У атмасферы шчырасці, сяброўства і павагі да чалавека

- 10:21Якасць адукацыі

Учора ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры адбылося ўрачыстае закрыццё алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Абсалютным пераможцам і ўладальнікам прыза Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы стаў навучэнец сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 37 з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў Выбарга Ленінградскай вобласці Дзяніс Пісарэнка.

“Вельмі хочацца падзякаваць усім, хто прыклаў руку да стварэння такога выдатнага свята — алімпіяды Саюзнай дзяржавы. Вялікі дзякуй Рэспубліцы Беларусь, у якой я, дарэчы, упершыню, за непаўторную атмасферу шчырасці, сяброўства і павагі да чалавека. Усё гэта не можа не даць натхнення, імпульсу працаваць над сабой далей”, — адзначыў Дзяніс пасля атрымання ўзнагароды.

Дыпломы І ступені з беларускага боку атрымалі навучэнкі Ліцэя БДУ Марыя Дзікун і Вераніка Новікава, Дар’я Вараб’ёва з Крупскай раённай гімназіі, Лізавета Лойка з гімназіі № 27 Мінска, Ксенія Шымановіч з гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Віншуем!

Акрамя таго, беларускія ўдзельнікі выдатна праявілі сябе і падчас конкурсу майстэрства рыторыкі і конкурсу знаўцаў. Як заўважылі прадстаўнікі журы, навучэнцы знаходзілі адказы на такія пытанні, у якіх і суддзі не адразу маглі сарыентавацца.

Сярод каманд дыпломам І ступені была адзначана зборная Мінска, ІІ ступені — каманды Ліцэя БДУ і Яраслаўскай вобласці. Дыпломаў ІІІ ступені ўдастоіліся прадстаўнікі Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей.

Спецыяльны прыз камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама атрымала Лізавета Лойка са сталічнай гімназіі № 27. Прыз ёй уручыў старшыня камітэта Міхаіл Мірончык, які заўважыў, што для беларускай сталіцы было гонарам прымаць алімпіяду Саюзнай дзяржавы.

Прыз Міністэрства адукацыі атрымала Ксенія Шымановіч з гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Ксенію павіншавала кансультант міністэрства Анжэла Рычардаўна Кудаярава.

Трэба адзначыць, што арганізатары алімпіяды пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы як падчас інтэлектуальных спаборніцтваў, так і ў час адпачынку. Алімпіяда праходзіла на базе сталічнай гімназіі № 7 і сярэдняй школы № 61. Праграма заключнага этапу спаборніцтва прадугледжвала правядзенне абавязковых тураў: комплекснай работы па рускай мове і літаратуры, напісання сачынення, а таксама творчых конкурсаў — рытарычнага майстэрства і знаўцаў.

Для ўдзельнікаў алімпіяды была прапанавана вялікая культурная, экскурсійная праграма, якая дазволіла навучэнцам, перш за ўсё расійскім школьнікам, пазнаёміцца з гістарычным мінулым і культурнымі традыцыямі беларускага народа. У прыватнасці, удзельнікі наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, пасадзілі Алею Памяці каля сярэдняй школы № 61 Мінска, паўдзельнічалі ў вечары сяброўства паміж народамі.

У гэтым годзе беларуская сталіца прымала 186 юнакоў і дзяўчат, прызнаных знаўцаў рускай філалогіі. У алімпіядзе ўдзельнічалі навучэнцы 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 31 рэгіёна Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Склад каманд-удзельніц заключнага этапу спаборніцтва (па 6 прадстаўнікоў ад рэгіёна) фарміраваўся з ліку пераможцаў адборачнага этапу і вызначаўся органамі кіравання адукацыяй рэгіёнаў, якія ўдзельнічаюць у алімпіядзе.

У склад журы ўвайшлі вядомыя беларускія і расійскія вучоныя, вядучыя выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, настаўнікі-практыкі. У якасці старшыні журы выступіў начальнік навукова-даследчага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт Валерый Фёдаравіч Русецкі, які шчыра падзякаваў удзельнікам алімпіяды за іх цікавыя разважанні, здольнасць хутка знаходзіць адказы на няпростыя пытанні, нават за хваляванні і няўдачы, бо алімпіяда — гэта не толькі свята, гэта яшчэ і праца, цяжкая і адказная.

Асноўная мэта алімпіяды — умацаванне сяброўскіх сувязей моладзі Беларусі і Расіі, пашырэнне супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі Беларусі і Расіі, павышэнне цікавасці вучняў да вывучэння літаратурнай спадчыны краін, культурных традыцый двух брацкіх народаў, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў.

Арганізатарамі алімпіяды з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Фінансуецца спаборніцтва з бюджэту Саюзнай дзяржавы. У 2018 годзе алімпіяда Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” пройдзе ў Расійскай Федэрацыі. Юных знаўцаў рускай мовы і літаратуры ўжо чакаюць у Новасібірску.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.