Як сумуюць дзеці, калі маці няма побач. Ніводны пачастунак, гульня, казачны паказ, салодкі падарунак не заменіць матулі, не заменіць яе ласкавага погляду, цёплых далоняў, роднага голаса.
Маці патрэбна дзіцяці, калі нават яна, наведваючы крывінушку, проста стаіць побач і займаецца иншымі справамі, размаўляючы з сяброўкай па тэлефоне, зрэдку пазіраючы ў твой бок. Дзеці радасна сустракаюць маму, калі нават яна прыйшла толькі на пяты дзень пасля таго, як яны апынуліся ў прытулку. І пасля сустрэчы гэта ўжо зусім іншыя малыя, якія расправіўшыся плечы, усміхаючыся, смела ствараюць планы на будучыню, паверыўшы пасля абдымкаў стуку блізкага сэрца.
Нядаўна ў дзіцячым сацыяльным прытулку Смаргонскага СПЦ прайшло свята, прысвечанае Дню маці. Амаль да ўсіх прыйшлі родныя. Адна дзяўчынка перастала пытацца пра маці, бо тая не наведвала і не тэлефанавала амаль два месяцы, а сінявокі хлопчык, які ў прытулку нядаўна, паведаміў: “Мама сказала, што не прыйдзе, у яе тэрміновыя справы”. Але відаць было, што ён ўсё ж такі спадзяваўся на цуд — раптам справы адмяніліся, таму, час ад часу, хлапчук выглядваў на лесвіцу, у надзеі пачуць знаёмыя крокі.
Пачалася сямейная гульня “Мама і я”, дзе дзеці разам з матулямі малявалі, чыталі вершы, спявалі, адгадвалі загадкі, успаміналі казкі, майстравалі касцюмы, прыдумвалі кампліменты адно аднаму… і больш шчаслівых людзей не было ва ўсім свеце. Мамы зразумелі, што самае каштоўнае ў іх ужо ёсць — любоў дзяцей, ёсць час змяніцца і ўсе наладзіць. Паверым і мы, пажадаем кожнаму, каб сямейны ачаг не згас, шчаслівых і здаровых дзяцей, дастатку, свету і дабрабыту.
А дзяўчынке, якая перастала чакаць і верыць дарослым, дапаможам знайсці новых бацькоў.
Будучыя прыёмныя бацькі і ўсынавіцелі! Прыслухайцеся да свайго сэрца, можа менавіта Вас чакае дзіця? Звяртайцеся ў аддзел адукацыі, спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама, у Смаргонскі СПЦ. Адкажам на ўсе вашы пытанні.
Ларыса Татарынава,
дырэктар Смаргонскага СПЦ.