Адстаяць меркаванне і змяніць свет

- 11:32Якасць адукацыі

— Пасля першай сваёй канферэнцыі па мадэляванні ААН я зразумеў, што набыў упэўненасць у сабе, у мяне вырасла цікавасць да глабальных праблем. Гэта рухае мной і зараз: прыйшло ўсведамленне таго, што раблю нешта важнае, што мае рашэнні могуць мяняць свет, — расказвае пра сваё першае знаёмства з праектам “Мадэляванне ААН” Дзмітрый Бялько. Зараз ён генеральны сакратар праекта на факультэце міжнародных адносін БДУ, дзе разам з творчай камандай развівае ініцыятыву, якая ўжо стала традыцыяй.

Першае мадэляванне ААН у Беларусі было праведзена на факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1999 годзе факультэцкім Цэнтрам па вывучэнні ААН.

Па словах намесніка дэкана па вучэбнай рабоце і інфармацыйных тэхналогіях факультэта міжнародных адносін Андрэя Селіванава, больш актыўна дзейнасць маладых людзей развівалася з 2004 года (тады праект меў назву “Беларуская міжнародная мадэль ААН”). У 2007 годзе праект быў перайменаваны ў “Мінскую мадэль ААН”, а сёння яго ведаюць як FIRMUN (Faculty of International Relations Model United Nations).

“Мадэляванне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый” уяўляе сабой злучэнне канферэнцыі і ролевай гульні, падчас якой імітуецца дзейнасць сусветнай арганізацыі. Кожны ўдзельнік праекта з’яўляецца дэлегатам ад якой-небудзь краіны свету і засядае ў адным з камітэтаў сістэмы ААН, які займаецца пэўнымі пытаннямі (напрыклад, Савет Бяспекі ААН).

— Сутнасць праекта заключаецца ў падрыхтоўцы пазіцыі канкрэтнай краіны па агучаным парадку дня, — расказаў Дзмітрый Бялько. — Мадэляванне праходзіць у форме сесій-дэбатаў: адзін з дэлегатаў, які загадзя падрыхтаваў пункт па вырашэнні праблемы, прэзентуе яго, пасля чаго адбываецца сумеснае абмеркаванне (на гэтым этапе ў пункт могуць быць унесены папраўкі і дапаўненні). Усё гэта адбываецца на рабочых мовах: англійскай, французскай, іспанскай і рускай. Аднак плануецца ўключэнне ў абмеркаванне яшчэ дзвюх моў, якія выкарыстоўваюцца ў ААН, — арабскай і кітайскай. Мы ўпэўнены, што гэта толькі пытанне часу.

Галоўнай задачай для дэлегатаў з’яўляецца пошук кампрамісу паміж усімі краінамі-удзельніцамі перамоў і складанне выніковага дакумента — рэзалюцыі, якая змяшчае рашэнні, што задавальняюць усе бакі. Акрамя таго, мэта кожнага ўдзельніка — прыкласці максімум намаганняў, каб ідэя была адобрана большасцю дэлегатаў.

“Мадэляванне ААН” на ФМА БДУ ўжо стала візітоўкай факультэта і ўніверсітэта. Гэта ўнікальная ініцыятыва, якая праводзіцца на добраахвотнай і бясплатнай аснове. Яе актуальнасць выяўляецца ў нарастанні значнасці ААН у міжнародных адносінах і папулярызацыі дзейнасці арганізацыі сярод моладзі.

Згаданая ініцыятыва дапамагае студэнтам у развіцці вялікай колькасці асобасных якасцей. Па словах Дзмітрыя Бялько, праект — гэта цудоўная магчымасць для раскрыцця лідарскіх здольнасцей, вывучэння дыпламатыі і міжнародных зносін, развіцця красамоўства і крытычнага мыслення.

FIRMUN ладзіцца два разы на год — восенню (у кастрычніку ці лістападзе) і вясной (у красавіку). Як правіла, вясенняя сесія праходзіць больш шырока: паспрабаваць свае сілы ў руху хочуць першакурснікі (пасля ацэнкі сіл многія пазней становяцца і арганізатарамі). Такі расклад правядзення мерапрыемстваў найбольш аптымальны. У FIRMUN прымаюць удзел не толькі прадстаўнікі БДУ, але і іншых універсітэтаў, у тым ліку замежных.

— Праект цалкам залежыць ад студэнтаў. Сярод іх ёсць зацікаўлены лідар, таму рух развіваецца, — адзначыў Андрэй Селіванаў.

У патрабавальнага чытача ўзнікне справядлівае пытанне: “Якія ж праблемы выносяцца на абмеркаванне?” Трэба адзначыць, што іх пералік вельмі сур’ёзны і разнастайны. Напрыклад, за апошнія гады ўзнімаліся наступныя пытанні: “Барацьба з безграмадзянствам як спосаб забеспячэння правоў чалавека”, “Калізія паміж захоўваннем правоў бежанцаў і асоб, якія шукаюць прытулак, і жорсткімі мерамі міграцыйнага кантролю” і іншыя.

Пры ажыццяўленні праекта бываюць выпадкі, калі правілы карэкціруюцца — спрашчаюцца або становяцца больш складанымі ў залежнасці ад узроўню падрыхтаванасці і вопыту ўдзельнікаў. Зусім нядаўна ў межах праекта арганізатарамі быў распрацаваны неафіцыйны дакумент “Выклад палітыкі” (Policystatement). Дзякуючы яму, кожны дэлегат атрымлівае магчымасць пазнаёміцца з пазіцыяй дзяржавы, якую ён прадстаўляе, каб на належным узроўні адстойваць сваю пазіцыю падчас пасяджэнняў. “Выклад палітыкі” — гэта своеасаблівая дэманстрацыя ведаў прадстаўнікоў пэўнай краіны аб яе пазіцыі па розных пытаннях. У дакуменце адлюстроўваецца тлумачэнне і бачанне праблемы, адказ на пытанне “Якія дзеянні міжнароднай супольнасці ўжо прадпрымаліся для яе вырашэння?”, удзяляецца ўвага палітыцы дзяржавы, а таксама прыводзяцца ўласныя спосабы выхаду з сітуацыі.

— Гэтая ролевая гульня дае кожнаму надзею на тое, што менавіта ён можа вырашыць праблему сусветнага маштабу, што калі-небудзь пры жаданні зможа аказацца рэальным дэлегатам-выступоўцам ад сваёй краіны. “Мадэляванне ААН” — гэта рэальнасць у імя будучыні, — лічыць адна з удзельніц праекта Кацярына Навіцкая.

Для Кацярыны Захарык пра ект — гэта знаёмства і зносіны з людзьмі, у якіх сфарміравана сваё бачанне свету і якія гатовы адстойваць уласны пункт гледжання. Гэта пашырэнне кругагляду, развіццё. Гэта магчымасць на некалькі дзён паглыбіцца ў атмасферу, дзе студэнтка адчувае сябе часткай нечага неверагодна важнага.

Галоўная каштоўнасць FIRMUN, па словах Дзмітрыя Бялько, — гэта ідэі, што прасоўвае ААН па ўсім свеце, распаўсюджванне інфармацыі пра глабальныя праблемы (падчас занадта задэклараваныя) сярод больш простай, мясцовай аўдыторыі, бо, дзякуючы праекту, кожны ўдзельнік больш дэталёва паглыбляецца ў вялікі свет.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва праекта FIRMUN.