Майстры кухарскай справы

- 10:25Нам пішуць

На базе сярэдняй школы № 2 Маларыты адбылося спаборніцтва кухараў, якое праходзіла ў рамках раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання дашкольнікаў.

Спаборніцтва складалася з 3 этапаў. Падчас першага ўдзельнікі на працягу 15 хвілін пісьмова адказвалі на пытанні па тэхналогіі прыгатавання страў. Падчас другога (дамашняе заданне) прэзентавалі стравы з яблыкаў. Падчас трэцяга гатавалі стравы з бульбы за 60 хвілін.

У журы пад кіраўніцтвам начальніка раённага аддзела па адукацыі Таццяны Лаўрэенка ўвайшлі начальнік групы матэрыяльна-гаспадарчага забеспячэння ўстаноў адукацыі Сяргей Хатынюк, інжынер-тэхнолаг Лідзія Назарук, тавазнаўца Галіна Соц, дырэктар Гвозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Марыя Афанасенка і памочнік урача-гігіеніста Любоў Струнец.

— Пры ацэньванні канкурсантаў журы ўлічвала іх выгляд, арганізацыю працоўных месцаў, выкананне правіл тэхнікі бяспекі, санітарных і тэхналагічных правіл прыгатавання, узровень складанасці, аргалептычныя паказчыкі і смакавыя якасці, — расказала інжынер-тэхнолаг Лідзія Назарук. — Усе канкурсанты выдатна справіліся з выпрабаваннямі, паказаўшы высокія прафесійныя ўменні, навыкі і фантазію. А работы атрымаліся апетытныя, смачныя і карысныя. Спаборніцтва чарговы раз даказала, што сапраўдныя прафесіяналы могуць прыгатаваць са звычайнай бульбы і яблыкаў мноства страў, прыгожых на выгляд і незвычайных на смак.

Журы доўга раілася, перш чым вызначыць сапраўдных чараўнікоў кухні. Лепшым кухарам стала Лідзія Кашэпа з Олтушскага ясляў-сада. На 2-м месцы апынулася Наталля Алесік з ясляў-сада № 2 Маларыты. 3-е месца падзялілі Надзея Пішчык з ясляў-сада № 4 Маларыты і Раіса Міцюк з Лукаўскага дзіцячага сада.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.