Псеўданім як ключ да асобы аўтара

- 12:11Якасць адукацыі

У штодзённым жыцці мы карыстаемся інтэрнэтам, ужываем лагіны і нікі, замяняючы сваё імя, нават не звяртаем увагі на іх сэнс. Жыццё — з’ява хуткацечная. Імя — тое, што застаецца пасля нас. Разважаючы на гэтую тэму, міжволі задумаешся пра псеўданімы вядомых пісьменнікаў. Чаму беларускія дзеячы культуры бралі сабе іншыя імёны, прозвішчы? Якое сэнсавае значэнне яны нясуць?

З гэтых пытанняў пачалося даследаванне “Паходжанне і ўтварэнне літаратурных псеўданімаў”. Сёлета работа вучаніцы 11 класа Кацярыны Роўскай была адзначана дыпломам І ступені на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару ў секцыі “Літаратуразнаўства”.

Прычын узнікнення псеўданімаў мноства. Самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца цяжкія цэнзурныя ўмовы, жаданне пазбегнуць праследавання, грамадскае становішча аўтара, няўпэўненасць у сваіх сілах, імкненне ўтаіць свой пол. Цікава, што ва ўсе часы і ў розных краінах прычыны ўзнікнення псеўданімаў былі падобнымі.

Раскрыць тэму работы вырашана было на прыкладзе юбіляраў 2016 года. Падрабязна мы спыніліся на асобах Змітрака Бядулі, Алаізы Пашкевіч і Максіма Багдановіча.

Класік беларускай літаратуры Самуіл Плаўнік (130 гадоў са дня нараджэння) больш вядомы чытачам пад псеўданімам Змітрок Бядуля. Мы высветлілі, што гэты псеўданім фальклорнага паходжання. У беларускіх казках, якія малады таленавіты пісьменнік збіраў і вывучаў, ёсць вобраз добрага спагадлівага дзядка Бядулі, які ходзіць па свеце і суцяшае пакінутых бацькамі дзяцей — сірот і бяздомнікаў. Такім чынам, псеўданім падкрэсліваў еднасць пісьменніка з народам.

Вядомы беларускі літаратуразнаўца Іван Навуменка ўдала патлумачыў іншы псеўданім аўтара — Ясакар: “Ясакар — пірамідальная таполя. Уражанне такое, што дрэва гэтае, нібы страла, ірвецца ў неба. Паэзія Самуіла Плаўніка таксама як бы імкнулася ў паднябессе”.

Максім Багдановіч не выключэнне з шэрага пісьменнікаў і журналістаў, якія часта выступалі ў друку пад псеўданімамі (125-годдзе паэта ў 2016 годзе адзначала ўся беларуская грамадскасць). А каб залішне не мільгала перад вачамі яго прозвішча, многія матэрыялы аўтар вымушаны быў падпісваць крыптанімамі і псеўданімамі. Таксама, падманваючы чытачоў, ён карыстаўся і жаночымі формамі псеўданімаў. Так, у яраслаўскай газеце “Голас” верш “Восенню” падпісаны Кацярынай Февралёвай.

Успаміны суайчыннікаў дапамагаюць глыбей зразумець Максіма Багдановіча як пісьменніка і як чалавека. У кнізе Н.Б.Ватацы “Шлях паэта” Зоська Верас прыгадвае размову з М.Багдановічам. “Я пагадзіўся ўжо са сваёй хваробай і з тым, што жыць засталося няшмат, што не магу мець сям’і. Я так люблю дзяцей… напісаў калыханку і аддаў яе ў друк, падпісаўшы псеўданімам. Усе, хто яе чытаў, думалі, што напісала яе жанчына, жанчына-маці. У гэты твор я ўлажыў усё сваё пачуццё”, — гаварыў Максім Багдановіч.

Максім Адамавіч быў засмучаны, што не можа мець сваіх дзяцей. А выказаць бацькоўскія пачуцці дапамог верш, напісаны ад імя жанчыны. Такім чынам, псеўданім цесна ўзаемадзейнічае з жыццём пісьменніка.

Сярод асоб жаночага полу ў беларускай літаратуры пад псеўданімам вядома Алаіза Пашкевіч (140 гадоў са дня нараджэння) — выдатная беларуская паэтэса і грамадскі дзеяч. Яна хавалася і пад мужчынскімі прозвішчамі (Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Крапіўка, Мацей Крапіўка). Аднак трывала замацаваўся менавіта жаночы псеўданім Цётка. Прааналізаваўшы жыццё і творчасць Алаізы Пашкевіч, мы звярнулі ўвагу на пэўныя факты, якія і раскрываюць выбар псеўданіма. Яна працавала для дзяцей: выдавала кнігі і падручнікі, часопісы для моладзі. Публіцыстычныя артыкулы Цёткі адрасаваны пераважна моладзі і прысвечаны важным і актуальным пытанням свайго часу — развіццю беларускай асветы і нацыянальнай культуры. Характэрныя рысы яе паэзіі — рэвалюцыйны пафас, вернасць вольналюбівым ідэалам у цяжкія гады рэакцыі, патрыятызм, служэнне народу, змаганне за лепшае жыццё. З успамінаў яе брата, Войцеха Пашкевіча, “яна дзялілася апошнім кавалкам хлеба з тым, каму была патрэба. Яе альтруізм даходзіў да самазабыцця, трэба было пільнаваць, каб сама з’ела абед, што мела — усё раздавала”. Відавочна, што Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч сапраўды была чалавекам чуйным, уважлівым да людзей, справядлівым, міласэрным, адданым сваёй справе. Яе душа была напоўнена цяплом і мацярынскай любоўю. Цётка — бацькава або матчына сястра, жонка дзядзькі — словам, родны чалавек. Ці мог замацавацца іншы псеўданім за Алаізай Пашкевіч? Зразумела, не.

У выніку даследчай дзейнасці было знойдзена 237 псеўданімаў, якія ўвайшлі ў работу. У працэсе мы склалі даведнік, які быў выкарыстаны на ўроках. У даведніку матэрыял размешчаны ў алфавітным парадку прозвішчаў пісьменнікаў, ёсць дадатак, які змяшчае фотаздымкі з подпісамі.

Такая грунтоўная даследчая работа дапамагла па-новаму паглядзець на творчыя асобы беларускіх пісьменнікаў, глыбей зразумець іх творчасць.

Ірына ЦІМОХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі
Быхава 
Магілёўскай вобласці.