Педагагічныя казкі Галіны Пшонік

- 11:13Прафесіяналы, Суразмоўца, Суразмоўца

Калі побач з табой працуюць прафесіяналы высокага ўзроўню — табе ёсць у каго вучыцца. Калі побач з табой працуюць творчыя людзі, якія рэалізуюць свае цікавыя ідэі і ў іншых сферах жыцця, — табе ёсць з каго браць прыклад. 

Менавіта такі чалавек, у якім увасобіліся прафесіяналізм і талент, працуе ў часопісе “Народная асвета”.  Гэта Галіна Барысаўна Пшонік, журналіст, пісьменнік, літаратурны рэдактар, выдатнік друку. Яна задае высокую планку рэдактарскай працы, не баіцца брацца за любую, падчас вельмі складаную ці “непрэзентабельную” педагагічную тэму, глыбока разбіраецца ў мастацтве, культуры, аспектах сямейнага выхавання, з’яўляецца ініцыятарам і каардынатарам праекта “Бацькоўскі сход”.

Многім педагогам, дзецям і іх бацькам Галіна Барысаўна вядома як аўтар цікавых казак і казачных гісторый. І казкі гэтыя — не простыя, забаўляльныя, а педагагічна-тэрапеўтычныя. І сёння Галіна Барысаўна — госць рэдакцыі.

— Вы пішаце кнігі для дзяцей і працуеце ў навукова-педагагічным часопісе. Як спалучаеце два гэтыя заняткі?

— З радасцю і, спадзяюся, плённа. Бясспрэчна, стылістыка звароту да чытацкай аўдыторыі са старонак навуковага часопіса і са старонак дзіцячай кнігі значна адрозніваецца. А вось што датычыцца тэматыкі, тут супа­дзенняў значна больш, чым здаецца на першы погляд. Напрыклад, мой маленькі ўнук аднойчы прызнаўся мне, што ён баязлівец. Спытала ў яго, чаго ж ён баіцца. “Цемры, вышыні, сабак — усяго!” — з сумам адказаў унук. Я пачала думаць, як дапамагчы хлопцу, перачытала артыкулы нашых цудоўных аўтараў-псіхолагаў аб пераадоленні дзіцячых фобій.
З жадання данесці гэтыя прафесійныя рэкамендацыі да свядомасці дзіцяці — і не толькі майго ўнука! — выкрышталізавалася казка “Крэпасць ліпкіх міражоў”. А работа з матэрыяламі педагогаў-практыкаў, прысвечанымі так званаму крызісу падлеткавага ўзросту, падахвоціла напісаць фантазійную гісторыю “Няправільны аўтобус”.

— Чаму вы вырашылі пісаць менавіта для дзяцей?

— Проста таму, што дзеці мне бясконца цікавыя. Я ніколі не сустракала неразумнага дзіцяці. Бо і непаслухмянасць, і ўпартасць, і капрызлівасць, і нават агрэсіў­насць малога — зусім не вынік недахопу розуму, а імкненне растлумачыць сябе свету і паўплываць на гэты непадатлівы свет. Хацелася б, каб вопыт герояў казачных гісторый, якія я расказваю юным чытачам, дапамог ім рэаліза­ваць згаданае імкненне больш канструктыўным спосабам.

— Дзе вы знаходзіце сюжэты для сваіх казак? Хто або што вас натхняе?

— Казачныя сюжэты падказ­вае выключна рэальнае жыццё. Скажам, я заўсёды адчуваю жудасны — і эстэтычны, і ментальны, і фізічны — дыскамфорт, калі бачу сапсаваныя нейкімі гора-мастакамі сцены ліфтаў, фасады дамоў, лаўкі ў парках. У рэшце рэшт мае перажыванні-разважанні выліліся ў казку “Пакрыўджаныя фарбы”. Неяк у аўтобусе выпадкова пачула размову дзвюх дзяўчынак, якія выхваляліся адна перад адной сваімі няўдачамі і нягодамі. Пакуль дайшла ад прыпынку да дома, нарадзілася казка “Крышталікі радасці” — засталося толькі набраць тэкст на камп’ютары.

Я ніколі не сустракала неразумнага дзіцяці. Бо і ўпартасць, і капрызлівасць, і нават агрэсіў­насць малога — зусім не вынік недахопу розуму, а імкненне растлумачыць сябе свету і паўплываць на гэты непадатлівы свет.

