У адукацыйнай сферы Гомельшчыны 2017/2018 навучальны год аб’яўлены Годам класнага кіраўніка і куратара вучэбнай групы. Такое рашэнне прынята кіраўніцтвам упраўлення адукацыі вобласці з мэтай падкрэсліць значнасць класнага кіраўніцтва і непасрэдна класнага кіраўніка як асобы, выявіць і прадэманстраваць лепшы педагагічны вопыт у гэтым кірунку. А нядаўна ў рэгіёне аб’яўлены конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы класны кіраўнік (куратар вучэбнай групы) Гомельскай вобласці”, адборачны этап якога стартаваў 1 студзеня.
“Шмат гадоў назад мой класны кіраўнік Абрам Лазаравіч Кучынскі, пасадзіўшы мяне за настаўніцкі стол, сказаў: “Я думаю, гэта будзе твая справа”, — расказвала пра свой шлях у педагогіку на Рэспубліканскім педагагічным савеце настаўніца сярэдняй школы № 5 Рагачова Алеся Міхайлаўна Новікава.
І вось ужо 24 гады Алеся Міхайлаўна працуе настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў школе, якую ў свой час скончыла сама.
Настаўніца прызналася, што тады, вучаніцай, яна не вельмі зразумела словы свайго класнага кіраўніка і нават не надавала ім ніякага значэння. Разуменне прыйшло пазней: “Зараз я ведаю: мяне ў прафесію прывёў мудры і таленавіты педагог, які ў маленькай дзяўчынцы ўбачыў будучага настаўніка”.
Наколькі можа быць важным для вучня слова настаўніка ў сэнсе вызначэння прафесійнага і жыццёвага выбару, фарміравання каштоўнасцей, асэнсавання свайго месца ў свеце. Роля ж класнага кіраўніка ў гэтым наогул асаблівая. Гэта педагог, які лепш за іншых калег ведае вучняў свайго класа, ён больш блізкі да іх праблем і перажыванняў, яму вядомы здольнасці і таленты кожнага дзіцяці. Не сакрэт, што так адбываецца не заўсёды. Іншы настаўнік успрымае класнае кіраўніцтва як дадатковую нагрузку і не акунаецца ў гэтую справу цалкам.
Быць класным кіраўніком няпроста. Добрым класным кіраўніком — няпростая ўдвая. Тут недастаткова толькі педагагічнага аўтарытэту і прафесійнай кампетэнтнасці. Сюды трэба дадаць шмат іншых складнікаў, у тым ліку здольнасць у кожным дзіцяці бачыць асобу, разуменне, што цяперашнія вучні адрозніваюцца ад папярэднікаў. І гэта нядрэнна, гэта нармальна.
Нельга не пагадзіцца з А.М.Новікавай, якая лічыць, што паспяховая дзейнасць класнага кіраўніка немагчыма без непасрэднага асабістага кантакту з вучнямі. Гэта зусім не азначае, што неабходна, як кажуць, залазіць у душу да кожнага дзіцяці. Існуе мноства розных прыёмаў работы, якія дазваляюць наладжваць даверлівыя адносіны. Алеся Міхайлаўна для сябе іх знайшла. Адкрыты мікрафон, прэзентацыі, стварэнне відэаролікаў, віртуальныя экскурсіі, квест-гульні — тое, што цікава і зразумела сучасным школьнікам. Неад’емнай часткай сувязі з дзецьмі сталі для настаўніцы і сацыяльныя сеткі. Яна сучасны педагог і віртуальныя зносіны сярод дзяцей і падлеткаў успрымае не як нейкі негатыў, а як пэўную частку іх жыцця. І калі ўключыцца ў гэты віртуальны дыялог разам з вучнямі, можна не толькі заўсёды мець зваротную сувязь, але і зрабіць гэта важным рэсурсам выхаваўчай работы. Напрыклад, у адной з сацыяльных сетак класны кіраўнік і дзеці стварылі групу “Самы класны клас”, дзе яны абменьваюцца патрэбнай і карыснай інфармацыяй. Здаецца, звычайная перапіска, а разам з тым педагог заўсёды ў курсе захапленняў сваіх дзяцей, іх узаемаадносін паміж сабой.
