Час чакання — 10 і больш гадоў

- 14:37Рознае, Сацыяльны ракурс
Добрая палова маіх знаёмых на пачатку года сярод пажаданняў і планаў на самы бліжэйшы час загадвала запаветнае “засяліцца ў новую кватэру” ці “пабудаваць уласны дом”. Зрэшты, варыяцый на гэтую тэму можа быць шмат — ад “нарэшце займець хаця б маленькі, але свой кут” да “хачу кухню 12 метраў”, але сэнс іх аднолькавы: калі гаварыць афіцыйна — палепшыць жыллёвыя ўмовы. На што можна разлічваць усім тым, хто вырашае кватэрнае пытанне, якія новаўвядзенні чакаюцца ў сферы будаўніцтва жылля ў бягучым годзе — пра гэта ў матэрыяле нашага карэспандэнта.
Хто апошні ў чарзе?

На працягу мінулага года будаўнічая галіна знаходзілася пад асаблівай увагай не толькі ўлады, але і сродкаў масавай інфармацыі, грамадскасці ў цэлым. І для гэтага ёсць шэраг падстаў: зацягнутыя тэрміны будаўніцтва, кошт жылля, які ўвесь час павышаецца, нізкая якасць пабудаванага масавага жылля.
У наступным годзе гэтыя праблемы, па словах міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Барысавіча Чорнага, павінны быць зняты. Што для гэтага зроблена і што яшчэ плануецца, міністр архітэктуры і будаўніцтва расказаў падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі.
Найбольш вострае пытанне мінулага года — увод у эксплуатацыю дамоў з зацягнутымі тэрмінамі будаўніцтва.
— Мяркуем, што ў бягучым годзе гэтая праблема будзе вырашана, — адзначыў А.Б.Чорны. — Пасля работы адпаведнай камісіі на сайтах выканаўчых органаў рэгіёнаў была размешчана інфармацыя аб 319 дамах, дзе былі праблемы, якія неабходна было ўстараніць да пачатку 2014 года. З ліпеня мінулага года ўведзена ў эксплуатацыю 249 такіх дамоў. Але за гэты ж перыяд зноў з’явіліся дамы, якія выйшлі на цяперашні момант з тэрмінаў нарматыўнага будаўніцтва. Такім чынам, у пераліку праблемных засталіся 143 дамы. Да 1 ліпеня ўсе яны павінны быць уведзены ў эксплуатацыю, і не павінна ўзнікнуць новых такіх сітуацый. Работа ў гэтым напрамку вядзецца з боку міністэрства, працягвае сваю работу камісія пры Адміністрацыі прэзідэнта. Толькі за студзень здадзена ў эксплуатацыю яшчэ 17 праблемных дамоў, складзены графікі па ўводзе астатніх да 1 ліпеня. Для гэтага прадугледжана і неабходнае фінансаванне.
Як адзначыў міністр архітэктуры і будаўніцтва, шмат праблем, якія ўзніклі з будаўніцтвам жылля, уводам дамоў у вызначаны тэрмін, звязана з тым, што на рынак выходзілі нядобрасумленныя будаўнічыя і праектныя арганізацыі.
— Для таго каб сёння абмежаваць гэты рынак і прадухіліць падобныя мінулагоднім праблемы ў будучыні, мы рыхтуем пастанову па правядзенні атэстацыі — распрацоўваем крытэрыі па допуску прадпрыемстваў да ўдзелу ў будаўнічым працэсе, — адзначыў А.Б.Чорны. — Будуць абмежаванні па мінімальнай колькасці, кваліфікацыі персаналу, аснашчанасці механізмамі і машынамі арганізацый, якія дапускаюцца да будаўніцтва жылля. Арганізацыя, якая не мае адпаведных магутнасцей, проста не атрымае атэстат і не здолее нават удзельнічаць у тэндарах на будаўніцтва пэўных аб’ектаў.
У цэлым жа за мінулы год было пабудавана 5,2 млн кв.м. жылля — велізарная лічба. Пры гэтым для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, было здадзена ў эксплуатацыю 2 825,6 тысячы квадратных метраў жылля, ці больш за 53% ад агульнага аб’ёму. Між тым заданне па колькасці ўзведзенага жылля, якое даводзілася будаўнічаму комплексу, не выканана. І, нягледзячы на велізарную лічбу пабудаванага жылля, прыкметна не скарацілася і чарга асоб, якія маюць права на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Варта адзначыць, што ў пэўны час гэтая чарга ў краіне расла ледзьве не ў геаметрычнай прагрэсіі. Так, як сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у 2005 годзе на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзілася 565 тысяч грамадзян. У 2011 годзе іх колькасць павялічылася да 849 тысяч. І толькі ў апошнія два гады колькасць такіх асоб паступова змяншаецца. Пытанню абгрунтаванасці ўключэння ў спісы асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, апошнім часам удзяляецца асаблівая ўвага: на месцах правяраюцца ўсе неабходныя даныя. У выніку чарга хоць і нязначна, але скарацілася: на канец 2012 года да 813,6 тысячы чалавек.
Але, улічваючы, што кожны год жыллёвыя ўмовы мае магчымасць палепшыць нязначная колькаць грамадзян, якія афіцыйна маюць у гэтым патрэбу, — ад 5,2 да 8,4% ад тых, хто знаходзіцца ў чарзе, час чакання, асабліва ў буйных гарадах і сталіцы, па-ранейшаму застаецца доўгім. Так, на канец 2012 года больш за 10 гадоў у гэтай чарзе знаходзілася звыш 165 тысяч грамадзян.
— Чарга вялікая, — канстатаваў А.Б.Чорны. — Але варта разумець, што не ўсе, хто знаходзіцца ў гэтай чарзе, сёння падпадаюць пад ільготнае крэдытаванне згодна з указам № 13. У выніку нават ёсць цяжкасці ў абласцях па фарміраванні кааператываў, бо грамадзян, якія маюць права на льготнае крэдытаванне, недастаткова, каб сфарміраваць неабходную колькасць удзельнікаў будаўніцтва.
Дарэчы, варта памятаць, што нават тыя грамадзяне, якія маюць права на атрыманне льготнага крэдыту, павінны разлічваць не толькі на гэты рэсурс. Згодна з заканадаўствам, сёння крэдытуецца толькі ўстаноўлены нарматыў кошту квадратнага метра (апошнім часам гэты нарматыў змяняецца ў большы бок). Так, пастановай Савета Міністраў № 1191 ад 31 снежня 2013 года максімальны нарматыў кошту квадратнага метра, які напрамую ўплывае на велічыню льготнага крэдыту, павялічаны з 5,3 да 6,1 млн рублёў. Такім чынам, максімальны кошт квадратнага метра, які банк можа пракрэдытаваць на льготных умовах, складае 6,1 млн рублёў, незалежна ад таго, колькі ён каштуе ў рэальнасці. Розніца — за ўласны кошт.

Фіксаваная цана і гарантаваныя тэрміны

На 2014 год пастаўлена задача пабудаваць 5 млн кв.м. жылля. Гэта менш, чым у мінулым годзе. Але радуе тое, што колькасць запланавага для “чаргавікоў” жылля не змяншаецца: плануецца, што ў бягучым годзе 2,5 млн кв. м. жылля будуць узведзены з дзяржаўнай падтрымкай. Пры гэтым 728 тысяч квадратных метраў — па дзяржзаказе.
— Гэта сістэма, калі заказчыкам будаўніцтва выступаюць упраўленні капітальнага будаўніцтва, якія самі будуць заключаць з банкамі дагаворы на крэдытаванне і тым самым будаваць дамы пад ключ, — расказаў міністр архітэктуры і будаўніцтва. — За 4 месяцы да ўводу дома ў эксплуатацыю мясцовыя органы ўлады павінны будуць сфарміраваць спісы грамадзян, якія купяць кватэры ў гэтых дамах, на што атрымаюць крэдыты.
У асноўным такая сістэма будзе распаўсюджвацца на тых, хто мае права на льготнае крэдытаванне ў адпаведнасці з указам № 13. Відавочныя плюсы такой сістэмы — грамадзяне выключаюцца непасрэдна з будаўнічага працэсу, пазбаўляюцца неабходнасці браць “ката ў мяшку”: калі невядома, у якія тэрміны будзе здадзены дом, як ён будзе выглядаць, дзе знаходзіцца, ці будзе змяняцца яго кошт. Грамадзянам будзе прадастаўляцца права на пакупку фактычна ўжо гатовай кватэры па фіксаванай цане. Таму палегчыцца і афармленне крэдыту: грамадзяне адразу змогуць разлічваць, ці “пацягнуць” такую пакупку. Дарэчы, пра кошт такой пакупкі.
— Сёння заканчваецца работа над указам, дзе будзе выказаны наступны прынцып: кошт квадратнага метра жылля, пабудаванага па сістэме дзяржзаказу, павінны быць роўны сярэдняй заработнай плаце па краіне з каэфіцыентам 1,2. Па прыблізных разліках (з улікам статыстыкі, прагнозу Міністэрства эканомікі) кошт квадратнага метра жылля, якое будзе будавацца па сістэме дзяржзаказу, у бягучым годзе складзе каля 7,4 млн рублёў.
Першыя дамы ў Беларусі, пабудаваныя па сістэме дзяржзаказу, плануецца здаць у Гродне ўжо ў бягучым месяцы. Як паведамляе прэс-служба аблвыканкама, гродзенскі рэгіён пачаў будаўніцтва жылля па сістэме дзяржзаказу першым у краіне і сёння з’яўляецца лідарам у гэтым напрамку. У жніўні 2013 года вобласць атрымала 112 млрд рублёў на будаўніцтва аб’ектаў па дзяржзаказу, і быў створаны добры задзел. У цяперашні час у вобласці будуецца 11 шматкватэрных дамоў па гэтай сістэме (дзевяць у Гродне і два ў Лідзе). Дом, які плануецца ўвесці ў Гродне ўжо ў гэтым месяцы, разлічаны на 66 кватэр. Асноўная іх частка ўжо размеркавана сярод грамадзян, якія знаходзіцца ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.
— Тое, што плануецца пабудаваць па сістэме дзяржзаказу ў бягучым годзе, — толькі пачатак, можна сказаць, эксперымент, — падкрэсліў Анатоль Барысавіч Чорны. — У наступным годзе плануецца павялічыць колькасць жылля, пабудаванага па сістэме дзяржзаказу, амаль у два разы.