Некалькі гадоў назад па дарозе на працу ўбачыла маладзенькі каштан з адламанай вершалінай. А на яго ацалелай, цяпер самай верхняй галіне літаральна ззяла пад веснавым сонцам адзіная на ўсім дрэўцы бела-ружовая кветка. Яна і натхніла мяне на напісанне казкі “Каштанчык”. Казку надрукаваў часопіс “Вясёлка”, а потым выдавецтва “Беларусь” уключыла яе ў зборнік твораў для пазакласнага чытання ў 3 класе.

Зразумела, пад словамі “рэальнае жыццё” я маю на ўвазе не толькі канкрэтныя прадметы або падслуханыя дыялогі, але і ўласныя спробы пранікнуць у прыроду чалавечых зносін у розных іх праявах. Так, разгадванне хлуслівасці трансфармавалася ў кніжку “Спуск у горад Хлуск”, зайздрослівасці — у казку “Паляванне на памяранцавае воблака”, разгадванне крыўдлівас­ці — у казку “Крыўдаваць або дара­ваць?”, няўпэўненасці ў сваіх сілах — у казку “Сакрэт Рудога ката”.

— Як вам удаецца спалучаць у сваіх кнігах казачнасць і сучасныя рэаліі?

— Без асаблівага напружання. Калі пад казачнасцю разумець наяўнасць таямнічых, чароўных, фантастычных асоб і падзей, то хіба не сутыкаемся мы з імі што­дня? Незнаёмыя пасажыры ў мет­ро, незразумелыя паводзіны іншых людзей (а часам і нас саміх), невытлумачальны збег абставін, хвалюючая непрадказальнасць заўтрашняга дня — мы спрабуем іх уявіць, асэнсаваць, прадбачыць і тым самым ствараем свае прыватныя казкі. А калі гэтыя фантазійныя па сутнасці ўяўленні нейкім невядомым чынам яшчэ і матэрыялізуюцца ў канкрэтныя вобразы, атрымліваецца казка літаратурная.

Аднойчы падчас інтэрв’ю на канале “Культура” Беларускага радыё журналістка спытала мяне, ці не баюся я, што чытачам заўтрашняга дня не будуць зразумелыя назвы шэрага гаджэтаў, згаданых у маіх казках, гэтаксама, як сённяшнім дзецям незразумелыя такія словы, як “камунальная кватэра”, “галошы”, “этажэрка”. Мне здаецца, што падстаў для такіх хваляванняў няма. Таму што “Мышкіны паслугі” — гэта гісторыя не пра камп’ютарную мышку, хаця тая і з’яўляецца паўнацэннай яе гераіняй, а пра хлопчыка, які ўзрадаваўся магчымасці з дапамогай тэхнічнага прыстасавання кіраваць людзьмі. “Бліскучая краіна” — апавяданне не пра аднайменную відэагульню, а пра дзяўчынку, якая дзеля свайго захаплення камп’ютарнымі прыгодамі ахвяравала сяброўствам з малодшым братам.

— Вы часта сустракаецеся са школьнікамі. Магчыма, на падставе гэтых сустрэч вы можаце сфармуляваць пэўныя парады для бацькоў, педагогаў: як заахвоціць сучасных дзяцей і падлеткаў да чытання кніг, як сфарміра­ваць у іх цікаўнасць?

— Дзеці цікаўныя па самой сваёй прыродзе. Справа, напэўна, у тым, каб скіраваць іх прыродную цікаўнасць у, так бы мовіць, інтэлектульна годнае і сацыяльна прадукцыйнае рэчышча. І, бясспрэчна, адзін з найбольш надзейных шляхоў да гэтага — фарміраванне навыкаў асэнсаванага чытання. Пачынаць, на маю думку, можна амаль адразу, як дзіця пачне размаўляць, — задаваць яму пытанні па ходзе чытання кніжкі, разам параўноўваць тэкст і малюнкі, глядзець экранізацыі прачытаных казак, таксама іх параўноўваць і абмяркоўваць. Малыя ахвотна адгукаюцца на прапановы намаляваць герояў кніжкі, вылепіць з пластыліну жытло для іх. Мае ўнукі, напрыклад, вельмі любілі, як у нас называлася, разыгрываць казкі. Мы размяркоўвалі паміж сабой ролі герояў прачытанага твора, рабілі з падручных матэрыялаў немудрагелістыя строі і ладзілі касцюміраваную гульню. Калі змест прачытанага прапускаецца праз эмоцыі, праз уласную твор­часць дзіцяці, то яно не толькі лепш запамінае сюжэт, але і пачынае ра­зумець логіку паводзін кожнага з персанажаў, маральны пасыл аўтара.

