да пачатку нашых заняткаў. Такім чынам, “Жыць не хочацца”, закрэслім часціцу “не” (калі на дошцы, то можна “не” сцерці) і знойдзем тыя прычыны, з-за якіх падлетку хочацца жыць. Паверце, іх намнога больш. Ад нашага круга намалюем многа ліній-промняў, на якіх напішам аргументы на карысць чалавечага жыцця.
Святая навука — пачуць адно аднаго…
Не толькі пачуць, але і зразумець, дапамагчы. Калі зрабіць гэта своечасова, то колькі жыццяў дзяцей і падлеткаў мы зможам захаваць! У нашых руках магчымасць стварыць у школе такую атмасферу, у якой дзеці будуць адчуваць сябе як дома.
Вольга ГУДЗЕНЬ,
педагог-псіхолаг гімназіі Шчучына.