Музыка, спорт і настаўніцтва — усё сплялося ў жыцці Аляксандра Харкевіча з вёскі Валканосава Круглянскага раёна. У свае 83 гады ён, былы настаўнік фізкультуры і музыкі, у выдатнай фізічнай форме, шмат падарожнічае па краіне, стварае народныя музычныя інструменты і з імі выступае ў ансамблі. Сярод шматлікіх узнагарод самая значная — званне лаўрэата спецыяльнай прэміі прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне” ў намінацыі “Народная творчасць”.
Настаўніцтва як прыклад
Хоць у Валканосаве з 57 жылых дамоў цяпер не набярэцца і дзясятка, дзякуючы Аляксандру Харкевічу, у вёсцы ціха не бывае. Па ўтаптаных, як шаша, сцежках, у госці да музыканта прыходзяць часта. Калегі — за педагагічнымі сакрэтамі, моладзь — каб даведацца, як на дзявятым дзясятку з лёгкасцю пераадольваць на веласіпедзе 20 кіламетраў да райцэнтра, абганяючы любога. Але ўсё ж галоўная нагода для візітаў — майстэрня А.А.Харкевіча.
Як жа ў педагогу адначасова спалучылася любоў і да музыкі, і да спорту?
“Дзяцінства маё на вайну прыйшлося, так што бацькам было не да маёй адукацыі, — расказвае Аляксандр Антонавіч. — Усім, чаго я дасягнуў у жыцці, абавязаны добрым людзям, якіх сустрэў у юнацтве і маладосці, з якіх заўсёды браў прыклад. Сярод іх быў і настаўнік фізкультуры Мінскага аўтамеханічнага тэхнікума, з якім я, вясковы хлапчук, вельмі пасябраваў. Каб быць на яго падобным, пазней атрымаў і педагагічную адукацыю, таксама выкладаў фізкультуру. Дзякуючы звычцы займацца спортам, я зусім не адчуваю свой узрост. Апошнія больш як 60 гадоў я не прапусціў ніводнай ранішняй зарадкі — кожны дзень па 40 хвілін. Я ведаю, як правільна і якія практыкаванні рабіць, якія мышцы развіваць.
А вось музыка ў маёй сям’і была ў некалькіх пакаленнях. Мая мама іграла на балалайцы, віртуозна біла ў барабаны, спявала фальклорныя песні. Дзядуля быў гарманістам, сам пісаў словы і музыку да аўтабіяграфічных песень-балад. Не палюбіць музыку я не мог”.
Праўда, першы музычны вопыт педагога быў няўдалы, дакладней, удалы, але не ўсімі ацэнены: у 7 класе ён пайшоў на Вялікдзень у валачобнікі з мамінай балалайкай і сваёй ігрой і прыпеўкамі зарабіў амаль мех прысмакаў. Але няўдача чакала яго назаўтра ў школе. Аляксандр Антонавіч ужо быў камсамольцам (узялі на год раней), але пасля такога валачобніцтва яго выключылі з камсамола на цэлы тыдзень. Пасля таго несправядлівага пакарання хлопец зарокся ніколі не развітвацца з музыкай.
Пачатак музычнай кар’еры
Так, першы музычны ансамбль быў у сельскім клубе, куды Аляксандра Антонавіча вечарамі гарманісты клікалі падыгрываць на бубне. І гэты бубен, якому споўнілася ўжо больш за пяцьдзясят гадоў, які некалькі разоў рэстаўрыраваны, да гэтага часу захоўваецца ў доме майстра як сямейная рэліквія.
Трапяткія адносіны да інструмента ў настаўніка былі заўсёды, таму, калі на тэлебачанні з’явілася праграма “Іграй, гармонік!”, ён не толькі ўважліва ўслухоўваўся, але і ўглядваўся. Успамінае, што кожнага новага выпуску чакаў з нецярпеннем, уважліва разглядаў музычныя інструменты, на якіх ігралі госці перадачы, тут жа робячы хуткія замалёўкі. Потым з гэтымі эскізамі ён адпраўляўся ў майстэрню і браўся за справу. І ўжо праз некалькі дзён адтуль былі чуваць трашчоткі, бубны, лыжкі…
Але інструмент павінен жыць для людзей, таму ў школе Аляксандр Антонавіч стварыў з настаўнікаў мужчын фальклорны ансамбль “Бяседачка”, які 31 год паспяхова гастраляваў па Беларусі. Калі ліквідавалі школу, распаўся і ансамбль. Але маўчаць А.А.Харкевіч ужо не мог. Шмат гадоў Аляксандр Антонавіч — адзіны сярод жанчын удзельнік ансамбля “Вераснянка”.
Сам сабе аркестр
Інструментам стала цесна ў майстэрні. Канцэртныя ледзь змяшчаюцца ў два велізарныя чамаданы. Астатнія (па прыблізных падліках, за шмат гадоў было створана каля 3 тысяч) раскупляюцца на кірмашах і фестывалях нашай і суседніх краін.
Тэлевізійныя інструменты ўжо даўно скончыліся, толькі вось ідэі майстра не спыніць.
Чаго толькі няма ў яго майстэрні: трашчоткі, дудачкі, драўляныя лыжкі, бубны, ксілафон, жалейкі, свістулькі, клякоткі, кляшчоткі, валокі і іншыя. Кожны з іх майстар вырабляе па ўласных чарцяжах. Усе інструменты пэўнага памеру і з індывідуальнымі гукавымі характарыстыкамі. Ёсць сярод іх і экзатычныя, напрыклад, маракасы, начыненыя гарохам, мноства кастаньет — ад адна- да пяціэлементных, з простым і каляровым металам.
