Каб дзеці хацелі вучыцца

- 10:46Людзі адукацыі

Працоўны стаж настаўніцы рускай мовы і літаратуры Юліі Уладзіміраўны Баяроўскай з сярэдняй школы № 20 Баранавіч складае ўсяго 6 гадоў, але малады педагог паспела перамагчы ўжо ў гарадскім этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017” і некалькіх творчых конкурсах рознага ўзроўню. Гэтыя дасягненні заканамерныя, бо Юлія Уладзіміраўна лічыць, што, каб быць цікавай сучасным вучням, неабходна пастаянна самаўдасканальвацца, павышаць эрудыцыю, валодаць высокай культурай, адпавядаць запытам часу.

— Галоўная задача настаўніка — вучыць дзяцей вучыцца, — гаворыць Ю.У.Баяроўская. — Сённяшняму грамадству патрэбны высокаадукаваныя людзі, таму моладзь павінна не стаяць на месцы, а пастаянна развівацца і рабіць новыя адкрыцці. Жаданне вучыцца залежыць найперш ад асобы педагога. Што неабходна для таго, каб яно ўзнікла і замацавалася на ўсё жыццё? Быць прафесіяналам і шчыра любіць дзяцей. Мая прафесія навучыла глядзець на жыццё з аптымізмам, радавацца нават маленькім перамогам, верыць у свае сілы і сілы вучняў. Дзеці заслугоўваюць павагі, даверу і сяброўскіх адносін. Імкнуся знайсці да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі індывідуальны падыход, развіваю іх пазнавальныя інтарэсы, абуджаю жаданне дасягаць самастойных вынікаў і радавацца атрыманым поспехам. Вучыць дзяцей вучыцца — цікавая і захапляльная, але зусім не лёгкая праца, якая патрабуе цярпення, творчасці, настойлівасці, пачуцця гумару і прафесіяналізму. У аснове майго педагагічнага крэда — спалучэнне любові да творчасці з любоўю да вучняў. Разам з імі вучуся любіць, быць цярпімай і цярплівай, пераадольваць сябе, спасцігаць простыя ісціны жыцця. Крыніцай натхнення з’яўляюцца шчырыя зносіны з дзецьмі, жыццёвы і прафесійны вопыт, у тым ліку калег.

Юлія Уладзіміраўна ўпэўнена, што вучыць дзяцей вучыцца немагчыма без дапамогі бацькоў. Таму настаўніца ўдзяляе вялікую ўвагу цеснаму ўзаемадзеянню з імі: праводзіць сходы, кансультацыі, гутаркі, адкрытыя заняткі і круглыя сталы. Толькі дзякуючы актыўнаму супрацоўніцтву школы і сям’і можна дасягнуць добрых вынікаў у вучэбна-выхаваўчым працэсе.

— Сучасны рытм жыцця патрабуе ад настаўніка пастаяннага прафесійнага росту, творчых адносін да работы і самааддачы, — працягвае Ю.У.Баяроўская. — Важнейшымі якасцямі сучаснага педагога з’яўляюцца дабрыня, адказнасць, цярпенне, энергічнасць, захопленасць любімай справай, любоў і павага да выхаванцаў, прафесійная сумленнасць і прыстойнасць. Толькі валодаючы гэтымі якасцямі і развіваючы іх, можна вучыць дзяцей вучыцца. Я ганаруся сваёй прафесіяй, якая пакідае пачуццё выкананага абавязку перад вучнямі, дазваляе адчуць далучанасць да іх лёсу і карыснасць. Самая вялікая ўзнагарода для настаўніка — поспехі дзяцей і дзіцячы смех. Сучасны педагог павінен быць разумным і тактоўным, адданым і надзейным сябрам, тонкім псіхолагам.

Юлія Уладзіміраўна прыйшла ў педагагічную прафесію ўсвядомлена. У дзяцінстве будучая настаўніца вельмі любіла гуляць у школу. Сяброўкі, жартаўліва папракаючы надзвычай строгага “педагога” ў залішняй правільнасці і празмернай адказнасці, зусім не здзівіліся, калі яна выбрала адпаведную прафесію, паступіўшы ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура. Руская мова і літаратура”.

— Аддала перавагу філалагічнаму профілю з-за гуманітарнага складу розуму і любові да чытання, — прызнаецца Ю.У.Баяроўская. — Паколькі ішла ў прафесію мэтанакіравана, не расчаравалася ў ёй і сыходзіць з яе не збіраюся. Цяжкасці не пужаюць, а прымушаюць настойліва працаваць над сабой. Школа — выдатнае месца для творчай самарэалізацыі. Для мяне як творчай асобы гэта вельмі важна. Мне падабаецца шукаць нестандартныя і арыгінальныя спосабы вырашэння розных адукацыйных праблем. Прыемна, што творчыя намаганні заўсёды ахвотна падтрымлівае адміністрацыя школы.

Юлія Уладзіміраўна назапасіла эфектыўны вопыт работы па павышэнні цікавасці вучняў да чытання мастацкай літаратуры шляхам міжпрадметных сувязей з выкарыстаннем сучасных сродкаў навучання. Такія сувязі дазваляюць дзецям выкарыстоўваць веды і ўменні, набытыя пры вывучэнні іншых прадметаў (геаграфіі, гісторыі і інфарматыкі), пры вырашэнні розных пытанняў у вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці.

— Актыўна выкарыстоўваю патэнцыял інтэрнэт-рэсурсаў і камп’ютарных тэхналогій, — расказвае Ю.У.Баяроўская. — Адным з цікавых відаў работы ў міжпрадметным кантэксце “літаратура — інфарматыка” з’яўляецца стварэнне відэаролікаў (буктрэйлераў) паводле прачытаных кніг. Буктрэйлер — гэта новы жанр рэкламна-ілюстрацыйнага характару, які аб’ядноўвае літаратуру, візуальнае мастацтва і электронныя інтэрнэт-тэхналогіі. Асноўная задача міні-фільма — паказаць кнігу чытачу і зацікавіць яго. Самае складанае ў стварэнні відэароліка — напісанне сюжэта, для чаго неабходна вылучыць у кнізе найбольш цікавыя і захапляльныя моманты. Потым трэба падабраць адметную назву, напісаць каментарыі да карцінак. Сабраць і апрацаваць матэрыял дапамагаюць веды і ўменні, атрыманыя на ўроках інфарматыкі. Буктрэйлеры затым выкладваюцца на папулярныя відэахостынгі. Дзякуючы міжпрадметным сувязям, якія дазваляюць рабіць акцэнт на нетрадыцыйных формах правядзення ўрокаў (урок — абарона праекта, урок-памяць, урок-падарожжа і інш.), вучні сталі больш чытаць і ўдзельнічаць у розных літаратурных конкурсах. Значным асабістым дасягненнем лічу выхад у фінал мінулагодняга Міжнароднага конкурсу “#СілаСлова” ў Маскве на лепшы ўрок па літаратуры сярод маладых настаўнікаў, а таксама перамогу ў Міжнародным конкурсе апавяданняў на тэму “Гуманнасць у сэрцы кожнага”, арганізаваным Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Творчыя спаборніцтвы выдатна натхняюць і матывуюць брацца за новыя цікавыя і малавывучаныя тэмы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.