Самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека, без чаго існаванне губляе сэнс, — гэта сям’я, любоў, захаванне вернасці блізкаму. Так уладкавала сама прырода. Унутры кожнага з нас жыве жаданне стварыць сям’ю, быць любімым, адчуваць, што табе ніколі не здрадзяць. “Мая сям’я — мой скарб” — пад такім дэвізам прайшлі сямейныя вячоркі ў Парплішчанскай сярэдняй школе Докшыцкага раёна.
Да размовы былі запрошаны вучні 8—11 класаў, бацькі, протаіерэй Віктар Гмір. У цёплай атмасферы дзеці, бацькі, настаўнікі выказвалі свае думкі пра сям’ю, любоў, узаемаадносіны.
Разам з вядучай святочнага мерапрыемства Наталляй Мар’янаўнай Крук быў пабудаваны надзейны дом пад назвай “Сям’я”. У ім абавязкова павінен быць фундамент з цеплыні, дабрыні і шчасця. Вучні 9 і 11 класаў будавалі сцены з узаемаразумення, павагі і згоды. А каманда з Віктарам Гмірам будавала дах з любові, шчодрасці і сумленнасці. Атрымаўся не проста дом, а сапраўдны шэдэўр.
Парадавалі прысутных сваім выступленнем Вікторыя Падляшчук і Вераніка Андрыеўская. Вучні 11 класа пад акампанемент Арцёма Сінькевіча праспявалі пра дом, які не толькі сцены і вокны, але яшчэ і месца, куды хочацца вярнуцца.
Адным з этапаў свята стала старонка ўспамінаў пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці. Удзельнікамі гэтай светлай старонкі сталі Андрэй Вайцяховіч, які прынёс з сабой на свята польскую манету, што дасталася яму ад прапрадзеда, Ганна Станіславаўна Маркевіч (прынесла каралі з сапраўдных жамчужын) і Марына Станіславаўна Кухарэвіч (прадставіла вышыванкі сваёй бабулі). А колькі было фотаздымкаў!
Пасля сустрэчы была зроблена выснова: калі ў вас ёсць сям’я — поўная або няпоўная, забяспечаная або не вельмі, з асобнай кватэрай ці не — не гэта галоўнае, галоўнае, што яна ў вас ёсць. Цаніце і беражыце яе. Гэта крэпасць ад бур і нягод сучаснага жыцця, якая можа, з аднаго боку, абараніць ад адмоўных уздзеянняў асяроддзя, а з другога — прыстасаваць да жыцця ў грамадстве.
Беражыце свае сямейныя каштоўнасці, захоўвайце іх, перадавайце з пакалення ў пакаленне. Пасля свята ўсе яшчэ доўга не маглі пакінуць актавую залу. Размаўлялі, абмяркоўвалі… І вырашылі праводзіць падобныя мерапрыемствы ў канцы кожнай чвэрці.
Наталля ЛЫЧКО,
класны кіраўнік 11 класа
Парплішчанскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна.