20 гадоў працы дзеля дзіцяці і сям’і

- 11:10Сацыяльны ракурс

У Мінску адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае святкаванню 20-годдзя Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення.

— Дарагія сябры! Шчыра віншую калектыў Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення з 20-годдзем з дня заснавання. За гэтыя гады, дзякуючы мэтанакіраванасці, велізарнай стваральнай энергіі і высокаму прафесіяналізму спецыялістаў цэнтра, больш за 10 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак знайшлі свой дом, увасобілі ў жыццё сваю самую патаемную мару — знайшлі сям’ю. Забяспечыць права кожнага дзіцяці жыць у сям’і — ваша галоўная задача, якую вы, я ўпэўнены, вырашаеце кампетэнтна і прафесійна. Важная роля цэнтра і ў фарміраванні культуры сямейных адносін, павышэнні бацькоўскай адказнасці ў выхаванні дзяцей, захаванні і ўмацаванні сямейных каштоўнасцей, стварэнні спрыяльных умоў жыцця і развіцця дзяцей. Сваёй карпатлівай штодзённай працай вы ўпісваеце новыя старонкі ў сямейныя летапісы, крок за крокам набліжаеце дзіцячую мару аб цёплым доме, у якім кожнае дзіця будзе акружана любоўю і разуменнем. Няхай самай вялікай узнагародай для вас стануць удзячныя ўсмешкі дзяцей. Жадаю вам, дарагія калегі, моцнага здароўя, невычэрпнага энтузіязму, новых здзяйсненняў і поспехаў у такой важнай і высакароднай справе, як дарыць людзям шчасце, — гаворыцца ў віншавальным адрасе міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі калектыву Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення (НЦУ).

Сапраўды, за 20 гадоў дзейнасці цэнтра ў Рэспубліцы Беларусь было ўсыноўлена 10 тысяч дзяцей, больш як 3,5 тысячы дзяцей перададзены на міжнароднае ўсынаўленне.

Беларусь сёння мае толькі адно міжнароднае пагадненне ў галіне міжнароднага ўсынаўлення — з Італьянскай Рэспублікай, якое абумоўлена шматгадовым аздараўленчым адпачынкам беларускіх дзяцей у італьянскіх сем’ях. Пры гэтым міжнароднае і нацыянальнае ўсынаўленне ў краіне ніяк не канкурыруюць — у заканадаўстве і практыцы ўсынаўленняў безумоўны прыярытэт за нацыянальным усынаўленнем. Працэдура міжнароднага ўсынаўлення — заўсёды выключныя выпадкі. Так, за першае паўгоддзе 2017 года грамадзянамі Італіі было ўсыноўлена 17 дзяцей, а беларускімі грамадзянамі за аналагічны перыяд — 273 дзіцяці.

— Усынаўленне з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Італіяй і Беларуссю. Італія вельмі рада, што на працягу ўжо многіх гадоў у яе ёсць прывілея працаваць у галіне міжнароднага ўсынаўлення як з Нацыянальным цэнтрам усынаўлення, так і з іншымі дзяржаўнымі органамі. Мы вельмі рады тым паспяховым кантактам, якія адбываюцца ў гэтай галіне і дазваляюць вырашаць самыя розныя сітуацыі на карысць тых дзяцей, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. З радасцю хачу адзначыць, што каля тысячы ўсыноўленых за мяжой беларускіх дзяцей прынеслі велізарную радасць менавіта італьянскім сем’ям. Гэтая праца будзе працягвацца і далей. Усынаўленне — гэта вельмі далікатная галіна, якая патрабуе пэўных якасцей для работы ў ёй. Гэта, несумненна, высокі прафесіяналізм, карэктнасць, далікатнасць, шырока адкрытае сэрца, каб разумець патрэбы дзяцей і на падставе разумення гэтых патрэб найлепшым чынам вырашаць іх лёс, — адзначыў падчас святочнага мерапрыемства Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Б’янкі.

