Сёлета Беларуская чыгунка адзначыць юбілей. Аб працы на прадпрыемстве даведаемся ў супрацоўнікаў Беларускай чыгункі, а дакладней, у маладога спецыяліста Ільі Янчанкі, выпускніка Гомельскага каледжа — філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.
Справа выпадку
У 2013 годзе малады чалавек вырашыў паступаць у каледж за кампанію і нават не падазраваў, што прафесія стане важнай часткай яго жыцця. Ці магчыма вызначыць паспяховага чыгуначніка па адным позірку? Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце каледжа Дзмітрый Мікалаевіч Адаменка ўпэўнены, што так.
— Прыроджаную схільнасць да нашых спецыяльнасцей можна выявіць ужо на першай практыцы, — кажа Дзмітрый Мікалаевіч. — Для большасці навучэнцаў поспех залежыць ад мэтанакіраванасці, упартасці і настойлівасці ў атрыманні прафесійных навыкаў. З самага пачатку студэнтам неабходна праяўляць дысцыпліну, спраўляцца са штодзённым стрэсам і прымаць правільныя рашэнні ў няштатных экстранных абставінах. Калі студэнт не ўмее гэтага, то ў выбранай прафесіі яму будзе няпроста.
А як на практыцы?
Яшчэ падчас навучання Ільі нецярпелася ўзяцца за работу. Дзве першыя практыкі ён з аднакурснікамі праходзіў у слясарных майстэрнях на базе каледжа i ў асноўным займаўся дакументацыяй. Першапачаткова здавалася, што ўсё гэта сумна і бескарысна. Але за час навучання хлопцы атрымлівалі такі аб’ём інфармацыі, што не было часу біць лынды. У выніку новы навучальны год яны пачыналі з салідным багажом ведаў і прафесійных навыкаў.
— У першыя дзве практыкі за кароткі тэрмін нам трэба было вывучыць усе нюансы работы электраманцёра, — успамінае былы студэнт. — Удзельнічаць у выездах на чыгунку мы не маглі: не было спецыяльнага допуску, які выдаюць толькі ў канцы вучобы пасля адпаведнага экзамену.
Але і без допуску ў студэнтаў каледжа ёсць магчымасць прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Штогод ва ўстанове адукацыі праводзяць мадэрнізацыю лабараторый спецыяльнага цыкла: “Электрычныя падстанцыі”, “Кантактная сетка” і “Аўтаматыка і тэлемеханіка прылад электразабеспячэння”.
У мінулым навучальным годзе была выраблена дзеючая высакавольтная лабараторная ўстаноўка “Ячэйка КСА”, дэманстрацыйна-інтэрактыўная мадэль “Вакуумны выключальнік”, мікраэлектронная сістэма тэлемеханікі на базе мікракантролера. Распрацоўку і выраб лабараторных установак ажыццяўляюць самі навучэнцы ў ходзе выканання праграм практык або рэальнага дыпломнага праектавання. Але акрамя вытворчай практыкі, шмат карыснага студэнты даведаюцца і на занятках у майстэрнях. Там іх вучаць зварачнай справе, рабоце са схемамі і іншым навыкам, якія спатрэбяцца і ў жыцці.
У 2022 годзе размеркаванне на Беларускую чыгунку атрымалі 100% выпускнікоў, якія вучыліся за кошт рэспубліканскага бюджэту, і 64% выпускнікоў, якія вучыліся на платнай аснове.
Усе навучэнцы праходзяць практыку на лінейных прадпрыемствах Беларускай чыгункі. Яна заключаецца ў атрыманні неабходных практычных навыкаў і выкананні пробных кваліфікацыйных работ.
Гэта яшчэ адна з прычын, чаму Ілья ўспамінае вучобу з удзячнасцю: навучэнцы пастаянна далучаюцца да вынаходніцкай дзейнасці. Так, студэнты групы электразабеспячэння распрацавалі і ўкаранілі сістэму кіравання знешнім і ўнутраным асвятленнем каледжа.
Рэгулярна праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, дзе навучэнцы каледжа дэманструюць практычныя навыкі і ўменне дзейнічаць у няштатнай сітуацыі, калі неабходна ў самыя кароткія тэрміны выявіць прычыну няспраўнасці сістэмы кіравання прыладамі электразабеспячэння, ліквідаваць яе і зноў увесці ў эксплуатацыю.
Юны чыгуначнік прызнаўся, што цяжкасцей у працэсе навучання не ўзнікала. Сакрэт поспеху ў наведванні заняткаў і выкананні ўсіх заданняў. Здавалася б, што можа быць прасцейшым? Але і для гэтага патрэбна вытрымка. Затое, дзякуючы адказнаму падыходу да вучобы ў самым пачатку шляху, і работа на чыгунцы ў цяперашні час складваецца паспяхова.
