Нярушаная прага

- 13:09"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Гэтым разам у рамках нашай традыцыйнай рубрыкі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” (сумесны праект Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і нашай газеты) выпраўляемся ў Рагачоў, а канкрэтна — у Рагачоўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў, каб пазнаёміцца там з танцавальным калектывам “Прага” (кіраўнік Юрый Уладзіміравіч Шаўцоў), які стаў пераможцам Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “АРТ-вакацыі”, і наогул з культурным жыццём у гэтай установе адукацыі.

Дзве лінгвістычныя праблемы

Нават не думаў, што ў мяне, чалавека з вышэйшай філалагічнай адукацыяй БДУ і аспірантурай там жа, змогуць быць праблемы з лінгвістыкай. Але яны ўсё-такі паўсталі.

Роўна год назад, калі пісаў пра рагачоўскія справы ў сувязі з Днём беларускага пісьменства ў гэтым горадзе, мяне не пакідала ўражанне… нерушы. Нерушы прыроднай, нерушы чалавечай, нерушы культурнай. Святой некранутасці, якую трэба толькі берагчы, захоўваць, любіць.

Гэтая ж неруш мяне больш за ўсё ўразіла і цяпер, калі прыехаў у Рагачоў пісаць аб калектыве “Прага” Рагачоўскага ДПТК будаўнікоў, бо тое, чым займаецца кіраўнік калектыву Юрый Уладзіміравіч Шаўцоў, — тая ж неруш. Некранутасць культурнага і чалавечага матэрыялу.

Але вось жа праблемы. З самімі словамі, з лінгвістыкай.

Па-першае, неруш. Паспрабуйце пера­класці гэтае беларускае слова на вядомыя вам мовы. Я ведаю, што па-руску ў вас атрымаецца нетронутость, первозданность, непаханность… Але ўсё гэта крыху не тое, што наша неруш. У нашым слове закла­дзены таямнічы пасыл: гэта некранутасць, гэта  святое, чыстае, белае, але ты яго ўсё ж крані, але не паруш пры гэтым.

Па-другое, “Жажда”, а менавіта так у арыгінальным варыянце называецца танцавальны калектыў Юрыя Шаўцова. Зноў жа як перакласці? Прага? Але ж прагнуць можна часцей за ўсё вады, грошай, славы. А што рабіць з жаждой жизни, жаждой любви, жаждой смерти нарэшце?

Я непрафесійны лінгвіст і дакладных адпаведнікаў да гэтых двух слоў не знайшоў: ні рускага для беларускай “нерушы”, ні беларускага для рускай “жажды”.

Зрэшты, можа, гэта і добра.

Доўга думаў, як аб’яднаць нашу неруш з “жаждой”. У мяне атрымаўся такі варыянт, які вы бачыце ў загалоўку, — “Нярушаная прага”.

У гэтым словазлучэнні таксама ёсць свой сэнс: нельга рушыць прагу чалавека ў яго жаданні знайсці сябе і знайсці гэтую неабходную для яго неруш. Вы зразумееце, пра што я зараз сказаў, калі прачытаеце ніжэйзмешчаныя нататкі.

Вікторыя

Маё знаёмства з Рагачоўскім ДПТК будаўнікоў пачалося з сустрэчы з прывабнай маладой жанчынай — бібліятэкарам установы Вікторыяй Альвінскай. Мы селі з ёй з філіжанкамі кавы, і я даведаўся шмат цікавага пра гэты каледж. Напрыклад, пра тое, што зусім нядаўна, у кастрычніку, установе споўнілася роўна 50 гадоў і што ў гэты залаты юбілей асабліва горда прагучаў дэвіз каледжа: “Нам ёсць чым сёння ганарыцца! Нам ёсць да чаго імкнуцца!”

І ганарыцца сапраўды ёсць чым. Толькі некалькі фактаў. Каледж наладзіў цеснае супрацоўніцтва з Арлоўскім рэстаўрацыйна-будаўнічым тэхнікумам, Разанскім будаўнічым каледжам. Выкладчык спецыяльных дысцыплін Марыя Паўлаўна Рыжэў­ская з’яўляецца аўтарам шасці вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спе­цыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. У 2015 і 2017 гадах яна была ўзнагароджана ганаровымі граматамі Міні­стэрства архітэктуры і будаўніцтва. Граматамі Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны Людміла Аляксандраўна Маслава, Людміла Фёдараўна Гузялевіч, Людміла Віктараўна Аляхновіч, Таццяна Аляксееўна Паўлюкова, Валерый Анатольевіч Патапеня.

