У гасцях у вясёлкі

- 16:00Нам пішуць

“Сонца, радасць і мара — неразлучныя ніколі!” — з такім дэвізам вучні сярэдняй школы № 3 Ашмян правялі вясновыя канікулы ў лагеры “У гасцях у вясёлкі”. Чаму ў вясёлкі? Таму што дзеці сталі неразлучнымі і дружнымі, як колеры гэтай прыроднай з’явы. Кожны дзень у лагеры адпавядаў пэўнаму колеру вясёлкі, і дзеці імкнуліся падабраць вопратку адпаведнага колеру.

Першы дзень змены называўся “Паляна чырваней-ка”, дзе дзеці знаёміліся адно з адным, стваралі ўтульнасць на сваіх палянках. Школьнікі “Ягаднай паляны” ўпрыгожвалі свой куток намаляванымі яркімі ягадамі, а дзеці “Кветкавай паляны” ляпілі і рабілі аплікацыі кветак. Сімвалам адкрыцця лагера стала кветачка-вясёлка. Зрываючы пялёстак кветкі, дзеці выконвалі творчыя заданні: праводзілі гульні, расказвалі вершы, загадвалі загадкі, спявалі, танцавалі, імправізавалі.

У канцы першага дня вучні прамовілі клятву, у якой паабяцалі быць добрымі, дружнымі, весёлымі. Другі дзень пад назвай “Паляна аранжаў-ка” пачаўся з акцыі “Дрэва жаданняў”, якую правяла псіхолаг Вольга Міхайлаўна Прасняк. Хлопчыкі і дзяўчынкі малявалі дрэва, а затым пісалі на лісточках свае жаданні і мацавалі іх на галінкі. Гэтая акцыя садзейнічала згуртаванню дзяцей, развіццю ўмення адчуваць і разумець іншага, дапамагаць, падтрымліваць, спачуваць, радавацца поспехам адно аднаго.

Вясна — гэта час пошуку творчых натур і тых, хто верыць у чараўніцтва. Самым запамінальным стаў трэці дзень — “Паляна жаўцей-ка”. Разам з педагогам-арганізатарам Лізаветай Валер’еўнай Мартусевіч дзеці пабывалі ў ролі эксперыментатараў і ілюзіяністаў. Для стварэння фокуса “Малюнкі на малацэ” спатрэбіліся толькі малако, ватныя палачкі, харчовыя фарбавальнікі, вадкае мыла і, вядома ж, фантазія. Яркія маляўнічыя карціны дзіўна ажывалі на вачах. Хтосьці пазнаў у сваім малюнку жар-птушку, а нехта матылька або кветку.

У рамках прафілактыкі дарожнага траўматызму было наладжана мерапрыемства “Сігналы святлафора”, на якім дзеці замацавалі веды па правілах дарожнага руху. Вучням былі прапанаваны прэзентацыя “Гісторыя святлафора”, мультфільм “Тэхніка бяспекі на дарозе”. Разам з дзецьмі мы правялі конкурс “Знаўца знакаў дарожнага руху”. Завяршылася мерапрыемства конкурсам малюнкаў “Самы вясёлы святлафор”, па выніках якога аўтары лепшых работ былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.

Лагер “Дружба” ў вёсцы Замасцяны паклікаў усіх гасцей на вясновае свята “Гуканне вясны”. Дзеці нашай школы з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсах, віктарынах, выпрабаваннях, карагодах і іншых абрадах гэтага старадаўняга народнага свята. Кожны вярнуўся з сімвалам свята — папяровым жаўранкам і добрым настроем. Больш падрабязная інфармацыя і фотасправаздача размешчаны на блогу http://lagerschool3oshmyany.blogspot.com.by/.

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
дырэктар лагера “У гасцях у вясёлкі”;
Лізавета МАРТУСЕВІЧ,
педагог-арганізатар лагера “У гасцях у вясёлкі”.