Канцэптуальныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі абмяркоўваюць гэтымі днямі ў Мінску ўдзельнікі Рэспубліканскага педагагічнага савета. Напярэдадні галоўнага педсавета краіны БелТА запрасіла на свой міні-форум вядомых у рэгіёнах педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі, каб абмеркаваць тэмы, якія найбольш іх хвалююць. Прагучалі пытанні глабальнага і лакальнага характару — ад павышэння прэстыжу прафесіі да выпускных экзаменаў і залічэння ў профільныя класы.
Святлана ДАРАШЧЭНКА, дырэктар гімназіі № 7 Віцебска, настаўніца фізікі вышэйшай катэгорыі:
— Адной з актуальных тэм функцыянавання сістэмы адукацыі, на маю думку, з’яўляюцца крытэрыі прыёму ў профільныя класы гімназіі. Пры паступленні з агульнаадукацыйнай школы ў гімназію ў 5 клас ёсць крытэрый адбору — экзамены. Гэта дазваляе набраць перспектыўных вучняў. Да 10 класа патэнцыял гэтых дзяцей раскрываецца: мы бачым, хто з вучняў цягне, працуе і паказвае вынік, а хто не спраўляецца або змяніў арыенціры. Аднак крытэрыяў адбору на этапе пераходу ў 10 клас у гімназіі няма. Адпаведна, у нас няма рычагоў для таго, каб правесці адсяванне і пакінуць тых, хто сапраўды можа вучыцца на гэтай ступені і ў поўнай меры засвойваць матэрыял.
Упэўнена, што ў выпускных профільных класах настаўнік павінен выбудоўваць працэс навучання з арыентацыяй на найбольш моцных вучняў. Гэта не значыць, што менш падрыхтаваным навучэнцам не будзе ўдзяляцца належнай увагі. Аднак узровень ведаў вучняў не павінен вельмі адрознівацца, інакш эфектыўнасць вучэбнага працэсу зніжаецца: моцны вучань атрымлівае за ўрок аб’ём ведаў меншы, чым мог бы засвоіць, а слабы — наадварот, большы, чым яму па сілах успрыняць.
Мэтазгодна вярнуцца да дапрофільнай падрыхтоўкі з 8 класа. Гэтая работа давала выдатны вынік. Дзеці глыбей ведалі выбраныя прадметы, а да 10 класа маглі рэальна ацаніць свае сілы і вызначыцца з пытаннем працягнення навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Ігар МАСЛАЎ, дырэктар ліцэя № 1 Гродна:
— Актуальнымі лічу павышэнне прэстыжу прафесіі педагога і прафесійнае станаўленне маладога настаўніка.
У Гродзенскай вобласці гэтым пытанням удзяляецца павышаная ўвага. Напрыклад, добрай традыцыяй стала правядзенне летняй школы для маладых настаўнікаў. Заняткі з імі праводзяць вопытныя педагогі, члены клуба “Крыштальны журавель”, пераможцы конкурсу “Настаўнік года”. На апошняй такой сустрэчы мяне парадаваў настрой моладзі — ва ўсіх удзельнікаў семінара гарэлі вочы. Гэта гаворыць пра тое, што яны прыйшлі ў прафесію па прызванні, імкнуцца працаваць і развівацца.
У бягучым годзе распрацавалі спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс “Школа поспеху маладога настаўніка”. Да работы падключаем не толькі студэнтаў, якія прыходзяць на практыку, але і навучэнцаў. У многіх школах адкрыты педагагічныя класы і факультатывы. У гэтым годзе разам з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы правялі дыстанцыйныя сумесныя заняткі студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей і школьнікаў, якія хочуць звязаць сваё жыццё з прафесіяй настаўніка.
На мой погляд, патрабуюць вырашэння пытанні замацавання маладых спецыялістаў, арганізацыі шостага школьнага дня, летняй занятасці.
