Работа ў студатрадах для многіх беларускіх студэнтаў — жаданая частка летніх канікул. Так, штаб працоўных спраў БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сфарміраваў сёлета 23 студэнцкія атрады, 13 з якіх — сэрвісныя, 4 — сельскагаспадарчыя і 6 — педагагічныя.
Студэнты ўніверсітэта не першы год апякаюць тры аздараўленчыя ўстановы для дзяцей: спартыўна-аздараўленчы комплекс БДУ “Брыганціна”, аздараўленчы лагер “Гарызонт” і сацыяльны цэнтр для дзяцей-інвалідаў “Расток”. Усе гэтыя ўстановы размяшчаюцца на Міншчыне: першыя дзве — у раёне Радашковіч, трэцяя — у Астрашыцкім Гарадку.
— Нашы атрады, не толькі педагагічныя, але і сэрвісны, працуюць у летніках па 2—4 змены, — гаворыць сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ універсітэта Канстанцін Андрусевіч, трэцякурснік гістарычнага факультэта. — Усяго педагагічныя атрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта аб’ядноўваюць каля 100 чалавек. У пераважнай большасці гэта студэнты факультэтаў педагагічнай накіраванасці — ад філолагаў да біёлагаў.
Хлопцы і дзяўчаты, якія прайшлі конкурсны адбор (а запіс жадаючых пачынаецца яшчэ ў лютым) і сталі байцамі педатрадаў, праходзяць папярэдняе навучанне на спецыяльнах курсах, з дапамогай выкладчыкаў кафедры педагогікі. Камандзіры педагагічных атрадаў таксама наведвалі курсы на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы БДУ.
У РІВШ студэнтаў вучылі рабоце з дзецьмі, якія маюць псіхафізічныя асаблівасці. Гэта надзвычай важна, бо сацыяльны цэнтр “Расток”, дзе працуюць маладыя людзі, ажыццяўляе рэабілітацыю дзяцей-інвалідаў 6—18 гадоў і маладых інвалідаў ва ўзросце да 31 года. Адна з мэт цэнтра — псіхолага-педагагічная карэкцыя, накіраваная на інтэграцыю інвалідаў у грамадства, таму ўсім, хто тут працуе, неабходны спецыяльныя веды і навыкі. Звычайна ў “Растку” працуюць студэнты Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, якія набываюць спецыяльнасць “Сацыяльная работа”.
Ва ўсе названыя месцы адпачынку студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выязджаюць не першы год па дагаворы падраду або працоўным дагаворы. Акрамя работы ў летніках, маладыя людзі задзейнічаны на рабоце на вучэбна-доследным прадпрыемстве “Шчомысліца”, у перыяд прыёмнай кампаніі — у грамадскай камісіі. У ліпені студатрадаўцы пачнуць добраўпарадкаванне інтэрнатаў, а ў жніўні зоймуцца зборам ураджаю ў агракамбінаце “Ждановічы”, што пад Мінскам.
Акрамя таго, сёлета ўпершыню 50 студэнтаў будуць працаваць у Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Іх задача — папоўніць і абнавіць звесткі прафесарска-выкладчыцкага складу БДУ ў інтэрнэт-энцыклапедыі “Вікіпедыя”. Усяго ў студэнцкіх атрадах рознай накіраванасці Белдзяржуніверсітэта летам 2017 года змогуць папрацаваць больш за 300 дзяўчат і хлопцаў.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з сайта цэнтра “Расток”.