Жанчына з караблём

- 12:32Людзі адукацыі

Стэрэатыпы, стэрэатыпы… Узяць для прыкладу лобзік, нажоўку, дрыль, малаток. Лічыцца, што натуральна і гарманічна яны глядзяцца толькі ў мужчынскіх руках. Цяпер яшчэ адзін стэрэатып: стварэнне з дапамогай гэтых інструментаў стэндавых мадэлей караблёў — тыпова мужчынская справа. Чаму ўзнікаюць стэрэатыпы? Навошта? Каб іх разбуралі? Калі так, то паспяхова гэтай справай на працягу ўжо 16 гадоў займаецца педагог дадатковай адукацыі Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Святлана Рыгораўна Сліва.

Калі знаёмішся ў кабінеце аб’яднання па інтарэсах “Стэндавы мадэлізм” з работамі выхаванцаў Святланы Рыгораўны (а гэта драўляная флатылія ў некалькі дзясяткаў мініяцюрных паруснікаў), разглядваеш, з якой дакладнасцю з дапамогай лобзіка, нажоўкі, дрылі, малатка створаны маленькія дэталі кшталту штурвалаў і якараў, пачынаеш разумець, што стэндавы суднамадэлізм — справа хутчэй жаночая, чым мужчынская. Толькі элегантныя жаночыя рукі могуць з лёгкасцю ствараць такі цуд. Стэндавы суднамадэлізм — універсальнае хобі. Ён і для жанчын, і для мужчын, ён не ведае не толькі гендарных, але і ўзроставых абмежаванняў.

У гуртку “Стэндавы мадэлізм” Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі сёння займаюцца 7 дзяўчынак і 5 хлопчыкаў. І кожны з іх ужо стварыў сваю маленькую флатылію. Калі ў сярэднім на стварэнне стэндавай мадэлі карабля патрабуецца навучальны год, то за час заняткаў у гуртку з 4 па 11 клас дзеці ствараюць да дзесяці караблёў. Прычым ствараюць пры непасрэднай дапамозе Святланы Рыгораўны. Адзін вучань — 10 макетаў, 12 вучняў — 120. Сюды трэба дадаць яшчэ макеты, створаныя сынамі Святланы Рыгораўны Андрэем і Рыгорам (дарэчы, некалькі гадоў назад Рыгор падарыў прэзідэнту краіны макет створанага ўласнымі рукамі карабля, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі). Няцяжка падлічыць, што на працягу 16 гадоў Святлана Рыгораўна камандуе флатыліяй колькасцю некалькі соцень караблёў.

У адрозненне ад удзельнікаў гуртка “Стэндавы мадэлізм”, шлях Святланы Рыгораўны ў свет тэхнічнай творчасці пачаўся ў сталым узросце. Пасля заканчэння ў 1998 годзе Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці “Агульнатэхнічныя дысцыпліны і фізіка” наша гераіня 10 гадоў працавала ў дзіцячым садзе. У сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі яна з 2001 года, з 2007 працуе ў Мазырскім цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Захапленне стэндавым мадэлізмам узнікла выпадкова, пасля наведвання адной з выстаў. Мініяцюрныя караблі з мініяцюрнымі шлюпкамі, якарамі, штурваламі, гарматамі настолькі захапілі педагога, што яна ў той жа вечар кніга за кнігай, сайт за сайтам пачала знаёміцца з чароўным светам тэхнічнай творчасці. Пачаўся доўгі, але цікавы працэс саманавучання — самы эфектыўны працэс набыцця пэўных уменняў і навыкаў. “Хобі, за якое ты атрымліваеш грошы, — гэта і ёсць часцінка простага чалавечага шчасця”, — падзялілася Святлана Рыгораўна.

А яшчэ шчасцем для педагога з’яўляецца поспех яе выхаванцаў як у прафесійным, так і асабістым жыцці. Многія навучэнцы гуртка “Стэндавы мадэлізм” паступілі ў ВНУ і паспяхова асвойваюць тэхнічныя спецыяльнасці, працягваюць перамагаць на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, выставах тэхнічнай творчасці. Традыцыі такіх перамог закладзены пад кіраўніцтвам Святланы Рыгораўны. Кожны год мазырскія школьнікі, якія захапляюцца стэндавым мадэлізмам, годна прадстаўляюць Мазырскі цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Толькі ў гэтым навучальным годзе Кацярына Пячэрская заняла на раённым этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў першае месца, а на абласным этапе — другое, а вось на раённай выставе тэхнічнай творчасці навучэнцаў Іван Занкевіч, Марына Санец, Настасся Багданік занялі першае месца.

— Кожны год мы з дзецьмі ўдасканальваем майстэрства, асвойваем новыя тэхналогіі стварэння стэндавых мадэлей. Цяпер пачынаем ствараць паруснікі ў бутэльках. Гэта даволі цікавая, але вельмі карпатлівая справа, якая асабліва фарміруе ў дзяцей уседлівасць. Чарцяжы звычайна бяром у інтэрнэце, аднак часта іх перапрацоўваем, уносім змяненні, каб нашы караблі былі ўнікальнымі, — падзялілася Святлана Рыгораўна.
Гавораць, што жанчына на караблі… Другую частку гэтага знакамітага выслоўя мы ўсе цудоўна ведаем. Як усе мы цудоўна ведаем, што гэта няпраўда. Жанчына на караблі глядзіцца гэтак жа элегантна і рамантычна, як і жанчына з караблём, асабліва калі гэтую жанчыну з караблём акружаюць яе выхаванцы са сваімі маленькімі паруснікамі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.