Сімвалы міру, шчасця і згоды

- 11:46Нам пішуць

72 гады назад скончылася Вялiкая Айчынная вайна i над нашай роднай Беларуссю засвяціла мiрнае сонца. Шмат фiльмаў, кнiг, вершаў i песень расказвае дзецям аб цяжкiм пасляваенным часе. У нашай установе дашкольнай адукацыi Дзень Перамогi — адно з самых значных свят. І сёлета прыемна было назiраць, як пад урачыстыя гукi песнi-легенды “Дзень Перамогi” у зал зайшлi прыгожа апранутыя дзецi: дзўчынкі — у белых сукенках, хлопчыкi — у ваеннай форме.

Дзецi чыталi вершы ў гонар тых, хто загiнуў на франтах Вялiкай Айчыннай вайны, хто аддаў сваё жыццё за нашу будучыню. На свяце прысутнiчалi i ветэраны вайны, якiя падзялiлiся сваiмi ўспамiнамi аб цяжкiх ваенных гадах. Час ад часу на мультымедыйнай дошцы транслiравалiся вiдэасюжэты, якія садзейнiчалі фармiраванню ўяўленняў дашкольнікаў аб падзеях Вялiкай Айчыннай вайны. Дзецi разам з ветэранамi запалiлi свечку i ўшанавалi хвiлiнай маўчання памяць людзей, якiя не вярнулiся з вайны.

Падчас гульняў “Разумныя разведчыкi”, “Будзь уважлiвым” дзеці даведваліся пра герояў, якiя абаранялi Лiду. Выхаванцы сада ўсведамлялі, што на шляху да светлай i радаснай Перамогi было шмат цяжкiх бiтваў, але нашы воiны не страчвалі ciлу волi.

Хлопчыкi паспрабавалі сябе ў ролі артыстаў, якiя прыязджалi на фронт, i выканалi танец “Яблычак”, спаборнiчалi ў гульнях-эстафетах “Дастаў пакет у штаб”, “Трывога”.

Вельмi ўразiлi ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, якiя прысутнiчалi на свяце, песнi “Дзякуй дзеду за Перамогу”, “Намалюй голуб мiру” ў выкананнi выхаванцаў. Скончылася свята тым, што дзецi разам з педагогамi і ветэранамi запусцiлi ў неба белых галубоў i паветраныя шары як сiмвалы мiру, шчасця i згоды.

Таццяна АСТРОЎСКАЯ,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 34 Ліды.