“Ігра на інструменце — справа не толькі прыемная для вуха, але і карысная для здароўя, — гаворыць А.А.Харкевіч. — Напрыклад, трашчоткі цудоўна развіваюць кісць рукі. Калі ў адзін бок проста круціць, то паспрабуйце гэтак жа пакруціць другой рукой — і ад сябе, і асабліва да сябе. Зразумееце, што над левай рукой трэба яшчэ папрацаваць. Для дыхальнай сістэмы карысны духавыя інструменты. Напрыклад, малдаўская жалейка. Праўда, чамусьці нашы людзі не могуць правільна вусны ставіць, каб іграць на ёй — гук не выходзіць. Я раблю больш простыя беларускія свістулькі і дудачкі”, — тлумачыць майстар, прыгожа і чыста высвістваючы “Янку” па чарзе на абодвух інструментах.
За гады практыкі Аляксандр Антонавіч высветліў, што для музыкі падыходзіць не ўсялякае дрэва: “Драўніна павінна быць цвёрдай, таму падыходзяць бяроза, дуб, яблыня, груша, бэз, клён, ясень. Вельмі музычнае дрэва яблыня. Для беларускай дуды няма лепшага матэрыялу, чым крушына, а для бубнаў лепш браць ліпу, дуб ці бярозу”.
Але самы просты і самы цікавы інструмент музыка захоўвае паміж старонкамі кнігі.
“Немудрагелісты, здавалася б, музычны інструмент, але калі я з ім выступаю, гледачы не могуць сядзець на месцы, — гаворыць Аляксандр Антонавіч, прыкладваючы да вуснаў танюсенькую стужку бяросты і найграваючы мелодыю. — Бывае, падыходзяць і просяць навучыць іх іграць, праўда, не ў кожнага атрымліваецца”.
Майстар робіць інструменты не толькі па традыцыйных узорах, але і па прыкладах, якія памятае з дзяцінства. Таксама паўтарае ўбачанае ў магазінах, пачутае са сцэны, прыдумляе ўласныя інструменты, пры гэтым віртуозна іграючы на кожным з іх. Але адно выключэнне.
“Гэта — ударнік, — дэманструе дзіўны інструмент майстар. — Калі я быў на Першым віцебскім фестывалі “Іграй, гармонік!”, маім суседам у гасцініцы быў дацэнт Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. На фестывалі ў складзе зводнага аркестра ён гэтым ударнікам такія мелодыі выстукваў! Сусед мне растлумачыў, як зрабіць такі інструмент, але колькі я ні стараўся, іграць на ім не навучыўся: патрэбнага гуку ў мяне не атрымалася. Знайшоў кантакты выкладчыка, патэлефанаваў яму, а ён кажа: “Толькі я і яшчэ адзін чалавек можа іграць на ўдарніку”. Хоць ты пехатой ідзі ў Горкі, каб ён мне паказаў, як іграць. Але потым гэты чалавек пайшоў на пенсію, і я згубіў з ім сувязь”.
Назвы некаторых інструментаў майстар нават не ведае. Так, убачыў у музычным магазіне дарагія драўляныя палачкі, прымацаваныя да брызентавай стужкі, — зрабіў такія ж і нават іграць на іх навучыўся. А часам Аляксандр Антонавіч у музычныя ператварае зусім немузычныя рэчы. Напрыклад, зрабіў інструмент з драўлянай маслабойкі. Дарэчы, па такі ж інструмент (толькі не па музычны, а прамысловы) да А.А.Харкевіча неяк прыязджаў супрацоўнік Маскоўскага цырка. Пра майстра даведаўся па сарафанным радыё ад масквічоў.
Галоднае бруха да музыкі глуха
Так, музычна-інструментальная палітра майстра багатая, але яна ўсяго толькі частка ўсёй “драўлянай” вытворчасці Аляксандра Антонавіча. Паднімаючы дамашнюю гаспадарку пасля вайны, ён навучыўся рабіць усё: і апрацоўчыя інструменты (паўфуганкі, рубанкі, адборнікі, нажоўкі), і кухонныя рэчы (ад лыжак і місак да рашотаў і келіхаў), а таксама мэблю, дзверы, вокны, сані, вазы. Ніколі не купляў бочак, кос, віл, грабляў, якіх у сенакос рабіў па 30—40 штук для вяскоўцаў.
Для ўсіх гэтых прылад у майстэрні А.А.Харкевіча існуе асобны пакой. Усё тут у скрынях, як у магазіне, і кожная рэч мае сваё прызначэнне. Ёсць і адмысловыя, напрыклад, драўляны міксер — прылада накшталт рагаткі, толькі з мноствам рожкаў. Круціш паміж далонямі ручку, і рожкі адразу ўзбіваюць яечню. Салатны набор уключае ўсе неабходныя прылады: дошку для нарэзкі, міску, таўкач (калі салат з капусты, яе трэба таўкачом перацерці з соллю), лыжку і відэлец.
“Вазьміце, напрыклад, гэтыя лыжкі, — праходзім праз мноства скрынак з разнастайнымі лыжкамі. — Вось гэтая, з дзірачкамі, прызначана для таго, каб даставаць грыбы, гэтая — для варэння, вунь тая — юшку варыць, глыбейшая і шырэйшая — для мёду, гэтая, з доўгай ручкай, — для цеста. Самая вялікая зусім не для кулінарных патрэб, ёй можна пчаліныя роі абграбаць”.
Аляксандр Антонавіч адзначае, што ўсе яго вырабы: і гаспадарчыя прылады, і музычныя інструменты — карыстаюцца вялікім попытам у людзей, але яго вельмі засмучае, што ён не можа знайсці побач тых, хто захацеў бы іх не набыць, а самастойна навучыцца рабіць.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.