Дзеці цікаўныя па самой сваёй прыродзе. Таму, каб скіраваць іх прыродную цікаўнасць у інтэлектульна годнае і сацыяльна прадукцыйнае рэчышча, трэба фарміраваць у іх навыкі асэнсаванага чытання.

Увогуле, выспяванне асобасных зносін дзіцяці з кнігай — даволі далікатны працэс. І, як усялякія асобасныя адносіны, ён не церпіць ні прымусу, ні фальшу, ні суму. Што рабіць, калі сын аддае перавагу камп’ютарным гульням і адмаўляецца чытаць кнігі? Як перанакіраваць захапленне дачкі забаўляльнай літаратурай у бок пазнавальнай? З дапамогай якіх аргументаў перака­наць іх, што класіка — гэта не “сумная старадаўнасць”, а актуальны і сёння інструмент вывучэння чалавечай душы? Пытанні надзвычай складаныя, але вырашальныя — пры наяўнасці сумеснай, скаардынаванай паміж бацькамі і педагогамі стратэгіі фарміравання асэнсаванага чытача. Менавіта згаданыя вамі сустрэчы ў школах і бібліятэках цвёрда пераканалі мяне ў гэтым. Узяць хаця б апошнюю з іх — у 5 “Ж” класе мінскай гімназіі № 6.

Спачатку ідэю нетрадыцыйнай класнай гадзіны класны кіраўнік Марыя Юр’еўна Муская вынесла на абмеркаванне ў бацькоўскім чаце. Атрымаўшы падтрымку татаў і мам, настаўніца і вучні прачыталі на чарговай класнай гадзіне адну з маіх казак. Бацькі ўзялі ў бібліятэцы або купілі дзецям кніжкі будучай госці. Дзеці дома прачыталі іх і зрабілі малюнкі. Па прапанове Марыі Юр’еўны на адваротным баку малюнкаў аўтары напісалі цытаты з эпізодаў, якія праілюстравалі. Такім чынам дзеці атрымалі магчымасць патрэніраваць сваё ўяўленне, вызначыць уласныя адносіны да герояў прачытаных казачных гісторый, самастойна ацаніць іх паводзіны.

Падчас нашай размовы ў 5 “Ж” я сустрэла цікавых суразмоўцаў і атрымала шчырае задавальненне ад неардынарных пытанняў і смелых меркаванняў. А іх настойлівае, дэталёвае высвятленне пад­рабязнасцей творчага працэсу ўсяліла надзею на іх уласныя, цалкам абгрунтаваныя аўтарскія амбіцыі.

— Назавіце, калі ласка, пяць кніг, якія, па вашым меркаванні, павінен прачытаць кожны.

— Дазвольце крышачку зву­зіць дыяпазон вашага задання і назваць пяць кніг з арсенала беларускай дзіцячай літаратуры, якія, на маю думку, павінен прачы­таць кожны беларускі школьнік. Гэта “Казкі жыцця” Якуба Коласа, “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра, “Пачакай, затрымайся…” Алены Васілевіч, “Мы з Санькам у тыле ворага” Івана Сяркова, “Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” Пятра Васючэнкі. Гэтыя адрозныя адна ад адной кнігі зусім розных па творчай манеры пісьменнікаў аб’ядноўвае вельмі важная ўласцівасць: усе яны па-свойму, але аднолькава праў­дзіва і яскрава адлюстроўва­юць дух і душу нашага народа.

Зрэшты, думаю, было б несправядліва не зазначыць у кантэксце нашай размовы акалічнасць, якая з’яўляецца падставай для законнай гордасці ўсіх нас. Маю на ўвазе наяўнасць у нашай краіне моцнай, шматжанравай, сучаснай у поўным сэнсе слова літаратуры для дзяцей. Алесь Бадак, Раіса Баравікова, Віктар Гар­дзей, Уладзімір Ліпскі, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Алесь Карлюкевіч, Валерый Гапееў, Анатоль Бутэвіч, Алена Масла, Андрэй Федарэнка, Аксана Спрынчан, Наталля Бучынская, Тамара Бунта — гэтыя і іншыя цудоўныя беларускія пісьменнікі свае жыццёвыя каштоўнасці, сваё разуменне мінулага і сучаснасці нашай краіны матэрыялізуюць у кнігах для самага юнага чытача.

Святлана МАЗУРЫНА.
Фота аўтара.