Напрыканцы навучальнага года першакласнікі сярэдняй школы № 2 Навагрудка запрасілі настаўнікаў і бацькоў на свята “Развітанне з букваром”. Самыя маленькія вучні школы аказаліся самымі разумнымі, дысцыплінаванымі, актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх школьных спраў. Падчас свята здзівілі прысутных сваёй непасрэднасцю, паказалі цудоўныя веды па матэматыцы, літаратуры, мове. Разам з настаўніцай Ларысай Мікалаеўнай Сёмухай дзеці склалі вершы пра тое, чаму яны навучыліся ў першым класе. Усе атрымалі дыпломы на памяць, а бацькі маглі азнаёміцца з вынікамі кантрольных.
А вучні чацвёртага класа развіталіся з пачатковай школай. Бацькі і настаўнікі пабачылі, якімі выраслі іх дзеці, чаго яны дасягнулі, якімі пойдуць у 5 клас. Гэта быў час расставання з любімай першай настаўніцай Аленай Міхайлаўнай Кісляк, час развітання з дзяцінствам. Акрамя таго, чацвёртакласнікі ў спектаклі “Вось такое наша жыццё” расказалі прысутным пра свае лепшыя школьныя гады.
Святы надоўга застануцца ў памяці дзяцей, настаўнікаў і іх бацькоў.