Нараджаецца новы клас творчай моладзі

- 10:37Якасць адукацыі

У Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці прайшоў заключны этап XV Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў сярод навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Арганізатарамі рэспубліканскага злёту выступілі Міністэрства адукацыі, непасрэдна Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Беларускае таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў.

Злёт-2017 — асаблівы ўдвая. Ён пятнаццаты па ліку, гэта значыць юбілейны, і прысвечаны Году навукі, абвешчанаму сёлета ў нашай краіне. Яго ўдзельнікі сваімі навуковымі распрацоўкамі ўнеслі і ўносяць вялікі ўклад у айчынную навуку. Многія з навуковых і тэхнічных адкрыццяў таленавітай моладзі сталі нацыянальным здабыткам. За апошнія два гады ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пададзена 1996 вынаходніцкіх і рацыяналізатарскіх прапаноў, з іх толькі навучэнцамі — 502. 1294 рацыяналізатарскія прапановы ўкаранёны ў адукацыйны працэс. Атрымана 5 патэнтаў на карысныя мадэлі і прамысловыя ўзоры. Цяпер у прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных установах дзейнічае 1900 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаецца больш за 30 тысяч навучэнцаў. Большасць з іх працуе ў кірунку “Творчасць у маёй прафесіі”.

Удзельнікамі заключнага этапу сталі 140 навучэнцаў і педагагічных работнікаў, якія перамаглі ў этапах рэгіянальнага ўзроўню. У конкурсе на лепшую экспазіцыю рэспубліканскай выставы “Вынаходніцтва і рацыяналізатарства ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі” ўдзельнічалі 184 установы адукацыі, якія прадставілі 690 экспанатаў тэхнічнай творчасці. З іх 337 уключаюць у сябе рацыяналізатарскія прапановы.

— Ва ўстановах адукацыі творчасць стала неад’емнай часткай усяго вучэбна-выхаваўчага працэсу, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч Сачко, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. — Падчас актыўнай творчай дзейнасці пашыраецца кола інтарэсаў навучэнцаў, удасканальваецца прафесійнае майстэрства. Яны атрымліваюць першапачатковыя навыкі вынаходніцкай і рацыяналізатарскай дзейнасці, даследчага пошуку. Пры паступленнi на прадпрыемствы яны ўступаюць у шэрагі наватараў, хутчэй адаптуюцца да ўмоў вытворчасці і паспяхова рэалізуюць свае магчымасці і творчы патэнцыял.

За доўгую гісторыю існавання злёт не змяніў сваіх асноўных мэт і па сённяшні дзень закліканы садзейнічаць развіццю творчай жылкі ў навучэнцаў, развіваць здольнасці ў вынаходніцтве і рацыяналізатарстве, выяўляць і падтрымліваць таленавітую моладзь, папулярызаваць і развіваць дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю і тым самым ствараць спрыяльныя ўмовы для творчай самарэалізацыі, удасканалення прафесійнага майстэрства, распаўджвання вопыту ў тэхнічнай і навуковай сферы сярод навучэнцаў і педагогаў адукацыйнай галіны.

Заключны этап сёлетняга злёту ўключаў традыцыйныя конкурсы: “Візітная картка каманды”; “Свет адкрыццяў”, дзе прадстаўлены намінацыі “Машынабудаванне”, “Прыборабудаванне”, “Электроніка і сувязь”, “Будаўніцтва”, “Транспарт”, “Сельская гаспадарка”; конкурсы “Эканомія энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў” і “Лепшы сродак навучання”.

Пройдземся па конкурсных пляцоўках спаборніцтва. На кожнай конкурснай пляцоўцы — шумлівы натоўп з удзельнікаў спаборніцтва і кіраўнікоў каманд. Генадзь Іванавіч Варонін, намеснік дырэктара па тэхнічнай творчасці Гомельскага абласнога дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, расказаў, што яго каманда ў баявым настроі і выдатна выступіла ў папярэднім конкурсе “Візітная картка”. Навучэнцы прадэманстравалі не толькі здольнасці вынаходнікаў і рацыяналізатараў, але і артыстычныя. Каманда Гомельскай вобласці таксама прыняла ўдзел ва ўсіх намінацыях спаборніцтва і прадставіла 16 экспанатаў, над стварэннем якіх працавалі не толькі навучэнцы, але і майстры вытворчага навучання і выкладчыкі. У цэлым на рэспубліканскую выставу, разгорнутую ў час правядзення злёту, гомельская каманда прывезла 127 экспанатаў, кожны з якіх мае рацыяналізатарскую прапанову.