Перспектыва?
Пасля заканчэння навучання выпускнікі Гомельскага каледжа — філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік” і рабочыя прафесіі ў залежнасці ад спецыяльнасці. Па профілі “Электразабеспячэнне на чыгуначным транспарце” студэнты выпускаюцца са статусам электраманцёра кантактнай сеткі і электраманцёра па эксплуатацыі размеркавальных сетак. Па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя і рамонт рухомага саставу чыгуначнага транспарту” вучацца будучыя аглядчыкі-рамонтнікі вагонаў, памочнікі машыніста цеплавоза. На напрамку “Арганізацыя перавозак і кіраванне на чыгуначным транспарце” вучацца прыёмаздатчыкі грузу і багажу, праваднікі пасажырскага вагона; на спецыяльнасці “Аўтаматыка і тэлемеханіка на чыгуначным транспарце” — электраманцёры па абслугоўванні і рамонце прылад сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі.
У 2022 годзе размеркаванне на Беларускую чыгунку атрымалі 100% выпускнікоў, якія вучыліся за кошт рэспубліканскага бюджэту, і 64% выпускнікоў, якія вучыліся на платнай аснове.
— Электразабеспячэнне размеркавальных сетак — мой напрамак. Тыя самыя слупы ўздоўж рэек, якія ўсе так любілі ў дзяцінстве лічыць, — тое, з чым я працую. Я магу “даслужыцца” да старшага электрамеханіка. А ў працэсе, каб падняцца яшчэ вышэй па кар’ернай лесвіцы, паступлю ва ўстанову вышэйшай адукацыі на завочнае навучанне.
За брыгадай, у якой працуе малады спецыяліст, замацаваны ўчастак працягласцю каля 100 км, на якім каманда абслугоўвае лініі электраперадачы. Плюс такой працы для Ільі ў тым, што кожны дзень у яго не падобны на іншы, і слова “руціна” да такой работы не падыходзіць.
— На рабоце мне не бывае сумна: я магу штодня рабіць нешта новае, выязджаць на аб’екты, вырашаць складаныя сітуацыі. А яшчэ моцны бок маёй спецыяльнасці — яе ўніверсальнасць. Калі чыгунка надакучыць, у чым я пакуль сумняваюся, пайду працаваць у кампанію, звязаную з электрыфікацыяй.
Дзень з жыцця
Як жа праходзіць дзень электраманцёра? Пачынаецца ён, вядома ж, з прыходу на работу і пераапранання ў спецыяльную форму. Далей майстры пазначаюць усе неабходныя задачы, збіраецца машына для выезду на лінію: у яе складваюцца ўсе неабходныя прылады. Ацэньваючы фронт работы, майстар вызначае колькасць людзей, неабходных для выезду, афармляе распараджэнне або нарад — і брыгада адпраўляецца ў дарогу.
Усе навучэнцы праходзяць практыку на лінейных прадпрыемствах Беларускай чыгункі. Яна заключаецца ў атрыманні неабходных практычных навыкаў і выкананні пробных кваліфікацыйных работ.
Як бы проста ўсё ні выглядала, цікавых гісторый у запасе кожнага супрацоўніка хапае. Наш герой вырашыў падзяліцца павучальнай.
— Аднойчы наша чыгуначная брыгада выязджала на рэвізію ячэйкі трансфарматарнай падстанцыі. Пасля заканчэння рэвізіі, пры зваротнай зборцы, электраманцёр пакінуў на металічных шынах гаечны ключ, які перамыкаў дзве фазы. Падалі напружанне, а яно не маленькае, і ў выніку падстанцыя выбухнула. Электрычнасць прапала — у экстранным рэжыме прыйшлося аднаўляць ячэйку, падключаць увесь раён, каб чыгунка змагла зноў вярнуцца ў рабочы рэжым. Здаецца, што дробязь, але на справе ўсё паміж сабой звязана — і адна маленькая памылка адаб’ецца на ўсёй сістэме работы чыгункі. Гэта адна з прычын, чаму на нашай службе трэба быць вельмі ўважлівым.
Падвядзём вынікі? Праца электраманцёра па рамонце і абслугоўванні размеркавальных сетак цікавая і важная, але трэба, каб да яе ляжала душа. Без любові да лагічных задач з матэматычным ухілам і максімальнай канцэнтрацыі ў гэтай прафесіі нельга. Спецыялісты штодня працуюць з высакавольтным напружаннем — пры невыкананні правіл бяспекі любы лішні рух можа прывесці да згубных наступстваў.
Соф’я ЦЫКУНОВА.