Секцыя “Прафесійная адукацыя для развіцця інавацыйнай эканомікі Рэспублікі Беларусь” праходзіла ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі. Яе ўдзельнікі разглядалі пытанні ўдасканалення якасці прафесійнай адукацыі і навучання ў сучасных умовах. Асноўная мэта работы секцыі ў тым, каб выпрацаваць канцэптуальныя падыходы да развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі як на найбліжэйшую перспектыву (да 2020 года), так і на больш далёкую (да 2030 года). Гэта адзначыў начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандр Дзмітрыевіч Лашук.
“У 2016 годзе Беларусь па зводным індэксе чалавечага развіцця заняла ў сусветным штогадовым рэйтынгу 52 месца. Толькі адно месца аддзяляла нас ад групы краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. Беларусь займае 37 месца са 190 краін у рэйтынгу Cусветнага банка Doing Business, — расказаў намеснік дырэктара па інвестыцыях Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Міністэрства эканомікі Міхаіл Алегавіч Дашук. — У нас сёння выканана мэтавая задача па дасягненні тэмпаў росту ВУП не ніжэй за 101 працэнт. Значэнне інфляцыі пры прагнозе на паўгоддзе ў 6,7 працэнта складае 3,4 працэнта (мінімальны ўзровень за апошнія 10 гадоў). Стаўкі ў 13—14 працэнтаў па новых крэдытах для юрыдычных асоб знаходзяцца на мінімальным узроўні за апошняе пяцігоддзе. Стаўка рэфінансавання з 19 ліпеня зніжана ўжо шосты раз за год — да 12 працэнтаў гадавых. Што тычыцца інвестыцый у асноўны капітал, то тут ухіл робіцца не на будаўніцтва, а на закупку новага абсталявання. Гандлёвае сальда ў нашай краіны станоўчае, аб’ёмы імпарту меншыя, чым аб’ёмы экспарту. Галоўным партнёрам для Беларусі застаецца рынак ЕўрАзЭС, супрацоўнічаем з еўрапейскім рынкам, пашыраем кантакты з краінамі “далёкай дугі”.
За апошнія 4 гады колькасць кампаній з замежнымі інвестыцыямі ўзрасла на 40 працэнтаў. Пры долі прадпрыемстваў з замежным капіталам каля 8 працэнтаў ад агульнай колькасці прадпрыемстваў Беларусі, яны забяспечваюць амаль чвэрць валавога аб’ёму выручкі і чвэрць экспарту. Рост замежных інвестыцый падмацоўваецца станоўчай дынамікай прыросту колькасці інвестыцыйных дагавораў.
Беларусь добра ведаюць у свеце як вытворцу кар’ерных самазвалаў. Мы лідары ў машынабудаўніцтве, у лідарах па вытворчасці трактароў і сельгастэхнікі. Добрыя пазіцыі займаем і па экспарце калійных угнаенняў, уваходзім у топ-3 па экспарце малочнай прадукцыі, па льновалакне і г.д. Аб’ём экспарту ІТ-паслуг склаў амаль 1 мільярд долараў. У Беларусі, дарэчы, распрацаваны Viber, адзін з самых папулярных месэнджараў, а таксама дадатак МSQRD, які набыў Facebook і які на працягу года трымаўся ў топ-5 дадаткаў на AppStore і Google Play. І, канечне, наш вядомы брэнд — гульня World of Tanks. Не кожны з нас ведае, што шкло ў лонданскім аэрапорце Хітроў зроблена ў Беларусі, як і абсталяванне для вымярэння ўзроўню радыяцыі, якое выкарыстоўваецца пагранічнымі службамі Японіі і ЗША. Забеспячэнне пакрыцця сваіх мабільных тэлефонаў нам давяраюць Samsung і Apple”.
“У Беларусі ўводзіцца новая нацыянальная сістэма кваліфікацыі. У яе аснове — існуючая сістэма”, — расказала кансультант упраўлення арганізацыі матывацыі працы галоўнага ўпраўлення працы і заработнай платы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Аляксандраўна Пешчанка. Дзеючая сістэма складаецца з агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь “Прафесіі рабочых і пасады служачых”, агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь “Заняткі”, з адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і прафесій рабочых і адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых, з агульнадзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” і адукацыйных стандартаў. У яе будуць уведзены і новыя элементы — Нацыянальная рамка кваліфікацый (дакумент, які ўтрымлівае абагульненае апісанне ўзроўняў кваліфікацый і шляхоў іх дасягнення); сектаральныя саветы кваліфікацый, што распрацоўваюць сектаральныя рамкі кваліфікацый і прафесійныя стандарты ў канкрэтных сектарах эканомікі; сектаральныя рамкі кваліфікацый, якія вызначаюць адзіную шкалу патрабаванняў да кваліфікацый, неабходных для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці ў рамках канкрэтнага сектара эканомікі; прафесійныя стандарты, што характарызуюць змест працоўных функцый і патрабаванняў да кваліфікацый работнікаў, якія іх выконваюць; адукацыйныя стандарты, распрацаваныя на аснове прафесійных стандартаў.
З 1 студзеня 2018 года ў сілу ўступае зацверджаны агульнанацыянальны класіфікатар Рэспублікі Беларусь “Заняткі”, які аб’яднаў два класіфікатары — “Заняткі” і “Прафесіі рабочых і пасады служачых”. Акрамя таго, у наймальнікаў з’явіцца права самастойна вызначаць, чым яны будуць карыстацца — кваліфікацыйнымі даведнікамі або прафесійнымі стандартамі. Зацверджаны метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы прафесійных стандартаў. Працягваецца стварэнне сектаральных саветаў, у якія ўваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў, наймальнікаў, прафсаюзаў, навуковых супольнасцей. Такія саветы ўжо створаны пры Міністэрстве прамысловасці, Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры, у Дзяржаўным камітэце па маёмасці (тут распрацаваны праект “Сектаральныя рамкі кваліфікацый у сферы ацэначнай дзейнасці” і праект прафесійнага стандарту на від працоўнай дзейнасці “Ацэначная дзейнасць”). У плане работы Рэспубліканскага савета па развіцці сістэмы бізнес-адукацыі — работа па распрацоўцы праекта прафесійнага стандарту для пасад, якія звязаны з кіраваннем у камерцыйных арганізацыях. У Дзяржаўнай праграме аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады запланавана навукова-даследчая работа па распрацоўцы прафесійных стандартаў для работнікаў сацыяльнага абслугоўвання. Пры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь створана доследная пляцоўка цэнтра сертыфікацыі кіраўніцкіх кадраў, у рамках якой ажыццяўляецца распрацоўка і апрабацыя методык ацэнкі кіраўніцкай кампетэнцыі кадраў.
У краіне працягвае рэалізоўвацца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Рэспубліцы Беларусь”..Аб ім расказаў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Мікалаевіч Галубоўскі. Нагадаем, што гэта сумесны праект Беларусі і Еўрапейскага саюза. Ён будзе спрыяць паляпшэнню перспектыў працаўладкавання моладзі і дарослага насельніцтва з дапамогай развіцця ўзаемасувязі паміж прапановай сістэмы прафесійнай адукацыі і навучання і патрэбамі сучаснага рынку працы (у кантэксце адукацыі на працягу ўсяго жыцця). Акрамя таго, праект пасадзейнічае павышэнню якасці і прывабнасці сістэмы прафадукацыі Беларусі, а таксама ўдасканаленню інфармацыйнай сістэмы рынку працы з мэтай мадэрнізацыі прафадукацыі і пашырэння магчымасцей працаўладкавання насельніцтва.