На любы тэрмін і па прымальным кошце

А вось колькасць арэнднага жылля значна павялічыць плануецца ўжо сёлета.
— Арэнднае жыллё — перспектыўны напрамак. Такі падыход не прывязвае кадры да пэўнага месца жыхарства, што вельмі актуальна асабліва для маладых сем’яў. Сёння не ўсе могуць набыць жыллё, не ўсе могуць пабудаваць яго, — адзначыў А.Б.Чорны. — Першы вопыт — дамы, уведзеныя ў мінулым годзе, паказаў, што такое жыллё вельмі запатрабавана. Жадаючых у абласных цэнтрах — па 20 чалавек на адну кватэру. Неабходна падрыхтаваць праекты дамоў з мінімальнымі плошчамі для будаўніцтва арэнднага жылля — з кватэрамі-студыямі, каб нават студэнты ці аспіранты маглі арандаваць кватэры такога плана. Сёння ўжо ёсць першыя падобныя праекты, якія будуць рэкамендавацца для будаўніцтва арэнднага жылля. Яно, як і ва ўсім свеце, не павінна быць звышкамфартабельным, але ўсё ж павінна быць зручным і, як часовае жыллё, будавацца з мінімальнымі затратамі. Тыя сродкі, што назапашваюцца ў выглядзе арэнднай платы, укладваюцца ў далейшае будаўніцтва арэнднага жылля. Маецца на ўвазе, што з часам, з развіццём гэтага ланцужка, з бюджэту сродкі на будаўніцтва такога жылля будуць выдаткоўвацца ў мінімальнай колькасці.
Першая практыка паказвае запатрабаванасць арэнднага жылля. Яно і нядзіўна: сярэдні кошт арэнды такога жылля значна ніжэйшы (у два, а часам і тры разы!) ад таго, што прапануецца на рынку прыватнага жылля. Безумоўны плюс арэнды дзяржаўнага жылля камерцыйнага карыстання — незалежнасць ад “капрызаў” арэндадаўцы: пры сумленнай аплаце паслуг дагавор арэнды можа прадаўжацца па жаданні арандатара хоць на працягу ўсяго яго жыцця.
Сёння пытанні прадастаўлення такога жылля рэгулююцца Указам кіраўніка дзяржавы № 563 ад 16 снежня 2013 года “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін”. Згодна з дакументам, 40% арэнднага жылога фонду будзе прадастаўляцца асобам, якія маюць першачарговае права на засяленне. Канкрэтны пералік такіх асоб будзе зацверджаны пастановай урада, але плануецца, што да іх будуць адносіцца маладыя спецыялісты, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, навукоўцы, дзяржслужачыя. Астатнія 60% фонду такога жылля будуць размяркоўвацца сярод іншых грамадзян, якія знаходзяцца ў чарзе асоб, што маюць права на паляпшэнне жыллёвых умоў. Крытэрый прыярытэту — час пастаноўкі ў чаргу. Важны момант: прадастаўленне арэнднага жылля — гэта падстава для таго, каб выключыць грамадзяніна з чаргі асоб, якія маюць права на паляпшэнне жыллёвых умоў.
І толькі пры адсутнасці жадаючых з ліку “чаргавікоў” арэнднае жыллё будзе прадастаўляцца асобам, якія афіцыйна не маюць патрэбы ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Спецыялісты сцвярджаюць, што з развіццём рынку арэнднага жылля атрымаць яго можна будзе даволі проста амаль усім, хто пажадае. Гэта будзе садзейнічаць і мабільнасці кадраў: любы чалавек, мяняючы работу, зможа разлічваць на атрыманне арэнднага жылля па прымальным кошце.

 

Алена МАРКЕВІЧ.