Каб гучала родная мова

- 14:31Нам пішуць

Педагогі нашай гімназіі імкнуцца, каб прадметныя тыдні, якія праходзяць у ёй, атрымаліся запамінальнымі, арыгінальнымі і насычанымі. У госці запрашаюць цікавых людзей, арганізоўваюць выставы і акцыі. Так было і падчас нядаўняга Тыдня беларускай мовы і літаратуры. Зрабіць яго адметным дапамаглі, як заўсёды, зацікаўленыя вучні.

Напярэдадні свята васьмікласнікі размясцілі на ўсіх паверхах гімназіі паэтычныя выказванні пра родную мову. А пачаўся тыдзень з акцыі “Пажаданні роднай мове”. Імправізаваная карта Беларусі расквецілася цёплымі словамі ў адрас мовы. Вучні і педагогі жадалі ёй росквіту, неўміручасці і шырокага распаўсюджання ва ўсіх сферах жыцця.

Дзесяцікласнікі зладзілі літаратурную кампазіцыю “Квітней, наша родная мова”, дзе гучалі вершы, прачулыя словы і цікавыя факты з даследаванняў ЮНЕСКА. Акрамя таго, быў абвешчаны конкурс на лепшае валоданне беларускім словам у пазаўрочны час сярод дзяцей і дарослых (акрамя настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры).

У другі дзень старшакласнікаў запрасіла актавая зала на прэзентацыю даследчай работы “Сакрэты трывалага шлюбу паводле беларускіх прыказак”. 15—16-гадовым юнакам і дзяўчатам было над чым задумацца і паразважаць. У гэты ж дзень на перапынках дэманстраваліся мультфільмы на беларускай мове.

Праграма трэцяга дня была вельмі насычанай. Кухары гатавалі нацыянальную беларускую страву — дранікі. Смаката такая, што пальчыкі абліжаш!

Удзельнікі этнаграфічнага гуртка “Вытокі” зладзілі гульнявую праграму “У гасцях у бабулі Алены”, якая перанесла гледачоў у XX стагоддзе і азнаёміла з беларускімі народнымі гульнямі прабабуль і прадзядуляў сучасных падлеткаў (“Рыбак з бітком”, “Хустачка”, “Падушачка”, “Пярсцёнак”).

Сямікласнікі ўдзельнічалі ў конкурсе “Перакладчык”, а адзінаццацікласнікі выконвалі пробныя тэсты па беларускай мове. Для перакладу прапаноўваліся рускія словы, пры перакладзе якіх на родную мову выяўлялася яе адметнасць і нацыянальная непаўторнасць (назвы ягад, агародніны і кветак, словы ветлівасці, назвы дзён тыдня і г.д.).

Асноўнай падзеяй наступнага дня стала сустрэча з беларускім пісьменнікам і філосафам Валянцінам Акудовічам. Двухгадзінная сустрэча старшакласнікаў з гэтым цікавым чалавекам прайшла на адным дыханні. Валянцін Васільевіч расказаў пра творчую біяграфію, прачытаў свае творы, адказаў на пытанні гімназістаў (“Што рабіць, калі раптам не паступіш туды, куды марыў?”, “Які твор беларускай літаратуры варты перакладу на ўсе мовы свету?”, “Каго з маладых беларускіх аўтараў вы параіце пачытаць?”, “Як за жыццё паспець зрабіць усё задуманае?”). Пісьменнік застаўся прыемна ўражаны сустрэчай, сур’ёзнымі адносінамі вучняў да літаратуры.

Для пяцікласнікаў быў арганізаваны інтэлектуальны марафон “Любі, шануй, ведай родную мову!” з цікавымі і пазнавальнымі заданнямі.

Завяршыўся тыдзень літаратурна-музычнай кампазіцыяй, прысвечанай 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа “Слынныя сыны зямлі нашай”. Са сцэны гучалі малавядомыя факты з біяграфій класікаў, вершы і музыка.

Самыя актыўныя ўдзельнікі прадметнага тыдня былі ўзнагароджаны.

Педагогі спадзяюцца, што беларуская мова будзе гучаць у гімназіі не толькі на працягу прадметных тыдняў. Хочацца часцей чуць роднае слова з вуснаў выпадковых прахожых, у сяброўскай гутарцы, пры сустрэчы з выпускнікамі.

Святлана ЕРМАКОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Ляхавіч.