У Лагойскім доме-інтэрнаце прайшла дабрачынная акцыя “Стары Новы год” для састарэлых і інвалідаў.
Дзеці з малазабяспечаных, няпоўных і шматдзетных сем’яў прыехалі да старых, каб павіншаваць іх са святам, зрабіць з імі памятныя падарункі, пакаштаваць пірагоў, прысмакаў і проста разам правесці час. Арганізавалі і правялі сумесную акцыю “Стары Новы год” грамадскае аб’яднанне “Ротары-клуб “Мінск-сіці” і валанцёрскі рух “Патрэбныя людзі”. Станоўчыя эмоцыі пастаяльцам падарыў лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў узорны фальклорны ансамбль “Жавароначкі” пад кіраўніцтвам Наталлі Баяльскай. Адклаўшы ўсе справы, у інтэрнат прыехала другая віцэ-місіс свету Дар’я Рэут, якая прывезла падарункі і сказала шмат добрых слоў. Радасныя галасы, дзіцячы смех, танцы не пакінулі абыякавымі дзядуляў і бабуль, якія прытанцоўвалі і падпявалі песні сваёй маладосці.
— Дамы састарэлых — гэта непазбежная з’ява грамадства, — заўважыла старшыня ГА “Ротары-клуб “Мінск-сіці” Марына Харытонава. — Людзі, якія там знаходзяцца, ізаляваны, яны практычна перастаюць існаваць для знешняга свету, апатычныя і абыякавыя да навакольнай рэчаіснасці. Каб пазбегнуць гэтага і вярнуць ім цікавасць да жыцця, неабходны камфортныя ўмовы, належны догляд і ўвага. Таму так важна мець зносіны з бабулямі і дзядулямі, даваць ім магчымасць адчуць павагу да сябе. Асноўнай мэтай нашай акцыі было прыцягнуць увагу да старых, якім так патрэбны клопат, паказаць ім, што іх жыццёвы вопыт з’яўляецца неацэнным багаццем для грамадства, а падрастаючаму пакаленню паказаць, што кожны пражыты год дадае людзям мудрасці і вопыту, якімі не варта грэбаваць у сучасным свеце. — Вельмі часта з-за недахопу часу мы забываем пра самае галоўнае — павагу і клопат аб старэйшым пакаленні, — сказала другая віцэ-місіс свету Дар’я Рэут. — Ім часам трэба так мала: проста ўсміхнуцца і сказаць “Дзякуй!”. Нашы бабулі і дзядулі — гэта ўсё тыя ж маладыя людзі са сваімі марамі, жаданнямі і імкненнямі, толькі ў іншым абліччы. У старасці, як і ў дзяцінстве, радуюцца малому, бачаць цудоўнае ў простых радасцях жыцця і дробязях. Я рада, што нам удалося выказаць сваю павагу і палепшыць дзень пажылым, бездапаможным і адзінокім людзям. Больш за тое, мы паказалі правільны прыклад малодшаму пакаленню, якое, спадзяюся, будзе прытрымлівацца яго і ў далейшым.
“Ротары-клуб” — дабрачынная арганізацыя, адкрытая для ўсіх, незалежна ад нацыянальнай, гендарнай і расавай прыналежнасці, веравызнання і палітычных поглядаў. Па даных Rotary International, па ўсім свеце існуе звыш 35 500 клубаў, якія аб’ядноўваюць больш чым 1,233 млн сяброў. У Мінску ажыццяўляюць дзейнасць 3 клубы. Мэтай дзейнасці “Ротары” з’яўляецца падтрыманне і развіццё ідэалу служэння грамадству як асновы сапраўднага прадпрымальніцтва.
Падрыхтавала Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.