Навучэнцы каледжа прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядах і конкурсах прафесійнага майстэрства. У 2014 годзе на першым рэспубліканскім чэмпіянаце Аляксандр Піменаў заняў прызавое месца ў кампетэнцыі “Абліцовачныя работы”, а Анатоль Карасёў стаў уладальнікам залатога медаля па кампетэнцыі “Каменныя работы”. У 2016 го­дзе навучэнцы Аляксей Крышна і Дзмітрый Кандрашка ўзялі ўдзел у другім чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2016 і занялі годныя прызавыя месцы.

Ды бог з імі, з гэтымі гучнымі рэгаліямі. Вось зусім рэальныя, скажам так, жыццёвыя факты, якія проста не могуць не выклікаць захаплення: Рагачоўскім каледжам пабудаваны 4 малочна-таварныя фермы і ўзведзены 97 сельскіх жылых дамоў. Хіба ж не цуд?

А яшчэ я даведаўся, што ў Рагачоўскага каледжа будаўнікоў ёсць свая нефармальная мянушка — “сотка”. Гэта таму, што ўсім ПТВ у СССР прысвойвалі канкрэтныя нумары і ПТВ у Рагачове атрымала “круглы” соты нумар. Я яшчэ сам сябе падумаў: у нас, у Мінску, калі кажуць пра сотку, маюць на ўвазе найперш аўтобус пад нумарам 100.  А ў Рагачове ёсць іншая “сотка” — установа адукацыі з выдатнай рэпутацыяй і “залатой” 50-гадовай гісторыяй.

А яшчэ Вікторыя Іванаўна паведаміла мне, што ў каледжы вялікую ўвагу ўдзя­ляюць такім пытанням, як культура, спорт, здаровы лад жыцця. Гэта дзеля таго, каб рабіць з навучэнцаў не толькі прафесіяналаў сваёй справы, але і проста людзей. Па словах Вікторыі Альвінскай, ва ўстанове нала­джана дзейнасць 17 аб’яднанняў па інтарэсах, і адным з іх кіруе яна.

— А якім, Вікторыя Іванаўна?

— “ВИТА-арт”.

— Патлумачце, калі ласка…

— Мы самі прыдумалі такую абрэвіятуру: “Весёлые, интересные, творческие, активные”. І ў той жа час зразумела, што vita — гэта жыццё.

— Чым вы займаецеся ў сваім аб’яднанні?

— І дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, і фотасправай, і літаратурай… Мы робім з дзецьмі пастаноўкі, вучымся чытаць з імі вершы. А нядаўна пабывалі з першакурснікамі на адкрыцці выставы мясцовай самабытнай мастачкі Ніны Якунінай у нашай галерэі.

— Як вам падалося: дзецям гэта было насамрэч цікава?

— Вельмі. Ведаеце, гэта першакурснікі. Яны пакуль не прыбіліся яшчэ да нейкіх канкрэтных калектываў. Проста прыходзяць вечарам да мяне і пытаюцца: “Вікторыя Іванаўна, а што мы будзем заўтра рабіць пасля заняткаў?” Я ім і сказала: “Пойдзем на выставу…”

На гэтым мая гутарка з Вікторыяй Іванаўнай магла б і закончыцца — для першаснага знаёмства з Рагачоўскім каледжам будаўнікоў інфармацыі было больш чым дастаткова. Але заставалася адчуванне нейкай недагаворанай паўзы.

Мы з Вікторыяй Іванаўнай адпілі кавы, і яна сказала: “Першай роднай мовай лічу беларускую. І дзяцей да гэтага далучаю. Усе мае мерапрыемствы праходзяць толькі на нашай мове. Калі іншы раз нехта кажа пра тое, што не любіць беларускую мову, зна­чыць, ён проста яе не чуў — у правільным вымаўленні… А я ж і сама вершы пішу”.