У Беларусі існуе рэспубліканскі банк даных аб усынаўленні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сёння ў ім размяшчаецца інфармацыя аб 9817 дзецях, якія падлягаюць усынаўленню. Акрамя таго, існуе адзіны рэспубліканскі інтэрнэт-партал dadomu.by. На яго старонках прадстаўлена рознабаковая інфармацыя аб магчымасцях уладкавання дзяцей-сірот у замяшчальныя сем’і, звесткі аб дзецях, якія маюць патрэбу ў сямейным уладкаванні, як з ліку выхаванцаў інтэрнатных устаноў, так і прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Па стане на 1 верасня 2017 года на партале dadomu.by размешчаны звесткі пра 3970 дзецей, якія маюць патрэбу ў сем’ях. З дня пачатку работы партала (2013 год) на сямейныя формы ўладкавання перададзена 1696 дзяцей, інфармацыя пра якіх была размешчана на партале. Дзейнасць партала ў многім зламала стэрэатыпы: дзякуючы яму, дзясяткі дзяцей, якія маюць цяжкія захворванні і інваліднасць, былі ўсыноўлены беларусамі, што раней здавалася амаль немагчымым.

Вялікі кірунак работы НЦУ — пошук і ўкараненне новых форм работы з сем’ямі, якія прынялі дзяцей на выхаванне. Сярод іх форумны рух (у лістападзе 2015 года прайшоў I Рэспубліканскі форум замяшчальных сем’яў); клубы ўсынавіцеляў, у тым ліку адзін інтэрактыўны, створаны ў сацыяльнай сетцы; старонкі Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення ў сацыяльных сетках VKontakte і Facebook; фестывалі сем’яў усынавіцеляў (“Дадому-фэст” у 2015 і “Родныя людзі” ў 2017 годзе).

У цэнтры ў розныя гады працавала шмат таленавітых людзей. Людзі прыходзілі сюды на работу і амаль заўсёды заставаліся тут вельмі надоўга. Ёсць і тыя, хто дагэтуль працуе ў НЦУ з самага першага дня работы ўстановы. Сярод іх Алена Мікалаеўна Буняева.

— Працэдура ўсынаўлення ў Рэспубліцы Беларусь за 20 гадоў зведала значныя змены, але мне здаецца, што ўсынавіцелі ва ўсе часы да нас прыходзілі з аднымі і тымі ж запытамі. Кожны кандыдат ва ўсынавіцелі і 20 гадоў назад, і 15, і 10 хацеў усынавіць дзіця, якое не мае сур’ёзных праблем са здароўем, нованароджанага або ва ўзросце да 3 гадоў, якое па магчымасці не мае братоў і сясцёр. Адзінае, што, напэўна, змянілася: 20—15 гадоў назад было вельмі папулярна сярод усынавіцеляў імітаваць цяжарнасць, хаваючы тайну ўсынаўлення нават ад блізкіх сваякоў. Памятаю, як у той час адна жанчына расказвала нам, што хавае тайну ўсынаўлення нават ад бацькоў свайго мужа, якія жывуць у суседнім пакоі, — расказвае Алена Мікалаеўна. — Колькасць дзяцей, ад якіх адмовіліся бацькі, за 20 гадоў скарацілася больш чым у 5 разоў. А вось на захаванні тайны ўсынаўлення і сёння многія настойваюць, хоць за гэтыя гады яно стала больш адкрытым і з’явілася больш сем’яў, якія не хаваюць гэты факт. За мінулы перыяд было зроблена вельмі шмат, каб развеяць міфы аб усынаўленні і ўсыноўленых дзецях, расказаць грамадству аб станоўчых прыкладах і рэальных фактах, якія тычацца ўсынаўлення. Безумоўна, стаўленне грамадства да ўсынаўлення стала мяняцца ў лепшы бок, хоць і сёння можна пачуць пустыя развагі пра гены. Мне хацелася б верыць, што ў будучыні ўсе нашы беларускія ўсынавіцелі з лёгкасцю змогуць гаварыць аб усынаўленні, ведаючы, што гэта ніяк не пашкодзіць іх дзіцяці. Думаю, што ў гэтым напрамку нам яшчэ шмат трэба зрабіць.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.