Адукацыя, даступная кожнаму

- 16:31Брэстчына, Прэс-тур

Знаёмства з Івацэвіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці калектыў “Настаўніцкай газеты” пачаў з наведвання структурнага падраздзялення ўстановы — вучэбнай гаспадаркі, дзе навучэнцы атрымліваюць практычныя ўменні і навыкі. Знаходзіцца яна ў 10 кіламетрах ад Івацэвіч, у вёсцы Серадава. Агульная плошча гаспадаркі — 313 гектараў. Дырэктар ліцэя Міхаіл Яўгенавіч Дымовіч правёў для нас невялікую экскурсію.

База вытворчага навучання і рэсурс дадатковага фінансавання

Дырэктар ліцэя М.Я.Дымовіч.

“Дзякуючы вучэбнай гаспадарцы, нашы навучэнцы маюць магчымасць праходзіць практыку і асвойваць праграмы вытворчага навучання амаль па ўсіх ліцэйскіх спецыяльнасцях, — паведаміў Міхаіл Дымовіч. — У ліцэі вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання”, “Электрагазазваршчык”, “Вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С”, “Слесар па рамонце аўтамабіляў”, “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Тынкоўшчык, маляр, абліцоўшчык-плітачнік”, “Аператар машыннага даення”, “Агароднінавод, садоўнік”, “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”, “Кухар”, “Прадавец”, “Швачка”, “Вышывальшчыца”. За 40 гадоў дзейнасці ліцэя на яго базе падрыхтавана больш за 13 тысяч маладых рабочых.

Асноўныя кірункі дзейнасці вучэбнай гаспадаркі — вырошчванне збожжавых, ячменю, трыцікале, а таксама зернебабовых і кукурузы на корм жывёле. Ураджайнасць у сярэднім складае 35,3 ц/га. У жывёлагадоўлі ўпор робіцца на вырошчванне буйной рагатай жывёлы, вытворчасць малака. У другім паўгоддзі 2018 года пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы налічвала 335 галоў, што адпавядае норме: 100 галоў на 100 гектараў сельгасугоддзяў. Зараз плануецца давесці гэтую колькасць да 350. Дойны статак складае
90 галоў. Малако ў гаспадарцы — экстра-класа, а паказчыкі па прыбаўленні жывёлы ў вазе і па надоі малака самыя высокія ў раёне. Прыбаўленне ў вазе ў маладняку, напрыклад, складае вышэй за 0,7 кг у суткі. Трымаем на адкорме бычкоў, якіх здаём на мясакамбінат”.

Асноўны аб’ём сезонных або часовых работ у гаспадар­цы выконваецца навучэнцамі. На пастаяннай аснове тут пра­цуюць штатныя работнікі — аператары машыннага даення, механізатары, жывёлаводы, трактарысты, аператар жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных фермаў, ветурач і інш. Кіруе гаспадаркай Вольга Аляксандраўна Козел. У 2015 го­дзе ў вучэбнай гаспадарцы завяршыўся будаўнічы праект па капітальным рамонце з элементамі рэканструкцыі кароўніка, уведзена ў эксплуатацыю новая малочна-таварная ферма. Рэалізацыя праекта дазволіла павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, укамплектаваць ферму новым абсталяваннем, прымяніць сучасныя тэхналогіі ўтрымання і даення кароў. Была добраўпарадкавана тэрыторыя ­гаспадаркі, пракладзены інжынерныя сеткі водазабеспячэння, водаадвядзення і электразабеспячэння. Ва ўсіх гаспадарчых памяшканнях устаноўлена відэаназіранне. Кацельная працуе на мясцовых відах паліва. У загатоўцы дроў прымаюць удзел ліцэісты. Каб зрабіць іх харчаванне больш танным, у гаспадарцы прадугледжаны свой сад і агарод. 

Для Івацэвіцкага прафліцэя вучэбная гаспадарка — гэта велізарны рэсурс дадатковага фінансавання. За 10 дзён, напрыклад, толькі за малако выручка ў сярэднім складае 9 тысяч рублёў. Заробкі даярак і жывёлаводаў у гаспадарцы дасягаюць 900—1000 рублёў. Дырэктар прафліцэя Міхаіл Яўгенавіч Дымовіч мае медаль “За працоўныя заслугі”, ­
а ў 2017 годзе ён стаў уладальнікам сярэбранага медаля
абласнога конкурсу “Лепшы дырэктар установы прафесійнай адукацыі”.