Прызнаюся, у мяне пасля гэтых слоў як мову адняло. Я быў так рады пачуць гэтыя словы, што, шчыра кажучы, не хутка вымавіў: “Вікторыя, дык а пакажыце мне свае вершы. Паверце, я змагу ацаніць”. — “Я вам іх вышлю па электроннай пошце”.

Днямі атрымаў ліст. Чытаў і захапляўся. Адразу зразумеў, што гэта сапраўдная паэзія. Што такія вершы ў Мінску днём з агнём не знойдзеш. Што гэта тая паэтычная неруш, якая можа захавацца яшчэ толькі ў правінцыі. Проста не верыў, што мне па­шчасціла пазнаёміцца з такой таленавітай паэтэсай з Рагачова. Думаю, у найбліжэйшы час на старонках нашай газеты мы на­друкуем вялікую паэтычную падборку загадчыцы бібліятэкі Рагачоўскага каледжа будаўнікоў і апантанай руплівіцы-педагога Вікторыі Альвінскай.

Не трэба жыць спакойна, чалавек,

Не трэба ўцякаць ад перашкод,

Бо твой і без таго кароткі век

Зусім кароткім стане без прыгод. 

Яны гартуюць дух, нібыта сталь

Гартуе полымя чырвоных языкоў.

Хто жыў без цяжкасцяў — лічы: амаль

Зусім не жыў, і знік паміж пяскоў.

Дзеці

Адразу зраблю некалькі прэамбул.

Па-першае, магчыма, я парушаю этыку сённяшняй прафесійнай лексікі. Зараз нібыта трэба гаварыць не вучні, не гімназісты, не дзеці, а навучэнцы. Але ўсё-такі для мяне навучэнцы Рагачоўскага ДПТК будаўнікоў менавіта дзеці. Са сваімі мілымі ўсмешкамі, адкрытымі вачыма, часам наіўнымі, але ў той жа час зусім дарослымі думкамі. Быў момант пэўнай невыпадковасці ў маёй камандзіроўцы: я зайшоў у аўдыторыю, дзе мяне чакалі артысты “Купальскага кола”, і я адразу ж выхапіў вачыма некалькі дзяўчат, з якімі размаўляў і якіх фатаграфаваў у маі ў Маладзечне на гала-канцэрце “АРТ-вакацый”. За апошнія паўгода я паспеў сфатаграфаваць сотні лю­дзей, але адразу ж успомніў гэтых дзяўчат. Гэта менавіта яны тады рассмяліся, калі я па наіўнасці запытаў іх: “Дык а з якімі таркамі вы танцуеце, калі прадстаўляеце каледж будаўнікоў? Тымі, на якіх дзяруць бульбу?” А яны весела тады адказалі: “Таркі бываюць розныя! Ёсць такія, пра якія вы кажаце, — для бульбы. Але ёсць і такія, якімі кладуць тынкоўку”.

Як жа хутка растуць нашы дзеці! З мая мінула нейкіх паўгода. Тады гэта былі зялёныя 15-гадовыя дзяўчынкі. А сёння… усё тыя ж дзеці, толькі ператварыліся ў прыгажунь дзяўчат.

Па-другое, “Купальскае кола” — гэта не нейкая там букалічная зарысоўка. Гэта дастаткова сур’ёзная харэаграфічная рэч, наскрозь пранізаная метафарамі, тая, якая дазваляе маладым людзям зірнуць на традыцыйны купальскі міф пра кветку шчасця — папараць — з зусім нечаканага ракурсу.

Па-трэцяе, некаторыя мае юныя рэспандэнты называлі кіраўніка харэаграфічнага калектыву “Прага” Юрыя Уладзіміравіча Шаўцова, які на паўтара ці два дзясяткі гадоў за іх старэйшы, проста Юрам. І такое “панібрацтва”, напэўна, можа кагосьці абурыць. Але не трэба ўзрушвацца. Гэта су­светная тэндэнцыя — называць старэйшых за сябе людзей толькі па імені. А ў нашым выпадку гэта яшчэ і сведчанне таго, што кіраўнік калектыву робіць нешта вельмі зразумелае і роднае для навучэнцаў.

