МІНАЎ Аляксандр Уладзіміравіч,
настаўнік фізікі Урыцкай сярэдняй школы Гомельскага раёна.
Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Стаж педагагічнай дзейнасці — 15 гадоў. Настаўніку імпануюць словы П.Блонскага; “Настаўнік павінен быць, перш за ўсё, чалавекам. Любіце не школу, а дзяцей, якія прыходзяць у яе, любіце не кнігі пра рэчаіснасць, а саму рэчаіснасць…”
Намінацыя “Фізіка, астраномія, мэтэматыка, інфарматыка”
У ходзе вучэбных заняткаў педагог умела спалучае разнастайныя віды вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, імкнецца ствараць атмасферу ўзаемаразумення, супрацоўніцтва і даверу, праз праблемныя і пошукавыя метады заахвочвае дзяцей да раскрыцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу. Аляксандр Уладзіміравіч лічыць, што адукацыя — гэта не набор энцыклапедычных ведаў, а здольнасць разбірацца ў новым.
Вывучэнне фізікі — гэта складаны і працаёмкі працэс для навучэнцаў, што часта вядзе да зніжэння пазнавальнай цікавасці да прадмета і, як вынік, нізкага ўзроўню вучэбных дасягненняў. Аляксандр Уладзіміравіч вялікую ўвагу ўдзяляе павышэнню матывацыі навучэнцаў і пазнавальнай цікавасці як аднаму са складнікаў матывацыі, які заахвочвае дзяцей да паспяховага вывучэння фізікі, пазнання таямніц навакольнага свету.
Для павышэння пазнавальнай цікавасці навучэнцаў Аляксандр Уладзіміравіч у сваёй педагагічнай дзейнасці звярнуўся да тэхналогіі WebQuest (далей — вэб-квест). У педагогіцы гэтая тэхналогія выяўляецца ў праблемных заданнях з элементамі ролевай гульні, для выканання якіх выкарыстоўваюцца інфармацыйныя рэсурсы інтэрнэту. Настаўнік, складаючы заданні, падбірае інфармацыю ў сусветнай павуціне, даючы навучэнцам адпаведныя гіперспасылкі. Усё гэта захоўваецца на адным з вэб-рэсурсаў, аформленым і структураваным як вэб-квест.
Навучэнцы ў групах ці індывідуальна выконваюць прапанаваныя заданні вэб-квеста, пасля завяршэння якога прадстаўляюць уласныя вэб-старонкі па тэме ці нейкія іншыя творчыя работы ў электроннай, друкаванай або вуснай форме. Пры рабоце з вэб-квестам Аляксандр Уладзіміравіч вылучае наступныя этапы:
- падрыхтоўчы (настаўнік знаёміць навучэнцаў з тэматыкай і праблемай вэб-квеста, навучэнцы размяркоўваюцца па групах);
- выкананне задання (навучэнцы шукаюць адказы на пытанні вэб-квеста, аналізуюць і класіфікуюць атрыманую інфармацыю);
- прэзентацыя вынікаў дзейнасці (навучэнцы абагульняюць інфармацыю і прадстаўляюць яе ў выглядзе прэзентацый, дакладаў, буклетаў і г.д.);
- абмеркаванне вынікаў работы (прадстаўленне вынікаў сваёй дзейнасці іншым навучэнцам);
- ацэначны (ацэнка работы над вэб-квестам).
Пры падрыхтоўцы да ўрока з выкарыстаннем тэхналогіі вэб-квеста неабходна выбраць аб’ём матэрыялу, кіруючыся часавымі рамкамі, і вызначыць канкрэтную дзейнасць навучэнцаў.
Вэб-квест можна выкарыстоўваць як цалкам самастойны праект і як этап пры падрыхтоўцы да ўрока-канферэнцыі ці пазаўрочнага мерапрыемства. Прымяняць гэтую тэхналогію на кожным уроку неабавязкова. У залежнасці ад тэмы, тыпу ўрока, пастаўленых мэт можна выкарыстаць яе элементы.
На вучэбных занятках у настаўніка не заўсёды ёсць магчымасць ствараць і размяшчаць вэб-квест у інтэрнэце ці выкарыстоўваць камп’ютары. У гэтым выпадку элемент гульні (квеста) рэалізоўваецца праз QR-код. Такім чынам можна зашыфраваць практычна любую інфармацыю, якую навучэнец будзе атрымліваць не па факце сваёй прысутнасці на ўроку, а пры ўключэнні ў пазнавальную дзейнасць. Аляксандр Уладзіміравіч адзначае, што пры прымяненні тэхналогіі вэб-квеста на ўроках фізікі неабходна ўлічваць шэраг асаблівасцей: тэхнічную аснашчанасць кабінета (колькасць камп’ютараў, наяўнасць праектара), колькасць навучэнцаў у класе (у сувязі з гэтым вызначаецца колькасць груп і, адпаведна, кола пытанняў, якія прапаноўваюцца ў рамках вэб-квеста), часавыя рамкі вучэбных заняткаў. Рэалізаваць усе этапы вэб-квеста ў рамках аднаго ўрока немагчыма, таму неабходна частку работы планаваць па-за ім. Пад увагу бярэцца ўзровень валодання навучэнцамі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. Пры неабходнасці варта праводзіць з дзецьмі папярэднія кансультацыі.
Выкарыстанне тэхналогіі вэб-квеста стымулюе развіццё разумовай і творчай актыўнасці, інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў. Гэта пацвярджаецца пэўнымі вынікамі. Вучні Аляксандра Уладзіміравіча з’яўляюцца прызёрамі Міжнароднага конкурсу па фізіцы “Зубраня”, прымаюць актыўны ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях, паспяхова выступаюць на алімпіядах. Па выніках другога этапу рэспубліканскай алімпіяды навучэнцы А.У.Мініна прынеслі ў скарбонку сваёй установы адукацыі пяць дыпломаў. Акрамя таго, на працягу апошніх трох гадоў на абласным конкурсе “Турнір юных фізікаў” вучні Аляксандра Уладзіміравіча былі ў складзе зборнай каманды Гомельскага раёна і атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступені.
А.У.Мінін не толькі сам актыўна прымяняе сучасныя тэхналогіі ў педагагічнай дзейнасці, але і трансліруе свой вопыт сярод калег. Ён кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, удзельнічаў у падрыхтоўцы праекта “Рускі музей: віртуальны філіял” і садзейнічае яго стабільнаму функцыянаванню. Пры гэтым педагог лічыць, што ніякія тэхналогіі не дапамогуць настаўніку падрыхтаваць навучэнцаў да выклікаў сучаснага грамадства, з якімі ім давядзецца сутыкацца, калі ён не будзе бачыць у кожным сваім вучню асобу.