Адпаведнае пагадненне аб фінансаванні праекта ўвайшло ў сілу ў маі 2015 года. За ім ішла працэдура конкурсных таргоў, якая завяршылася падпісаннем кантракта ў сакавіку 2017 года на аказанне паслуг з групай кампаній, якую ўзначальвае нямецкая кампанія GFA Consulting Group. Акрамя некалькіх міжгаліновых мерапрыемстваў, праект прадугледжвае рэалізацыю трох асноўных кампанентаў, якія тычацца аказання садзейнічання ў практычнай рэалізацыі сістэмы, механізмаў забеспячэння якасці навучання, а таксама павышэння эфектыўнасці функцыянавання рынку працы. Агульны тэрмін рэалізацыі праекта складае 48 месяцаў. За гэты час будзе праведзена каля 110 мерапрыемстваў, у ходзе якіх больш 3500 спецыялістаў павысяць сваю кваліфікацыю. Гэты праект — адзін з найбуйнейшых, што былі рэалізаваны ў Рэспубліцы Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, і першы сур’ёзны міжнародны праект у сферы занятасці і прафесійнай адукацыі і навучання.
Стан і перспектывы развіцця сістэмы выхавання навучэнцаў ва ўмовах абнаўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі акрэсліла Аксана Сяргееўна Папова, прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні выхаваўчай работы РІПА. Асноўнымі выхаваўчымі задачамі да 2020 года і ў перспектыве да 2030 года яна назвала наступныя: удасканаленне прафарыентацыі і дасягненне асэнсаванага выбару моладдзю сваёй прафесіі, павышэнне прыцягальнасці прафесійнай адукацыі, развіццё руху WorldSkills, укараненне перадавога міжнароднага вопыту падрыхтоўкі кадраў, фарміраванне ў моладзі прафесійна-працоўнай культуры і сацыяльна-асобасных кампетэнцый, якія вызначаюць асобасны рост, культуру працы, прафесійную мабільнасць і сацыяльную адказнасць. Выступоўца прапанавала распрацаваць і ўкараніць сертыфікат “Асобасныя дасягненні”, дзе будуць пазначаны дасягненні кожнага маладога чалавека, атрыманыя ў працэсе навучання, перамогі на конкурсах, спартыўныя заслугі, інфармацыя аб узроўні яго сацыяльнай актыўнасці, сфарміраванасці асобасных якасцей, арганізатарскіх і лідарскіх здольнасцях, удзеле ў грамадскім жыцці, мастацкай самадзейнасці і г.д.
З кваліфікацыйнымі стандартамі WorldSkills удзельнікаў секцыі пазнаёміла Вольга Васільеўна Дзехцярэнка, начальнік аддзела параўнальных даследаванняў і міжнароднага супрацоўніцтва ў прафесійнай адукацыі РІПА. На сёння рух WorldSkills ахоплівае 77 краін і з’яўляецца самай маштабнай платформай для правядзення маладзёжных спаборніцтваў па рабочых прафесіях. Спаборніцтвы арганізуюцца па 6 сектарах, якія ахопліваюць структуру сусветнай эканомікі (52 прафесіі). Беларусь з поспехам далучылася да гэтага руху ў 2014 годзе.
Аб рэалізацыі бесперапыннага навучання рабочых ва ўмовах стварэння новых працоўных месцаў расказала Ірына Уладзіміраўна Вязіцкая, дырэктар цэнтра прафесійнага навучання персаналу ААТ “Амкадор” — кіруючая кампанія холдынгу”. Гэтае буйное машынабудаўнічае прадпрыемства традыцыйна супрацоўнічае з установамі адукацыі, заключае больш за 200 адпаведных дагавораў у год. Узаемадзеянне развіваецца праз стварэнне філіялаў кафедраў. У 2016 годзе з мэтай забеспячэння прамысловасці прафесійнымі кадрамі быў заключаны мемарандум паміж ААТ “Амкадор” і РІПА з мэтай стварэння вытворчага адукацыйнага кластара, які забяспечыць абнаўленне кадравай структуры холдынгу. Работнікі кіруючай кампаніі прымаюць удзел у пасяджэннях дзяржаўных экзаменацыйных камісій. Найбольш перспектыўных студэнтаў кампанія прымае на работу. Прадпрыемства аказвае спонсарскую падтрымку ўдзельнікам чэмпіянату WorldSkills.
Надзея ЦЕРАХАВА.