Гэтаму нядрэнна б было павучыцца педагогам, якія бясконца скардзяцца, што сучасным хлопцам і дзяўчатам нічога, акрамя гаджэтаў, не трэба. Прагрэс нельга спыніць, таму прасцей пад яго падстроіцца.
Аднойчы ў асабістай гутарцы выкладчык адной з педагагічных устаноў вышэйшай адукацыі мне сказаў: “Няма дрэнных дзяцей, ёсць дрэнныя педагогі”. Я потым шмат над гэтым разважала. Не пагадзіцца немагчыма. Педагог — чалавек дарослы, адукаваны, з пэўным вопытам. Вучань — нясталы, яго асоба толькі фарміруецца, і ў гэтым сэнсе настаўнік можа адыграць вельмі важную ролю. Класны кіраўнік — асабліва. Хтосьці можа паспрачацца, маўляў, а як жа бацькі, выхаванне — гэта іх справа. Так, несумненна. Але калі гаварыць пра выхаванне асобы, то, пагадзіцеся, педагог, а ў нашым выпадку класны кіраўнік, мае перавагу перад большасцю бацькоў, паколькі валодае спецыяльнымі ведамі, у прыватнасці педагогікі і псіхалогіі. У выпадку, калі класны кіраўнік наладзіць узаемадзеянне з сям’ёй, пабудуе добрыя, даверлівыя адносіны з бацькамі, яго поспех у выхаваўчай рабоце значна павялічыцца.
Якім павінен быць класны кіраўнік? Нейкіх цвёрдых правіл адносна гэтага не існуе. Аднак яшчэ А.С.Макаранка адзначаў, што асоба самога класнага кіраўніка мае вялікае значэнне. Асабісты прыклад — магутная зброя ў педагагічнай практыцы.
Памятаю, калі вучылася ў сярэдніх класах, я і мае аднакласнікі па-добраму зайздросцілі малодшым, для якіх класны кіраўнік Ніна Аляксееўна была сапраўдным сябрам. Яна заўсёды нешта прыдумвала, арганізоўвала цікавыя класныя конкурсы і гульні, паходы і экскурсіі, а на школьных мерапрыемствах яе клас заўсёды быў лепшым. Цяпер з вышыні свайго ўзросту я глыбей бачу гэтую сітуацыю. У яе дзяцей гарэлі вочы, яны былі шчаслівымі і ніколі не спяшаліся дадому. Амаль штодзень пасля ўрокаў яны заходзілі ў клас да свайго класнага кіраўніка, гутарылі, раіліся, дзяліліся новымі падзеямі і ўражаннямі. І яны сябравалі, па праве насіўшы званне самага дружнага класа ў школе. А яшчэ ўсе былі паспяховымі ў вучобе. Упэўнена, гэта ў значнай ступені таксама было звязана з Нінай Аляксееўнай: вучні не хацелі падводзіць свайго цудоўнага настаўніка, таму старанна займаліся. Прайшло шмат гадоў, а я і сёння добра памятаю Ніну Аляксееўну. Яна была не толькі выдатным класным кіраўніком, але і выдатным настаўнікам, які ўлюбіў у геаграфію ўсіх навучэнцаў без выключэння. Вось пацвярджэнне таго, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.
Упэўнена, сярод былых вучняў многа тых, каму пашанцавала з такімі класнымі кіраўнікамі, якім быў Абрам Лазаравіч для Алесі Міхайлаўны і як сама Алеся Міхайлаўна для сваіх выхаванцаў, ці такімі, як Ніна Аляксееўна з маіх успамінаў. Іх прыклад і ёсць адказ на пытанне, хто такі класны кіраўнік і наколькі вялікай можа быць яго роля ў жыцці дзіцяці.
Наталля ЛУТЧАНКА.