Я пытаўся ў артыстаў калектыву “Прага” пра розныя рэчы — пачынаючы з таго, за што яны цэняць кіраўніка свайго калектыву, і заканчваючы тым, што значыць для іх купальскае шчасце, чалавечае шчасце, у чым сэнс жыцця. Кожны прадстаўляўся перад тым, як сказаць свае словы. Але не буду называць прозвішчы, скажу толькі імёны — каб падкрэсліць, што гэта адна каманда.

Іван: “Я даўно займаюся ў Юры. Мне падабаецца тое, што ён ставіць харэаграфію з сэнсам. Не проста танцы. У кожным яго танцы закладзены нейкі сэнс, і пры гэтым ён нам гаворыць, што для таго, каб паказаць гэты сэнс, трэба перажыць яго самому, на ўласным эмацыянальным узроўні. Ён нам казаў не раз: “Калі вы танцуеце, трэба рваць публіку! А рваць публіку можна толькі сэрцам. Ну а потым ужо нагамі ці рукамі”. Пасля вучобы ў каледжы я хацеў бы звя­заць сваё жыццё з… харэаграфіяй. Гэта дзякуючы Юру”.

Насця: “Быў момант, калі я плакала перад выступленнем. Я вельмі добра ведала танец, але перажывала: а раптам спатыкнуся, а раптам не тое зраблю… І ніяк не магла супакоіцца. Юрый Уладзіміравіч падышоў да мяне і сказаў: “Усё будзе добра. Я ў цябе веру”. І тады я сама ў сябе паверыла. Страх знік. Я выйшла на сцэну і выдатна адтанцавала. А потым ужо плакала ад шчасця, ад таго, што мы занялі 1-е месца на
“АРТ-вакацыях”. І Юрый Уладзіміравіч плакаў разам з намі”.

Міша: “У Юрыя Уладзіміравіча, здаецца, няма куміраў у харэаграфіі. Хаця, можа, я і памыляюся. Але ўражанне такое, што ні ў каго не было такіх танцаў, як у яго. Ён сам усё прыдумвае”.

Ліза: “Я хаджу на заняткі да Юрыя Ула­дзіміравіча толькі два месяцы, і мне вельмі падабаецца. Ён нават злуецца па-добраму. Калі ў нас нешта не атрымліваецца, не ганіць нас, маўляў, вы такія-сякія, а проста кажа, што канкрэтна ў каго не атрымліваецца, і тлумачыць, як правільна трэба зрабіць. Ён наш сябар”.

Карына: “Я была, як кажуць, першай душой у танцы “Купальскае кола”. Менавіта я знайшла папараць-кветку. Але гэта было шчасце, спалучанае з трагедыяй. Я знайшла сваё каханне, але… гэта каштавала мне вельмі дорага. Мне давялося пазмагацца ў барацьбе за сваё каханне і з усімі мужчынамі, якія хацелі пераманіць мяне, і нават з самім цёмным лесам, які мяне акружаў з усіх бакоў. Урэшце адзін хлопец (ён ужо закончыў вучобу ў каледжы) змог завабіць мяне ў цёмны бок. Я знайшла з ім сваё каханне. Але гэта быў усё-такі цёмны бок, а я была светлая. Памятаю, калі танцавала другі раз гэты танец, нават расплакалася. Я перажывала яго як нешта рэальнае”.

Света: “Я даўно займаюся харэаграфіяй. У мяне было шмат настаўнікаў, і ўсе яны былі розныя. Але такога харэографа, як Юрый Уладзіміравіч, я не сустракала ніколі за сваё танцавальнае жыццё. Галоўнае, што ён нам заўсёды казаў: “Вы ўсяго зможаце дабіцца, калі толькі захочаце”. Да мяне ўжо адзін хлопец казаў, што ў танцы Юрый Ула­дзіміравіч вучыць нас у першую чаргу эмацыянальнаму выкананню. Я абсалютна згодна. Ёсць розныя танцавальныя стылі: брэйк, хіп-хоп, тэктонік і многія іншыя. Але кожны з іх зможа закрануць гледача толькі тады, калі ты ўкладзеш у яго сваю душу”.

Каця: “Магчыма, Юрый Уладзіміравіч навучыў мяне сэнсу жыцця: жыць так, каб пра цябе ведалі, каб пра цябе помнілі, што ты рабіў нешта добрае, нешта прыгожае. Каб тваё жыццё не праляцела, як нейкі дым”.