Людміла КУШНЯРОВА, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска, узнагароджана знакам “Выдатнік адукацыі” і медалём “За працоўныя заслугі”, падрыхтавала чатырох пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па рускай мове:
— Сярод самых актуальных пытанняў — сістэма ацэнкі ведаў. Я належу да пакалення настаўнікаў, якія доўгія гады працавалі па пяцібальнай сістэме, а потым перайшлі на дзесяцібальную. Такім чынам, магу параўнаць іх, зыходзячы са свайго вопыту.
Мне найбліжэйшы другі варыянт. Раней у арсенале настаўніка фактычна былі тры адзнакі — “тры”, “чатыры” і “пяць”. “Двойкі”, а тым больш “адзінкі” ставілі рэдка. Атрымлівалася, той, хто адказаў крыху лепш, чым на “тры”, і крыху горш, чым на “пяць”, атрымліваў “чацвёрку”. Але “чацвёрка” аднаго і “чацвёрка” другога — вялікая розніца, пагадзіцеся. На мой погляд, дзесяцібальная сістэма — гэта крок наперад.
Што да цэнтралізаванага тэсціравання, то вітаю даручэнне прэзідэнта да наступнай уступнай кампаніі перагледзець усе тэсты на адпаведнасць вучэбнай праграме сярэдняй школы. Помніцца, першае ЦТ па рускай мове на 30—40% складалася з выключэнняў з правіл, зараз заданні ў асноўным на ўзроўні абавязковых ведаў па праграме, хаця яшчэ сустракаюцца пытанні алімпіяднага ўзроўню. Пагадзіцеся: калі абітурыент арыентаваны на паступленне ў тэхнічную УВА, граматычныя тонкасці яму ведаць неабавязкова — для добрага выніку на ЦТ павінна быць дастаткова моцных ведаў школьнай праграмы.
Што да такой тэмы, як выпускныя экзамены, то адназначнага меркавання ў мяне няма. Выніковая адзнака значна больш важкая, чым атрыманая на выпускным экзамене. З іншага боку, гэта магчымасць павысіць адзнаку ў атэстаце. Калі выключаць выпускны экзамен, то трэба нешта змяніць ва ўступным экзамене, рабіць “два ў адным”.
Я падтрымліваю прапанову пра пераход на ўсеагульную сярэднюю адукацыю. Гэта павысіць імідж сістэмы адукацыі Беларусі, нашай дзяржавы ў цэлым.
Уладзімір ШЫЦЬКО, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, дырэктар Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа:
— Сёння на хвалі грамадскага абмеркавання — тэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі. І, на жаль, значна менш увагі ўдзяляецца прафесійна-тэхнічнай. Між іншым праблемы тут таксама ёсць. І галоўная звязана са слабай матэрыяльна-тэхнічнай базай.
Так, у Гарадку мы рыхтуем спецыялістаў аграрнага профілю. Але на якой тэхніцы?! На машынах учарашняга дня! Грошай на набыццё новай, нават у лізінг, у каледжаў няма. Пры гэтым увесь спектр сучаснай тэхнікі, на якой потым і трэба будзе працаваць нашым выпускнікам, вырабляюць айчынныя прадпрыемствы. Чаму б ім не даць хаця б па адным узоры ў вядучыя аграрныя каледжы?! Няхай на год, толькі для азнаямлення. На Захадзе такая практыка распаўсюджана. Для вытворцаў — гэта піяр сваёй прадукцыі, для навучальных устаноў — магчымасць рыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў, якія валодаюць навыкамі работы на найноўшых машынах. Дарэчы, там і вучэбных гадзін па практыцы значна больш, чым па тэорыі. У нас пакуль наадварот…
Мяне хвалюе пытанне з закрытай у 2011 годзе Лужаснянскай школай-інтэрнатам-гімназіяй для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці (на яе базе функцыянуе Віцебскае кадэцкае вучылішча). Як былы кіраўнік гэтай навучальнай установы лічу яе закрыццё памылкай. Мы збіралі лепшых, самых здольных вясковых дзяцей з усяго рэгіёна, акумулявалі патэнцыял лепшых педагогаў абласнога цэнтра, далучалі да вучэбнага працэсу віцебскія УВА. Гэта дазваляла дасягаць высокіх вынікаў: кожны год сярод нашых вучняў былі пераможцы міжнародных алімпіяд, 10—12 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд. І гэта, яшчэ раз падкрэслю, вясковыя дзеці (такія ўзнагароды цяпер у асноўным на рахунку гарадскіх школьнікаў).
