Каля дваццаці студэнтаў і магістрантаў з Беларусі і Туркменістана атрымалі імянныя сертыфікаты аб праходжанні навучання на дзвюх мовах у міжнароднай прававой школе “Развіццё сучаснага права: публічныя і прыватныя аспекты”. Адукацыйны курс такога кшталту ўпершыню прайшоў на базе юрыдычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
Курс змяшчаў тэматычныя лекцыі, круглыя сталы, трэнінгі, калёквіумы. Асобны модуль — маладзёжная канферэнцыя “Трансфармацыя сучаснага права вачыма маладых вучоных”. Юнакі і дзяўчаты падзяліліся адно з адным і педагогамі вынікамі сваіх навуковых даследаванняў у сферы развіцця сучаснага права.
На ўрачыстым адкрыцці міжнароднай прававой школы прарэктар па вучэбнай рабоце ГДУ Андрэй Крук адзначыў вялікую ролю міжнароднага права ў сучасных адносінах паміж дзяржавамі свету.
Ганаровым госцем летняй школы стаў доктар права дацэнт Універсітэта Казімераса Сіманавічуса (Вільнюс, Літва) Канстанцін Іваноў. Ён расказаў студэнтам аб перспектывах развіцця міжнароднага камерцыйнага права, праблемах станаўлення прыватнага права і інш. На сустрэчы ў рэктараце вучоны абмеркаваў з рэктарам ГДУ Сяргеем Хахомавым магчымасці ўзаемадзеяння гомельскага і вільнюскага ўніверсітэтаў.
Дэкан юрыдычнага факультэта ГДУ Ірына Эсмантовіч уручыла ўдзельнікам школы імянныя сертыфікаты і павіншавала іх з паспяховым заканчэннем курса навучання. Загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Людміла Краснабаева нагадала студэнтам аб неабходнасці ўдасканалення замежнай мовы, каб у наступным годзе яны маглі стаць слухачамі міжнароднай прававой школы ў Швецыі.
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Галіны ЛАСАЕВАЙ.