Юрый

З кіраўніком харэаграфічнага калектыву “Прага” Юрыем Уладзіміравічам Шаўцовым, які паставіў “зорны” нумар “Купальскае кола”, мы размаўляем у Побалаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Гэта недзе за 17 кіламетраў ад Рагачова. Тут Юрый працуе па сумяшчальніцтве і таксама займаецца харэаграфіяй.

Я ўжо валодаў пэўнай інфармацыяй пра свайго субяседніка. Ён нарадзіўся ў Рагачове ў 1983 годзе. У свой час займаўся ў харэаграфічным калектыве “Чароўны свет”, які працуе ў адной з рагачоўскіх школ. Хацеў вучыцца на медыка, але атрымалася так, што партнёрка, з якой Юрый танцаваў у “Чароўным свеце”, захацела паступаць у Гомельскі каледж мастацтваў на харэографа і па­прасіла яго зрабіць сумесны танцавальны нумар. Юрыю настолькі спадабалася, што ён таксама вырашыў паступаць у гэтую ж установу адукацыі. Пасля 3 курса паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Закончыўшы вучобу ў гэтай УВА, вярнуўся ў родны Рагачоў і адразу ж акунуўся ў працу з харэаграфічным калектывам “Прага”, які сам жа стварыў у Рагачоўскай школе мастацтваў. Адпрацаваў тры гады. На год з’ехаў працаваць у Гомель. Потым вярнуўся ў Рагачоў, дзе ў “сотцы” кіруе калектывам “Прага”, а паралельна працуе ў Побалаўскай школе ма­стацтваў…

А яшчэ ў мяне была такая інфармацыя пра Юрыя Шаўцова: “Кажуць, што танцаваць дрэнна можна, вучыць дрэнна нельга. Юрый Уладзіміравіч вучыць дзяцей танцаваць добра. Ён вучыць іх жыць у танцы. Усе, хто назірае за яго працай, у адзін голас адзначаюць змены, якія адбываюцца з удзельнікамі калектыву “Прага”. Яны робяцца актыўнымі, захопленымі жыццём. У іх вачах загараецца іскра творчасці і натхнення”.

Карацей, інфармацыі было шмат, але я ўсё адно не змог не здзівіцца, калі першы раз пабачыў Юрыя. Я ўбачыў сімпатычнага маладога чалавека — падцягнутага, у модным адзенні, з лёгкай сексуальнай няголенасцю, усяго ў татуіроўках, у акулярах, з жывым бляскам у вачах. На сто працэнтаў еўрапейскага выгляду чалавек. Я адразу ж зразумеў, чаму некаторыя навучэнцы Рагачоўскага каледжа называюць яго Юрам, а не Юрыем Уладзіміравічам. А гутарка з ім мяне яшчэ больш пераканала: мы павінны ганарыцца такімі маладымі выкладчыкамі, якія сёння робяць жыццё ў нашай правінцыі прыгожым, разумным і… еўрапейскім.

— Юрый, вы самі прыдумалі назву калектыву — “Прага”? І чаму такую?

— Сам. А гаворка ідзе аб празе нейкіх адкрыццяў. Наогул, лепш называць “Прагу” праектам, паняцця калектыву для мяне замала. Я сам крышачку такі — быццам чалавек-праект. Заняўся яшчэ і жывапісам — у лютым адкрыецца мая выстава. І праца­ваць я люблю з тымі дзецьмі, якія самі хочуць працаваць, якія індывідуальна раскрываюцца. Я не люблю калектывы, якія ідуць па нейкай пратаптанай сцяжыне. А мы робім зусім розныя рэчы — і ў сучаснай харэаграфіі, і ў традыцыйнай…

— У вашай творчасці з’явілася тэма Купалля і пошуку папараць-кветкі. Што вы самі шукаеце ў гэтым беларускім міфе?

