Сучасныя дзеці большую частку вольнага часу праводзяць дома, седзячы каля кам’ютара. Вядома ж, многія з іх перанялі такую звычку ад бацькоў. На вуліцах стала менш дзяцей, якія гуляюць. Супрацоўнікі ясляў-сада № 13 Смаргоні далі дзецям на выхадныя заданне: актыўна правесці час з сям’ёй і падзяліцца фатаграфіямі.
Свядомыя бацькі разумеюць, што прывучаць дзіця да актыўнага адпачынку трэба з ранняга дзяцінства, таму на просьбу многія адгукнуліся з задавальненнем.
Зіма тым і добрая, што па забаўкі далёка хадзіць не трэба! Дастаткова проста выйсці з дома, удыхнуць свежае марознае паветра і пагуляць у снежкі. Гэта заўсёды выклікае смех і падымае настрой. Зляпіць снегавіка, а яшчэ можна пабудаваць снежны тунэль або нават зрабіць цэлы лабірынт! Зрабіць анёла на снезе або проста пакачацца ў гурбе! Варыянтаў, чым заняцца, мноства. Галоўнае — не ленавацца!
Адпачынак з дзецьмі зімой — гэта выдатная магчымасць для зносін бацькоў і дзяцей з карысцю для здароўя. Толькі з дапамогай прагулак на свежым паветры можна ўмацаваць імунітэт і загартааваць арганізм. Актыўны адпачынак спрыяе аздараўленню цела, развівае камунікатыўныя навыкі дзіцяці, дапамагае яму пазнаваць навакольны свет і пашырае кругагляд.
Колькі было станоўчых эмоцый у дзяцей, калі пасля выхадных яны неслі свае фотаздымкі ў групу і распавядалі, хто дзе быў, хто на чым катаўся! Многія вырашылі зрабіць такія выхадныя традыцыяй.
Т.М. ВАСІЛЕЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 13 Смаргоні.