Сярод членаў каманды ўжо вядомы Максім Кір’янаў, які стаў знакамітым дзякуючы сваёй геніяльнай распрацоўцы медыцынскага абсталявання, якое, магчыма, створыць пераварот у медыцыне. Такая творчая думка ўзнікла ў Максіма, калі ён сам хварэў і знаходзіўся ў бальніцы. Яму вельмі захацелася аблягчыць стан хворых, і ён прыдумаў цуда-пальчатку, якая магла дапамагчы ім пры рэабілітацыі. Хлопец настолькі захапіўся гэтай ідэяй, што праз нейкі час стварыў спецыяльны механізм, які здольны аднаўляць рухальныя дзеянні канечнасцей. Цяпер Максім падаў дакументы на атрыманне патэнта, каб у далейшым яго вынаходства выйшла на прамысловую аснову. Яго мадэллю ўжо зацікавіліся многія медыцынскія ўстановы не толькі Беларусі, але і іншых краін. Пра Максіма гавораць, што ў яго ўсё гарыць у руках. За што ён ні возьмецца — чакай новай арыгінальнай распрацоўкі, якая абавязкова знойдзе прымяненне ў жыцці. Цяпер хлопец вучыцца ў Гомельскім машынабудаўнічым каледжы.

Член каманды Магілёўскай вобласці Павел Шаерман ужо не першы раз удзельнічае ў рэспубліканскіх злётах. Сёння Павел, навучэнец 4 курса Магілёўскага політэхнічнага каледжа, прадставіў вучэбную мадэль па праграмаванні мікракантролера для аб’ектаў мехатронікі. Як расказаў хлопец, гэтую мадэль можна шырока выкарыстоўваць у час вучобы будучым мехатронікам. Дзякуючы такому экспанату, навучэнцы могуць удасканальваць свае практычныя навыкі менавіта на гэтай вучэбнай мадэлі. Яе можна прадставіць для серыйнай вытворчасці і ўкараніць у іншых навучальных установах.

Калега Паўла па камандзе Дзмітрый Лукашэнка, навучэнец 3 курса Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа, прадставіў на злёце ўстройства для пошуку кабеля і яго пашкоджанняў, якое можна выкарыстоўваць у падземных камунікацыях. Распрацоўшчыкамі экспаната выступілі майстры вытворчага навучання каледжа В.І.Фільян і З.І.Рудэнка.

Аляксандр Бернатовіч, навучэнец 2 курса сярэдняга спецыяльнага ўзроўню Гродзенскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага, прадставіў вучэбны стэнд, які дэманструе сродкі, спосабы і метады эканоміі электраэнергіі. На стэндзе прадстаўлены альтэрнатыўныя крыніцы энергіі на прыроднай аснове, каб не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю і экалогіі. Сярод такіх крыніц — вада, паветра, сонца і іншыя прыродныя сродкі, аб якіх павінны ведаць навучэнцы і знаходзіць рэальныя аб’екты, дзе іх можна выкарыстоўваць. Гэты комплекс устанаўліваецца ў аўдыторыі каледжа для навучання. Аляксандр з дзяцінства любіў майстраваць, нешта прыдумваць, а яго выкладчык Ігар Яўгенавіч Сталяроў, як кажуць, накіраваў у патрэбнае рэчышча творчыя схільнасці хлопца. І вось гэты вучэбны стэнд стаў першым рэальным увасабленнем іх творчага тандэма.

Сяргей Ігаравіч Панасенка, лаўрэат шматлікіх конкурсаў, чалавек вельмі творчы, ініцыятыўны, разам са сваімі выхаванцамі прадстаўляў на злёце Слуцкі дзяржаўны каледж. Сяргей Ігаравіч працуе выкладчыкам і адначасова кіруе навуковым таварыствам навучэнцаў “Інавацыйны фармат”. Іх сумесныя распрацоўкі сталі здабыткам нацыянальных творчых адкрыццяў у такіх грандыёзных спаборніцтвах, як BelSEF, “Тэхна-інтэлект”, “100 ідэй для Беларусі” і інш. У жыцці Сяргея Ігаравіча гэты злёт ужо другі. На яго ён прыехаў разам са сваім выхаванцам Ільёй Ваньковічам, які прадставіў сумесную распрацоўку па электроніцы.

— Мы літаральна знайшлі адно аднаго, — расказаў Сяргей Ігаравіч. — Ілья вельмі адораны хлопец. Ён нарадзіўся з цягай да электронікі, і нам вельмі цікава працаваць разам. За час нашага супрацоўніцтва мы зрабілі шмат вырабаў: спачатку — простых, магчыма, недасканалых, але з кожным крокам нашы распрацоўкі станавіліся больш складанымі і мелі творчыя адкрыцці. За гэта мы атрымалі шмат узнагарод. У хуткім часе збіраемся ўдзельнічаць у Еўрафестывалі Міжнароднага конкурсу крэатыўнасці “Адысея розуму”, які пройдзе ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

Высокскі прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, пастаянны ўдзельнік злётаў вынаходніцтва і рацыяналізатарства, на гэты раз прадставіў карт, які здалёк прыцягваў увагу сваім яркім колерам, а яшчэ, як аказалася, і выдатнымі тэхнічнымі характарыстыкамі. Такі аўтамабіль распрацавалі выкладчык ліцэя І.У.Радкевіч і майстар вытворчага навучання Д.А.Кірэеў. У ролі вытворцаў выступілі навучэнцы 1 курса Аляксандр Майзус, Уладзіслаў Прапаршчык, Аляксандр Шайко. Карту няма аналагаў. Ён вельмі мабільны, эканамічна выгадны, прызначаны для правядзення вольнага часу, навучання навыкам ваджэння дзяцей і дарослых.