Каментарый спецыяліста

Загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў НЦМТДіМ Алена Сяргееўна ЛАЎРЫНОВІЧ: “Традыцыйна ў рубрыцы “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” мы прадстаўлялі пераважна кіраўнікоў калектываў, чый прафесійны вопыт — дзясяткі творчых гадоў. Сёння мы ўзбагацілі традыцыю і ўключылі ў наш творчы палілог маладога і па ўзрос­це, і па прафесійным стажы педагога Юрыя Шаўцова. Безумоўна, мы гаворым у першую чаргу пра творчы старт. А ён высокі. Юрый Шаўцоў — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Упершыню прыняўшы ўдзел у “АРТ-вакацыях” у 2012 годзе, ён прадставіў надзвычай цікавыя творчыя рашэнні як харэограф-пастаноўшчык і заслужана стаў пераможцам у намінацыі “Сучасная харэаграфія”. Перамога Юрыя Шаўцова на сёлетнім фестывалі — яшчэ адно сведчанне яго прафесійнага росту. Быць заўсёды актуальным, валодаць творчай інтуіцыяй, умець выказацца ў пластыцы і рытме, пераўтварыць думку ў рух, а пачуццё — у танец, расказаць пра галоўнае сродкамі харэаграфіі — ва ўсім гэтым творчае і педагагічнае майстэрства Юрыя Шаўцова.

— Мне хацелася дастукацца праз яго да людзей. Скразная метафара ў нашым нумары — дошкі, за якімі танцоры хаваюцца, у якія яны стукаюць… Гэта і дзверы, у якія мы вечна стукаемся, гэта і шасцярэнькі, якія круцяць нас у часе, гэта і крыж, які мы нясём, гэта частачкі таго, з чаго збіраецца ўсё наша жыццё. А з іншага боку, гэта нумар пра каханне. У Купальскую ноч чыстая дзяўчына сустракае сваё каханне. Пара, якая ўтвараецца, праходзіць праз усе церні. У канцы нумара падымаецца крыж з гэтых дошак, а на ім сядзіць дзяўчына. Потым крыж пераўтвараецца ў мост, па якім яна ідзе да свайго каханага.

— Вы кажаце проста пра неверагодныя рэчы! Не рызыкоўна было прапаноўваць такія тэмы 15-гадовым дзецям?

— Ведаеце, мы доўга ішлі да гэтага. Летась, калі не было “АРТ-вакацый” сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, паставілі нумар на адным конкурсе. І прайшлі з ім. Але я адчуў, што дзецям нечага не хапае. Яны ў такім узросце вельмі ўсё тонка адчуваюць. Ім трэба ўсё больш і больш эмоцый і ўражанняў ад сваёй творчасці.

— Ведаю, што вы зрабілі нядаўна новы нумар — “Птах”…

— Гэта нумар пра свабоду, пра ўваход у жыццё, пра тое, што якраз адбываецца сёння ў іх жыцці.

— Юрый, слухаю вас і гляджу на вас. З аднаго боку, такая наша родная беларуская тэматыка ў вашай творчасці: “Купальскае кола”, “Птах”… А з іншага — вашы татуіроўкі. Як гэта ўсё сумяшчаецца ў адным чалавеку?

— Дысгармоніі, паверце, няма. Я вучыўся ўсё-такі на народным аддзяленні, і гэта тое, у чым я плаваю як рыба. Чаму я павінен ганяцца за модным, калі ўся мода вяртаецца? Чаму б не рабіць старыя рэчы з новым поглядам, каб яны зайгралі па-новаму? Веласіпеднае кола ж даўно ўжо вынайдзена. Ну, а татуіроўкі — гэта татуіроўкі…

— Ці маглі б падзяліцца сакрэтамі сваёй педагогікі?

— Напэўна, самае галоўнае — знайсці агульную мову з дзецьмі. Скажу шчыра: калі я толькі-толькі прыйшоў выкла­даць з універсітэта, мне рабілі заўвагі, маўляў, я паводжу сябе занадта на адным узроўні з дзецьмі. А я задаваў пытанні: “А чаму і не? Чаму не гаварыць з дзецьмі ў першую чаргу як са сваімі сябрамі?” Дзеці ж тады адчуваюць сябе камфортна, калі побач з імі сябар, а не нейкі дзядзька, што стаіць над імі. Я думаю, педагог павінен адчуваць неабход­насць увахо­дзіць у маладосць. Калі б вы зайшлі да нас на рэпетыцыю, то, напэўна, не адшукалі б мяне сярод дзяцей. На рэпетыцыях мы ў аднолькавым адзенні танцуем, скачам, поўзаем… Потым сядаем і проста гаворым. Пра жыццё. І, дарэчы, пра татуіроўкі. Гэта, акрамя ўсяго, сведчанне пэўнага экстрыму, да якога моладзь якраз ця­гнецца. І мне сапраўды гэта дапамагае. Я не ведаю, як выглядаў бы са сваімі татуіроўкамі, калі б быў выкладчыкам матэматыкі, але як харэограф я, здаецца, выглядаю прывабна.