Таму, асабліва з улікам правядзення ў краіне аптымізацыі сеткі сельскіх школ, лічу, што навучальныя ўстановы такога плана проста неабходны. Па шляху іх стварэння, дарэчы, ідзе Расія.
Алеся НОВІКАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Рагачова:
— Для мяне як настаўніка, класнага кіраўніка, які ўжо больш за 20 гадоў працуе ў сістэме адукацыі, відавочна, што ў сучасным адукацыйным працэсе трэба шырэй і актыўней прымяняць новыя эфектыўныя формы і прыёмы работы з навучэнцамі. У традыцыйны ўрок з тлумачэннем, пытаннямі і адказамі сёння неабходна ўключаць інтэрактыўныя элементы. На асабістым вопыце пераканалася, што дзеці з вялікай цікавасцю ўдзельнічаюць у віртуальных экскурсіях, квестах, гульнях, выказваюць сваё меркаванне праз адкрыты мікрафон і г.д. Мы жывём у эпоху сучасных гаджэтаў, віртуальныя зносіны з’яўляюцца неад’емнай часткай правядзення часу сучасных дзяцей і падлеткаў. Паколькі гэтага нам не змяніць, значыць, трэба паставіць на службу вучэбнаму працэсу. Напрыклад, мы паспяхова практыкуем абмен карыснай інфармацыяй у сацыяльных сетках.
Новых падыходаў сёння патрабуе і работа з бацькамі — простага інфармавання пра адзнакі і паводзіны дзяцей недастаткова. Трэба павышаць псіхалагічную і педагагічную культуру бацькоў, у тым ліку і праз ролевыя трэнінгі, дыскусійныя клубы і г.д
Аляксандр ТАЛАТАЙ, начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі:
— У сучасных умовах прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя — гэта крыніца фарміравання працоўных рэсурсаў, альма-матар кадравага патэнцыялу галін эканомікі і сацыяльнай сферы. На мой погляд, трэба развіваць цеснае супрацоўніцтва сістэмы прафесійнай адукацыі са школамі, актыўней укараняць дапрафесійную падрыхтоўку навучэнцаў 8—9 класаў. Гэта дапаможа будучым выпускнікам школ зрабіць правільны выбар прафесіі. Аднак на сёння ёсць вострая праблема — нарматыўна-прававы бар’ер па фінансаванні мерапрыемстваў дапрафесійнай падрыхтоўкі.
Наталля КАЛІНОЎСКАЯ, дырэктар Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава:
— Мяне больш за ўсё хвалююць пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, у першую чаргу профільнага навучання. Для нас важна захаваць тыя напрамкі, па якіх на гэтым этапе ажыццяўляецца вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні, паколькі яны запатрабаваны ў навучэнцаў. У дзяцей павінен заставацца выбар, якія прадметы вывучаць на павышаным узроўні, а якія — на базавым, у залежнасці ад схільнасцей і пераваг, звязаных з далейшым прафесійным самавызначэннем.
Пры правядзенні прафарыентацыйнай работы таксама мэтазгодна наладзіць супрацоўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і вышэйшай школы. Напрыклад, у нас такі вопыт ёсць з Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце. У бягучым годзе ў ліцэі стартаваў праект “Школьная акадэмія кіравання”, якім дзеці вельмі зацікавіліся. Ліцэісты з задавальненнем сустракаліся з прадстаўнікамі ВНУ, сталі ўдзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі маладых вучоных і студэнтаў, акцыі “Стань студэнтам Акадэміі кіравання на адзін дзень”. Я лічу, што гэта дапамагло ім зрабіць усвядомлены выбар — пасля такога цеснага супрацоўніцтва некаторыя выпускнікі ліцэя сталі студэнтамі Акадэміі кіравання.