А вось навучэнцы і педагогі Ульскага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л.М.Даватара прывезлі на злёт экскаватар. Хоць ён і міні, затое вельмі жвавы і не менш функцыянальны за свайго поўнагабарытнага сабрата. Ён прызначаны для землярыйных работ, можа выкарыстоўвацца як трэнажор пры падрыхтоўцы экскаватаршчыка. Невялікія габарыты дазваляюць выкарыстоўваць яго ў сціслых умовах.
Асноўнымі вузламі з’яўляюцца рама, хадавая частка, страла з каўшом, гідраўлічная сістэма, якая складаецца з помпавага агрэгата і выканаўчых прылад (размеркавальнікі, сілавыя цыліндры, рукавы высокага ціску). Ён можа камплектавацца помпавым агрэгатам з электрычным рухавіком або рухавіком унутранага згарання. Такі міні-экскаватар можа прымяняцца на прадпрыемствах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сувязі, у фермерскай гаспадарцы, ва ўстановах адукацыі. Распрацоўшчыкам з’яўляецца выкладчык А.Г.Фёдараў, а практычна рэалізавалі ідэю майстар вытворчага навучання М.С.Корзун і навучэнец 2 курса Дзмітрый Усаў.

Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 7 будаўніцтва прадставіў на злёт здрабняльнік агародніны і садавіны, прызначаны для кансервавання ў хатніх умовах, а таксама ён можа выкарыстоўвацца для здрабнення кармоў на асабістым падворку. За аснову вырабу быў узяты электрарухавік, які знялі са старой пральнай машыны. Элементам навізны з’яўляецца рэгуляваная падстаўка для збору здробненых агародніны і садавіны, а таксама вялікая колькасць зменных нажоў. У ролі распрацоўшчыка выступіў майстар вытворчага навучання ліцэя К.Я.Коркуць. Вытворцамі сталі І.У.Уласенка, майстар вытворчага навучання, і навучэнец ліцэя Іван Тамковіч.

Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча прадставіў на злёт трэнажор “Электраабсталяванне вагона 47 к/к”. Як расказалі яго распрацоўшчыкі майстры вытворчага навучання М.У.Ляшкевіч, А.У.Верабей, трэнажор уяўляе сабой электра-механічную схему работы электрычнага шчыта пасажырскага вагона. Ён складаецца з макетаў электрычнага шчыта і пасажырскага вагона, злучаных паміж сабой электрычнай схемай на святлодыёдах. Акрамя рэжымаў кіравання электрычным абсталяваннем, у трэнажоры прадугледжаны 7 аварыйных сітуацый, якія могуць узнікнуць у працэсе эксплуатацыі пасажырскага вагона. Трэнажор можа выкарыстоўвацца ў якасці нагляднага дапаможніка для вывучэння некаторых вучэбных прадметаў і пры правядзенні заняткаў вытворчага навучання.

Дзмітрый Аляксандравіч Сцепаненка, дацэнт кафедры канструявання і вытворчасці прыбораў БНТУ, член журы злёту ў намінацыі “Прыборабудаванне”, адзначыў арыгінальнасць, якасны ўзровень вырабаў і высокі ўзровень прэзентацыі распрацовак каманды Брэсцкай вобласці, у тым ліку мультыметра.

Дзмітрый Аляксандравіч ужо трэці раз выступае ў ролі члена журы, і яму ёсць, як кажуць, з чым параўноўваць.

— Адчуваецца станоўчая дынаміка ў развіцці вынаходніцтва і рацыяналізатарства сярод удзельнікаў такіх злётаў, — адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч. — Навучэнцы разам са сваімі педагогамі смела эксперыментуюць, кола іх творчай фантазіі не мае межаў. Гэта, безумоўна, унушае аптымізм у тое, што нараджаецца новы клас будучых вучоных, эксперыментатараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў, новы клас творчай моладзі. Я вельмі хацеў бы бачыць юныя таленты ў ліку сваіх студэнтаў. Напэўна, многія з удзельнікаў злётаў пойдуць ва УВА ўдасканальваць свае веды, дзе працягнецца іх даследчы пошук.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.