— Юрый, тая справа, якую вы робіце, выклікае ў мяне толькі захапленне. Але адкажыце, калі ласка, на такое нясціплае пытанне: вы камфортна адчуваеце сябе тут, у Побалаве, у Рагачове? Як чалавек, як творца, як педагог?

— Вельмі. Я год працаваў у Гомелі. Там шмат розных спакус, якія, скажам так, бянтэжаць нашых дзяцей. Многія проста распыльваюцца, шукаюць сябе то ў адным, то ў іншым. А тут, у Побалаве, адна школа ма­стацтваў і адна агульнаадукацыйная школа — дзеці з раніцы і да позняга вечара. Ім тут усё цікава. Іх не цягне больш нікуды. А што важна для педагога? Каб былі яны, дзеці. І тады ты можаш рабіць з імі нейкі матэрыял. Я раблю сваю справу ў харэаграфіі.

— У чым сэнс жыцця?

— Знайсці сябе. Такі чалавек упэўнена адчувае сябе ў любых жыццёвых абставінах, у любым месцы.

Шчаслівая дарога дадому

З дырэктарам Рагачоўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнікоў Сцяпанам Раманавічам Рыжэўскім мы вярталіся з Побалава ў Рагачоў, і, кіруючы аўто, ён імправізацыяй право­дзіў для мяне экскурсію па Рагачоўшчыне: гэта жылыя дамы, якія пабудавалі супрацоўнікі і навучэнцы каледжа, гэта мясцовы аэрадром, гэта возера ў выглядзе сэр­ца, пераробленае да Дня беларускага пісьменства… Шчыра кажучы, мне адразу, з першага погляду спадабаўся Сцяпан Раманавіч як дырэктар — сур’ёзны, нешматслоўны, але ў той жа час уважлівы і добразычлівы. І сціплы. Колькі я яго ні ўпрошваў сфатаграфавацца, ён так і не згадзіўся. Па дарозе высветлілася, што ў яго толькі адзі­н запіс у працоўнай кніжцы — Рагачоўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў, што ён дэпутат мясцовых Саветаў ужо некалькіх скліканняў, што… ён не надта любіць свае дні нараджэння, бо там заўсёды вельмі многа салодкіх слоў.

“Мяне радуе мая работа, радуе наш каледж, радуюць дзеці, якія ў нас вучацца, — сказаў мне Сцяпан Раманавіч. — Асабліва калі яны дабіваюцца поспехаў у сваёй любімай справе — і не толькі ў тым, што тычыцца агульнаадукацыйных прадметаў, але і ў спартыўных секцыях, у гуртках мастацкага кірунку. Калі бачыш іх высокія вынікі ў розных сферах жыцця, разумееш: ты дзеля гэтага і працуеш”.

…Седзячы на рагачоўскім аўтавакзале, я чакаў маршрутку дадому. Успамінаў Сцяпана Раманавіча Рыжэўскага, Вікторыю Іванаўну Альвінскую, Юрыя Уладзіміравіча Шаўцова і ўсіх дзяцей з Рагачоўскага каледжа будаўнікоў. Радаваўся за іх.

І мне зноў успомнілася наша слова “неруш”. Каму з нас незнаёма гэтае неверагоднае адчуванне, калі стаіш у векавечным сасновым лесе і толькі радуешся навакольнаму хараству, навакольным гукам?! Табе хочацца ўсё гэта крануць, але ты стаіш зачараваны — і заміраеш…

Ёсць і чалавечая неруш. Я ўбачыў яе ў Рагачове. Акуратна дакрануцца да чыстай дзіцячай душы, не парушыць яе, не нашко­дзіць ёй, а даць раскрыцца… Неруш. Краніся, але не руш.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.