Добрыя сэрцы

- 11:53Нам пішуць

Хто такія валанцёры, сёння ведае кожны. Гэтыя добраахвотнікі па закліку сэрца аказваюць сацыяльную дапамогу. Навучэнцы Дужаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна, якія шчыра жадаюць дапамагчы, стварылі валанцёрскі атрад “Добрае сэрца”. Напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь нашы добраахвотнікі прапанавалі правесці маштабную акцыю “Дзень Незалежнасці ў Год малой радзімы”. Кожны дзень — крок да галоўнага дзяржаўнага свята Беларусі, які вырашылі адзначыць карыснымі справамі.

Дзень першы — “Ветэран жыве побач”. Валанцёры наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Міхайлавіча Казлова і Акцябрыну Рыгораўну Храмцову, якая была бежанкай у гады вайны. Павіншавалі іх з Днём вызвалення Чавус ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Днём Незалежнасці, уручылі кветкі, салодкія падарункі, а таксама аказалі дапамогу па добраўпарадкаванні прысядзібнай тэрыторыі, даставілі неабходныя прадукты з крамы, дапамаглі перанесці і скласці дровы.

Дзень другі — “Аперацыя Памяць” — добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў. Чавуская зямля — суцэльны мемарыял. Школьнікі вырашылі не словам, а справай ушанаваць памяць воінаў, якія аддалі свае жыцці за вызваленне іх малой радзімы. Валанцёры вынеслі смецце, прыбралі пустазелле, памылі пліты і агароджу.

Дзень трэці — “Зрабі малую радзіму чысцейшай”. Добраахвотнікі прыбралі цэнтральныя вуліцы аграгарадка Дужаўка, сабралі 2,7 кг шкла, 1,4 кг макулатуры, 750 г ПЭТ, 3,9 кг змешанага смецця. Цяпер не сорамна і свята сустракаць.

Дзень чацвёрты — “Твары дабро сваімі рукамі” — выраб паштовак да Дня Незалежнасці. Паштоўка — традыцыйны падарунак да любога свята! Дзеці распрацавалі дызайн, прадумалі віншаванне. У кожную паштоўку ўклалі часцінку душы. Атрымалі ад працы масу задавальнення.

Дзень пяты — “Са святам, мая Радзіма!”. Валанцёры выйшлі на вуліцы аграгарадка і павіншавалі з Днём Незалежнасці землякоў. Дарылі паштоўкі, кветкі, пажаданні. Вяскоўцы былі прыемна здзіўлены і крануты ўвагай нашых добраахвотнікаў.

Школьнікі засталіся задаволеныя вынікамі сваёй працы, але спыняцца на дасягнутым не збіраюцца, бо наперадзе яшчэ шмат цікавых ідэй, праектаў, акцый! Нашы валанцёры лічаць, што несці дабро іншым — гэта сапраўднае шчасце!

Лілія МЕЛЬНІКАВА,
кіраўнік атрада “Добрае сэрца”
Дужаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна.