Зноў верасень паклікаў вучняў і педагогаў у школы. Абноўленыя класы напоўніліся звонкімі дзіцячымі галасамі, у свет ведаў дзяцей зноў запрасіў школьны званок. Пачаўся новы навучальны год — з яго радасцямі і спадзяваннямі, перамогамі і няўдачамі. Пра тое, якімі клопатамі жыве сістэма адукацыі Гродзенскага раёна на старце новага навучальнага года, расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама Таццяна Міхайлаўна АКСАМІТ.
— Мінулы навучальны год быў у цэлым паспяховы для сістэмы адукацыі раёна. У нас 1-е месца ў вобласці па забеспячэнні якасных паказчыкаў у сістэме дашкольнай адукацыі, палепшылася выніковасць навучэнцаў на ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, дасягнуты пэўныя вынікі ў развіцці даследчай дзейнасці навучэнцаў. Новым зместам напоўнена ідэалагічная і выхаваўчая работа, актывізавалася турыстычна-краязнаўчая дзейнасць, атрымала далейшае развіццё варыятыўнасць летняга аздараўлення, ёсць вынікі ў арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы: раён заняў 1-е месца ў абласной спартакіядзе школьнікаў у сваёй падгрупе.
Павышэнне якасці адукацыі залежыць ад многіх фактараў: падручнікаў, праграм, педагога. І калі праграмы абноўлены і новыя падручнікі выдадзены, то на першае месца выходзіць асоба настаўніка, які павінен умець не проста перадаць веды, але і навучыць вучняў думаць, разважаць, аналізаваць. Таму для сябе мы бачым задачу павышэння якасці работы кожнага настаўніка, павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, стварэнне іміджу сучаснага педагога. Сярод педагогаў раёна ёсць педагогі-наватары, педагогі, якія забяспечваюць высокую выніковасць на алімпіядах, ёсць настаўнік-метадыст. Іх патэнцыял не ў поўнай ступені выкарыстоўваецца ў маштабах раёна.
На кантролі будзе стаяць пытанне напаўнення выхаваўчым зместам кожнага вучэбнага і пазакласнага мерапрыемства, а таксама адраджэнне ў поўным аб’ёме паўнацэннай сістэмы пазакласнай работы. Педагог — гэта не толькі прафесіянал-настаўнік, які любіць дзяцей і нясе ім веды, гэта чалавек, які выхоўвае ў сваіх вучняў усё каштоўнае, пазітыўнае і маральнае, які жыве іх жыццём і падтрымлівае цесную сувязь з сям’ёй. У сувязі з гэтым адной з задач з’яўляецца павышэнне ролі класнага кіраўніка ў новым навучальным годзе.
У межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Літва — Латвія — Беларусь 2014—2020” з мэтай працягвання паспяховага супрацоўніцтва паміж муніцыпалітэтамі Елгаўскага краю і Гродзенскага раёна ажыццёўлены выезд у Латвію, падчас якога педагогі абмяняліся меркаваннямі аб шляхах развіцця і актуальных праблемах удасканалення сістэмы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
— Ці папоўніліся сёлета педагагічныя калектывы маладымі спецыялістамі? Што робіцца для іх замацавання на месцах?
— Сёлета ва ўстановы адукацыі раёна прыбылі 57 маладых спецыялістаў:
45 выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы, 3 — БарДУ, 5 — гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы і 4 — Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы.
Наладжана дапамога маладым спецыялістам у найме жылля. Існуе практыка дагавораў з базавымі гаспадаркамі і ЖКГ аб прадастаўленні месцаў у інтэрнатах. У адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі ўстаноў адукацыі маладым педагогам штомесяц выплачваецца матэрыяльная дапамога ў якасці частковай кампенсацыі аплаты за найм жылля ці праезд да месца працы і назад. Усім работнікам устаноў адукацыі, у тым ліку і маладым спецыялістам, якія паспяхова павышаюць свой адукацыйны ўзровень праз завочную форму навучання па спецыяльнасцях педагагічнага профілю, захоўваюцца льготы, прадугледжаныя Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у ДЦРД аграгарадка Верцялішкі, яслях-садзе № 2 і № 5 маладым спецыялістам, якія вучацца завочна на платнай аснове, 1 раз у год выплачваецца матэрыяльная дапамога ў памеры адной базавай велічыні.
Для паляпшэння матэрыяльнага становішча маладых спецыялістаў калектыўнымі дагаворамі ўстаноў адукацыі прадугледжаны даплаты: аднаразовая дапамога пры прыёме на работу (2 базавыя велічыні — Верцялішкаўская сярэдняя школа, дашкольныя ўстановы Квасоўкі, Абухова, Путрышак і № 1 Скідзеля; 1 базавая велічыня — Квасоўская сярэдняя школа); 2 базавыя велічыні выплачваюцца на працягу трох месяцаў (Індурская сярэдняя школа), тры базавыя велічыні — раз у год (сярэдняя школа № 2 Скідзеля). Штомесяц выплачваюцца: 20% надбаўкі да тарыфнай стаўкі (Жытамлянская сярэдняя школа), 10% надбаўкі да тарыфнай стаўкі (Гожская, Капцёўская, Лойкаўская сярэднія школы, яслі-сад — сярэдняя школа Луцкаўлян, Навасёлкаўская базавая школа, СПЦ); 2 базавыя велічыні (Путрышкаўская сярэдняя школа, сярэдняя школа № 3 Скідзеля, ДЦРД Верцялішак, дашкольныя ўстановы аграгарадкоў Гожа, Квасоўка і № 1 Скідзеля), 1 базавая велічыня — на працягу першых трох гадоў работы (Абухоўская сярэдняя школа, установа дашкольнай адукацыі № 5 Скідзеля).
Маладым спецыялістам, якія завяршылі навучанне з адзнакай, а таксама якія атрымалі акадэмічную ступень магістра, з улікам аб’ёму і якасці выканання абавязкаў устанаўліваецца 10% надбаўкі да акладу ў Квасоўскай і Азёрскай сярэдніх школах. Акрамя таго, у калектыўных дагаворах устаноў адукацыі ўстаноўлены надбаўкі педагогам на трэцім годзе работы: у перыяд страты статусу маладога спецыяліста да атрымання другой катэгорыі.
— Якія праблемы хвалююць педагогаў раёна і вас як кіраўніка?
— Нас хвалюе праблема неабароненасці дзяцей ад патоку негатыўнай інфармацыі ў інтэрнэце. Тут мы бачым значны рэсурс падчас узаемадзеяння з дзіцячымі маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі, у якаснай рабоце вучнёўскага самакіравання і сумеснай прадукцыйнай рабоце з бацькамі.
Для вырашэння задачы па забеспячэнні дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў крокавай даступнасці неабходна будаўніцтва новага дзіцячага сада ў Скідзелі. Летась ва ўстанове дашкольнай адукацыі Скідзеля было размешчана звыш нормы больш за 100 дзяцей. Акрамя таго, у цяперашні час не ўдаецца вырашыць пытанне стварэння санаторных груп па прычыне адсутнасці памяшканняў. Вывучэнне запытаў бацькоў паказвае, што будуць запатрабаваны ясельныя групы з ахопам дзяцей ад 1 да 2 гадоў.
На Рэспубліканскім педсавеце кіраўніком дзяржавы вызначаны канцэптуальныя напрамкі развіцця сістэмы адукацыі, якія былі абмеркаваны на раённай жнівеньскай нарадзе. Упэўнена, што ў нас ёсць дастатковы патэнцыял і рэсурсы, якія дазволяць іх паспяхова рэалізаваць.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.