Зімовыя канікулы вучняў Дзмітравіцкай сярэдняй школы Камянецкага раёна пачаліся надзвычай цікава. 27 снежня ў суправаджэнні экскурсавода турыстычнай фірмы “ЯрмОл Трэвл” хлопчыкі і дзяўчынкі рушылі ў падарожжа.
Першы прыпынак група зрабіла ў Жодзіне на сусветна вядомым заводзе “БелАЗ”. Вучняў сустрэлі ЭлектронІК і Вясёлая Шасцяронка, якія пазнаёмілі прысутных з заводам. Спачатку падарожнікі наведалі музей, дзе даведаліся пра гісторыю завода і геаграфію эканамічных зносін канцэрна, азнаёміліся з дасягненнямі калектыву і ўкладам асобных работнікаў у развіццё прадпрыемства. Цікава было разгледзець выставу сувеніраў-падарункаў іншаземных дэлегацый завода “БелАЗ”. Потым здзейснілі аўтамабільнае падарожжа па тэрыторыі завода, наведалі зборачны цэх. Асаблівыя ўражанні пакінула знаёмства з тэхнікай. Вучні змаглі дакрануцца да самага вялікага ў свеце самазвала, занесенага ў кнігу рэкордаў Гінеса, пабываць на палубе аднаго з беларускіх волатаў. Напрыканцы экскурсіі да хлопчыкаў і дзяўчынак выйшаў Дзядуля Мароз, які павіншаваў з надыходзячымі святамі і ўручыў падарункі.
Наступным прыпынкам падарожжа быў завод Coca-Cola. Прадстаўніца кампаніі пазнаёміла з гісторыяй стварэння напітка і ўзнікнення вытворчасці, тэхналагічнымі стадыямі гатавання, разнастайнасцю прадукцыі. Потым вучні ўбачылі вытворчы цэх. Не абышлося наведванне завода без дэгустацыі напіткаў, якія выпускае прадпрыемства. Вынікам стала віктарына, пераможцы якой атрымалі памятныя прызы. Усім прысутным ад кампаніі Coca-Cola ўручылі навагоднія сувеніры з лагатыпам прадпрыемства.
З добрым настроем і яркімі ўспамінамі група рушыла ў зваротны шлях!
Наталля БАГАВІД,
настаўніца пачатковых класаў
Дзмітравіцкай сярэдняй школы Камянецкага раёна.