Што да дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі, то ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, на мой погляд, ад гэтага толькі выйграюць. Мне здаецца, такі від ацэнкі ведаў больш аб’ектыўны, чым па пяцібальнай шкале. Адзінае, на што хацелася б звярнуць увагу, — пытанне выстаўлення адзнак прамежкавай атэстацыі. Зараз выстаўленне адзнакі за чвэрць ажыццяўляецца як сярэдняе арыфметычнае адзнак на аснове вынікаў тэматычнага кантролю з улікам пераважнага або найвышэйшага (паводле меркавання педагога) паўрочнага бала, гэта значыць, улічваюцца не ўсе адзнакі бягучай атэстацыі. На мой погляд, павінна ўлічвацца работа навучэнца на працягу ўсёй чвэрці.
Мікалай ШЫРКО, дырэктар гімназіі № 1 Баранавіч, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь:
— Пытанне пераходу да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі даволі складанае. На маю думку, у гэтым няма неабходнасці. З пункту гледжання магчымасцей, у краіне ёсць усё для гэтага: школы, гімназіі, ліцэі, сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, прафесійна-тэхнічныя ліцэі і каледжы. Але, па маім глыбокім перакананні, базавая адукацыя — гэта той мінімальны ўзровень, які павінен атрымаць кожны грамадзянін рэспублікі. А вось з далейшым працягваннем адукацыі чалавек абавязаны вызначыцца сам. І прымушаць яго гэта рабіць, напэўна, не трэба.
Я хацеў бы ўзняць яшчэ адно пытанне. У свой час, калі скарачалі тэрміны навучання ў вышэйшых навучальных установах з 5 да 4—4,5 года, частку вучэбных універсітэцкіх праграм планавалася перавесці ў школу на 12-ты год навучання. Ад дванаццацігодкі мы адмовіліся, а ВНУ на чатырохгадовае навучанне перавялі… У выніку — дысбаланс, нестыкоўка паміж узроўнем ведаў навучэнцаў, якія прыходзяць у ВНУ і павінны за чатыры гады адолець тую праграму, якую некалі праходзілі за пяць.
Каб кампенсаваць гэтыя недапрацоўкі ў падрыхтоўцы абітурыентаў, з’явіліся профільныя класы ў школах, гімназіях, ліцэях. Справа вельмі добрая. Але вучні ў старшых класах вывучаюць аж 17 прадметаў! Ці можна 16—17-гадоваму падлетку засвоіць увесь курс гэтых прадметаў на добрым узроўні? І як гэта ўплывае на яго здароўе?
Маё меркаванне такое: абавязковая базавая адукацыя павінна быць закончанай у вывучэнні шэрага прадметаў, каб у выпускнікоў базавай школы сфарміравалася цэласнае ўяўленне пра навакольны свет. А ў старшых профільных класах колькасць вучэбных прадметаў трэба скараціць да шасці-сямі. Возьмем, напрыклад, фізіка-матэматычны профільны клас: пакінем фізіку і матэматыку, трэцім будзе прадмет, па якім выпускнікі здаюць ЦТ, — руская або беларуская мова. Патрэбны таксама замежная мова, фізкультура. І зробім інтэграваны курс, які аб’яднае шэраг прадметаў: гісторыю Беларусі, літаратуру, культуру і г.д. Вось невялікая колькасць прадметаў, якая патрэбна вучню ў 10—11 класах. Затое ўпор будзе зроблены на тыя профільныя прадметы, якія ў ВНУ яму проста неабходны. Гэта дасць магчымасць дзецям сапраўды атрымаць трывалыя, глыбокія веды па профільных прадметах, колькасць гадзін на якія можна значна павялічыць. У далейшым гэта прывядзе да істотнага якаснага росту ведаў абітурыентаў. І ў вышэйшыя навучальныя ўстановы яны прыйдуць больш падрыхтаванымі для засваення прадметаў па выбранай спецыяльнасці. Гэта значыць, сярэдняя школа дапаможа вышэйшай школе.
Па матэрыялах БелТА.