Наша ўстанова адукацыі размешчана ў сельскай мясцовасці. У нас створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб кожны вучань мог сябе рэалізаваць. Ёсць магчымасць вывучаць на павышаным узроўні любы прадмет. Сёння самымі запатрабаванымі з’яўляюцца англійская і нямецкая мовы, матэматыка. Я з упэўненасцю магу сказаць, што ў сценах нашай установы створана добразычлівая атмасфера, якая развівае адукацыйнае асяроддзе, заснаванае на супрацоўніцтве.
Мы ганарымся поспехамі нашых адзінаццацікласнікаў: Вольга Конан атрымала грамату за высокія дасягненні ў вучобе па выніках трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, а Лізавета Мазур і Дзмітрый Бужынскі ўзнагароджаны дыпломамі другой і трэцяй ступені за ўдзел у рэспубліканскай спартакіядзе для сельскіх жыхароў “Залаты колас”. Увогуле, гэтыя навучэнцы — пастаянныя ўдзельнікі агульнашкольных і раённых свят, а Лізавета з’яўляецца яшчэ і дэпутатам маладзёжнага парламента пры Навагрудскім раённым Савеце дэпутатаў.
Хачу адзначыць і педагагічны калектыў нашай школы. Так, сацыяльны педагог З.І.Максімовіч мае дыплом I ступені ад Міністэрства адукацыі за ўдзел у ХVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі В.А.Аляшкевіч вучні школы штогод становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі абласной канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Калі гаворыць гісторыя: рэаліі мінулага і сучаснасці”, пераможцамі раённай канферэнцыі “Юнацтва. Навука. Культура”. Настаўнік нямецкай мовы А.У.Кветка цудоўна рыхтуе вучняў да ўдзелу ў прадметнай алімпіядзе па нямецкай мове.
Надыходзіць лета, а перад намі стаіць пытанне аб падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Хочацца, каб першага верасня педагогі, вучні і іх бацькі адчулі цёплую атмасферу, утульнасць, натхненне на выдатную вучобу і поспехі ў рабоце.
Святлана ШУШКЕВІЧ,
дырэктар Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.