27 студзеня ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, адзначаюць Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Халакост — жахлівая спроба нацыстаў цалкам вынішчаць яўрэйскі народ. Гітлераўцы здолелі стварыць маштабную сістэму па знішчэнні людзей. Функцыянавалі гета, канцэнтрацыйныя лагеры, ствараліся незлічоныя спісы патэнцыйных ахвяр. Сёння пад гэтым тэрмінам разумеюць масавае знішчэнне розных сацыяльных і этнічных груп падчас існавання нацысцкай Германіі.
Халакост — адно з самых жахлівых і недаравальных злачынстваў, якія былі здзейснены чалавецтвам. Сёння вельмі складана гаварыць пра дакладныя лічбы ахвяр Халакосту. Агульнапрынятымі лічацца звесткі аб шасці мільёнах загубленых лёсаў. Гэты лік фігураваў у абвінаваўчых заключэннях Нюрнбергскага працэсу. Шэсць мільёнаў — гэта толькі сухія лічбы. Гора немагчыма вымераць. За гэтымі лічбамі — боль, адчай, зламаныя лёсы.
Не мінуў Халакост і вераб’евіцкую зямлю: вясной 1942 года на тэрыторыі маёнтка пана Шчэрбы быў створаны працоўны лагер, дзе налічвалася каля 950 вязняў. Мэтай стварэння лагера было будаўніцтва брукаванай шашы Навагрудак — Любча. 3 ліпеня 1943 года адбылася ліквідацыя яўрэйскага працоўнага лагера, паліцаі расстралялі амаль усіх вязняў.
У наш час пра жудасныя падзеі ваеннага ліхалецця нагадвае помнік загінулым яўрэям, устаноўлены ў вёсцы Малыя Вераб’евічы ў 1961 годзе (адноўлены ў 2004 годзе). Сярод вучняў Вераб’евіцкай школы ўжо стала традыцыйным штогод у Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту ўскладаць кветкі ля помніка загінулым яўрэям і ўшаноўваюць іх памяць на школьных мерапрыемствах. Ушанаванне памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — важны складнік патрыятычнага выхавання маладога пакалення, які садзейнічае развіццю любові да роднага краю, Айчыны і вучыць усведамленню важнасці захавання міру на ўсёй зямлі.
Вольга РАДЧАНКА,
дырэктар Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.