Экскурсія — гэта не толькі сродак абуджэння ў вучняў эстэтычных пачуццяў, але і актуалізацыя пазнавальнай дзейнасці праз розныя метады і формы. Галоўная задача настаўніка — выбраць і скласці маршрут, які адначасова мог бы актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў і фарміраваць эстэтычна-культурныя каштоўнасці. Настаўнікі і дзеці Варанчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і Цырынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы вырашылі ажыццявіць пазнавальную экскурсію па маршруце “Экамузей “Свет пчол” — Вязынка — фабрыка “Элема”.
Асаблівыя пачуцці і ўспаміны пакінула ў дзіцячых сэрцах наведванне экамузея “Свет пчол”. Сустрэў і праводзіў экскурсію Васіль Фралоў, радушны і добразычлівы гаспадар, прадаўжальнік традыцый пчалярства свайго дзеда. Гаспадар адразу захапіў і зачараваў сваім цікавым расказам. На тэрыторыі сядзібы Васіль у гульнёва-жартаўлівай форме распавёў пра пчол і паказаў вулей. Другая частка экскурсіі праходзіла ў доме. Гаспадар, падрыхтаваўшы прэзентацыю і відэа пра пчол, правёў дыскусію з элементамі гульні. Пасля гутаркі-бяседы была арганізавана віктарына “Салодкі пачастунак”. Гаспадар задаваў пытанні пра пчол, а за правільны адказ частаваў лыжкай мёду. Пазнавальна-цікавая экскурсія завяршылася гарачым і салодкім пачастункам: гаспадыня сядзібы запрасіла ўсіх за стол і пачаставала гарбатай з лекавых траў і аладкамі з мёдам.
Наступны пункт экскурсіі — вёска Вязынка, радзіма Я.Купалы. Акрамя знаёмства са сцежкамі жыцця і творчасці беларускага прарока, юныя падарожнікі атрымалі асалоду ад непаўторных і казачных краявідаў. Экскурсію нездарма зрабілі праз Вязынку, паколькі нядаўна адзначалася 135-годдзе з дня нараджэння песняра. Гэты маршрут асабліва значны для інтэлектуальнага развіцця вучняў.
Апошні пункт маршруту экскурсіі — фабрыка “Элема”. Вучні змаглі зазірнуць ва ўнутраны свет вытворчасці. Пазнаёміліся са стадыямі вырабу адзення, тэхналогіямі. Акрамя гэтага, жадаючыя змаглі наведаць краму адзення фабрыкі, дзе ўбачылі гатовы прадукт.
Нягледзячы на складаны і нялёгкі маршрут, экскурсійны шлях хутка падыйшоў да свайго завяршэння. Паездка аказалася не толькі эстэтычна прываблівай, але і выхаваўча-пазнавальнай. Вучні прывезлі дадому розныя сувеніры, цікава дзяліліся са сваімі аднакласнікамі інфармацыяй і ўражаннямі пра пчол, Вязынку і “Элему”.
Вольга ПІСАРЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Варанчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Карэліцкага раёна.