Рыхтаваць новых выкладчыў па шахматах пачнуць у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. 13 верасня ў Мінску ў 5 корпусе БДПУ па вуліцы Магілёўскай, 37 адкрылася аўдыторыя імя першага беларускага гросмайстра Віктара Давыдавіча Купрэйчыка.
У маі гэтага года БДПУ імя Максіма Танка і Беларуская федэрацыя шахмат падпісалі дагавор аб рэалізацыі сумеснага спартыўна-адукацыйнага праекта “Шахматны дэбют”. І вось вынік: 13 чысла, 13 кабінет, 13 гадзін. Гэтыя лічбы нездарма былі выбраны для ўрачыстага адкрыцця: знакаміты беларускі шахматыст Віктар Купрэйчык любіў менавіта іх.
Аўдыторыя № 13 будзе прымаць у сваіх сценах будучых настаўнікаў пачатковых класаў. Тут яны навучацца гуляць у шахматы, засвояць методыку іх выкладання, а потым перададуць гэты вопыт сваім вучням. Плануецца, што ў 2019 годзе на заняткі прыйдзе каля 140 студэнтаў.
“Гэтая падзея важная не толькі для нашага ўніверсітэта і федэрацыі шахмат, але і для ўсёй спартыўнай грамадскасці Беларусі, — адзначыў рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — Наша жыццё падобна да шахматнай гульні. Кожны дзень нам прыходзіцца вырашаць задачы, знаходзіць аптымальныя варыянты. Так і ў шахматах. Я думаю, што цікавасць да гэтага праекта будзе вялікай”.
Каб навучанне праходзіла ў камфортных умовах, Беларуская федэрацыя шахмат перадала БДПУ 30 шахматных набораў, дзве магнітныя дэманстрацыйныя дошкі, падручнікі і рабочыя сшыткі.
Праводзіць заняткі будуць прафесіяналы — старшы трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па шахматах і шашках Юрый Борсук, міжнародны майстар спорту па шахматах Наталля Папова, трэнер-выкладчык шахматнай школы FIDE Дзяніс Бурко.
Правільна стартаваць — залог поспеху ў многіх відах спорту. Таму ў аўдыторыі № 13 пасля ўрачыстай цырымоніі прысутныя згулялі паміж сабой партыю. Цяпер гэтае месца цалкам гатова для работы з новым пакаленнем настаўнікаў пачатковых класаў.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.