Навучэнцы зацікаўлены ў атрыманні некалькіх прафесій

Сёння ліцэй — гэта 28 вучэбных кабінетаў, аснашчаных тэхнічнымі сродкамі навучання, 18 навучальных майстэрань і лабараторый. Тут больш за 100 адзінак аўта­трактарнай і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, ёсць свой трактарадром і аўтадром. Таксама ёсць інтэрнат для навучэнцаў на 395 месцаў. Матэрыяльная база, створаная ў ліцэі ў 1986—1987 гадах, лічылася адной з лепшых не толькі ў Брэсцкай вобласці і Беларусі, але і сярод краін СССР. Ліцэй пастаянна мадэрнізуецца, тут набываецца новая сельскагаспадарчая тэхніка, абсталяванне, электронныя сродкі навучання, камп’ютары, праектары, інтэрактыўныя дошкі, укараняюцца новыя педагагічныя тэхналогіі.

Амаль кожны год лепшыя работнікі і навучэнцы ўзнагароджваюцца ганаровымі граматамі як пераможцы ўборачных кампаній на раённых і абласных “Дажынках”. Ліцэісты становяцца пераможцамі абласных конкурсаў прафесійнага майстэрства, спартыўных спаборніцтваў, выстаў дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці. Значнай перамогай стаў бронзавы медаль у конкурсе WorldSkills Belarus — 2018, які заваяваў навучэнец ліцэя Захар Лакцюшын у кампетэнцыі “Электрамантаж”.  

Ва ўстанове сёння займаюцца 550 навучэнцаў, 57 з іх — маладыя людзі з АПФР. Навучанне такіх дзяцей у Івацэвіцкім прафліцэі вядзецца з 1993 года. У 2008 годзе тут быў адкрыты Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з АПФР. Галоўная мэта дзейнасці цэнтра — стварэнне спецыяльных умоў для атрымання адукацыі і кваліфікацыі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў адпаведнасці з іх магчымасцямі і далейшая інтэграцыя юнакоў і дзяўчат у грамадства. Вучоба асаблівых навучэнцаў у 2017/2018 навучальным годзе ажыццяўлялася па кваліфікацыях “гароднінавод”, “швачка”, “слесар па рамонце СГМ і абсталявання”, “тынкоўшчык”, “аператар машыннага даення”. У гэтым навучальным го­дзе для асоб з АПФР былі ўведзены новыя, у тым ліку інтэграваныя, прафесіі; “аператар машыннага даення, швачка”; “агароднінавод, маляр”; “вышывальшчыца, садоўнік”, “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, тынкоўшчык”; “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, абліцоўшчык-плітачнік”. Дзеці з асаблівасцямі развіцця прымаюць удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, якія штогод праводзяцца ў цэнтры. Іх паспяховай сацыяльнай і працоўнай адаптацыі спрыяюць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах у кірунку тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці: “Кухаронак”, “Чароўны лапік”, “Шыем самі”, “Агароднік”, “Кветкавод”, “Фантазія” і інш. Юнакі і дзяўчаты з АПФР праходзяць практыку як у вучэбнай гаспадарцы ліцэя, так і на прадпрыемствах горада і раёна. Ва ўстанове арганізавана другасная занятасць навучэнцаў з асаблівасцямі развіцця па лініі Цэнтра па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Такія навучэнцы ствараюць прадукцыю для патрэб інтэрната: шыюць пасцельную бялізну, шторы, спецадзенне, выконваюць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі ліцэя (саджаюць і вырошчваюць кветкі, агародніну, прыбіраюць тэрыторыю). На гэтыя віды работ навучэнцам выдаткоўваюцца сродкі.

Педагогі ліцэя актыўна вывучаюць вопыт работы з навучэнцамі з АПФР як у нашай краіне, так і за яе межамі. Удзельнічаюць у канферэнцыях, семінарах, мерапрыемствах, дзе можна атрымаць новыя веды. Ліцэй таксама імкнецца трансліраваць свае дасягненні ў кірунку навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Выпускнікі ліцэя з АПФР працаўладкоўваюцца па атрыманых прафесіях. Супрацоўнікамі ліцэя наладжаны кантакты з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, з аддзеламі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў, упраўленнямі сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў воб­ласці, таварыствамі інвалідаў і тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацы­яльнага абслугоўвання насельніцтва. “На жаль, не ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў разумеюць асаблівасці паво­дзін гэтых лю­дзей, — гаворыць дырэктар ліцэя. — Недастатковасць самакантролю, унушальнасць, слабая воля і іншыя асаблівасці ­
асоб з АПФР прыводзяць да непаразумення, ­канфліктных сі­туацый, з прычыны чаго многія людзі з абмежаваннямі страч­ваюць работу. Ім трэба больш часу для працоўнай і сацыяльнай адаптацыі, а работадаўцам варта праяўляць цярпенне і вытрымку. Цэнтр ажыццяўляе патранат выпускнікоў на працягу двух гадоў пасля заканчэння ўстановы. Вывучаюцца цяжкасці і праблемы ў самастойным жыццеўладкаванні, аказваецца своечасовая дапамога і падтрымка”.

Дырэктар прафліцэя расказаў і пра тое, што сёння
192 навучэнцы атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці ў аддзяленнях, якія размешчаны на тэрыторыі мужчынскіх па­праўчых устаноў №№ 5 і 22. У аддзяленнях ёсць неабходнае для гэтага абсталяванне, вучэбныя кабінеты і майстэрні. Зняволеныя атрымліваюць навыкі па дрэваапрацоўцы, вучацца на электразваршчыкаў ручной зваркі, электраманцёраў, на спецыялістаў па пашыве адзення. Некаторыя за ўвесь тэрмін зняволення атрымліваюць па 3—4 прафесіі.

З мэтай папулярызацы рабочых прафесій

У ліцэі сфарміравалася эфектыўная сістэма прафарыентацыйнай дзейнасці. Для навучэнцаў малодшых класаў праводзяцца экскурсіі па ўстанове, дзе ў даступнай форме расказваюць пра спецыяльнасці, якія тут можна атрымаць, паказваюць сельскагаспадарчыя машыны, арганізуюць забаўляльныя мерапрыемствы, знаёмяць з музеем пад адкрытым небам, дзе прадстаўлены традыцыйныя рамёствы беларусаў (у міні-майстэрнях размешчаны прылады для сельскагаспадарчай працы, якімі карысталіся нашыя продкі ў ХІХ—ХХ стагоддзях).

Школьнікаў старшых класаў падрабязней інфармуюць аб прафесіях, якія можна атрымаць у ліцэі, запрашаюць ва ўстанову прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах, конкурсах, тэматычных вечарах, акцыях. Для выпускнікоў школ арганізоўваюцца святы, на якіх прысутнічаюць прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў, дні адкрытых дзвярэй, прома-акцыі. Падчас майстар-класаў па прафесіях ліцэісты паказваюць вучням спосабы фігурнай нарэзкі гародніны і садавіны, розныя віды ўпрыгожвання страў. Дзяўчыны — будучыя швачкі — дэманструюць свае ўменні ў сфастрыгаванні і сшыванні вырабаў. Маляры і тынкоўшчыкі прадстаўляюць розныя віды дэкаратыўнай тынкоўкі і працу з фарбамі. Прадаўцы прыгожа афармляюць вітрыны невялікага магазіна і прапануюць узважыць тавар. Зваршчыкі запрашаюць паспрабаваць свае сілы на зварачным трэнажоры. Многія з гасцей з задавальненнем спрабуюць сябе ў ролі трактарыста-машыніста і вадзіцеля грузавога аўтамабіля. Абавязковае ў праграме чаяванне з духмянымі булачкамі. Пасля такіх майстар-класаў школьнікі вяртаюцца дамоў натхнёныя, многія нават з цвёрдай упэўненасцю, што прый­дуць вучыцца ў ліцэй. Як правіла, прыязджаюць у ліцэй на праф­арыентацыйныя мера­прыемствы школьнікі з Бярозаў­скага, Івацэвіцкага і Пружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці. Галоўная задача такіх мерапрыемстваў — папулярызацыя рабочых прафесій, якія патрэбны сучаснаму грамадству.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.