Першым прыпынкам палескага падарожжа ўдзельнікаў прэс-туру “Настаўніцкай газеты” стаў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж. Уключаючыся ў працэсы лічбавізацыі сучаснага жыцця, пад кіраўніцтвам Мікалая Вакульчыка каледж актыўна ўкараняе інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі, ствараючы прастору для развіцця і творчасці навучэнцаў і дабіваючыся высокіх паказчыкаў якасці адукацыйнага працэсу.
Для журналістаў гаспадары арганізавалі экскурсійны маршрут па каледжы. На яго пляцоўках можна было бачыць, як працуе ўстанова адукацыі, чым жыве і ганарыцца, пра што марыць. Спартыўная зала і арганізацыя работы па фізічным выхаванні навучэнцаў, актавая зала і работа аб’яднанняў па інтарэсах, правядзенне навучэнцамі вольнага часу былі прадстаўлены гасцям.
— Асноўная мэта дзейнасці каледжа — падрыхтоўка высокакваліфікаванага, канкурэнтаздольнага спецыяліста, які адпавядае запытам часу і запатрабаваны на рынку працы, — адзначае дырэктар каледжа Мікалай Вакульчык. — Для рэалізацыі гэтай мэты ўстанова знаходзіць магчымасці для мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы і адкрыцця новых спецыяльнасцей і рабочых прафесій. У каледжы створаны кабінеты і лабараторыі, якія маюць неабходнае абсталяванне для правядзення тэарэтычных, лабараторных і практычных заняткаў. Акрамя таго, каледж укараняе сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, супрацоўнічае з вядучымі перапрацоўчымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі краіны. Дарэчы, практычныя заняткі праходзяць на базавых прадпрыемствах, што дазваляе забяспечыць практыка-арыентаваную накіраванасць навучання.
Затым госці азнаёміліся са спецыяльнасцямі, па якіх ажыццяўляецца навучанне ў каледжы. Штогод установа выпускае больш за 300 спецыялістаў для галін аграпрамысловага комплексу па 4 спецыяльнасцях: “Ветэрынарная медыцына”, “Заатэхнія”, “Тэхналогія захавання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (па напрамках)”, “Машыны і апараты харчовых вытворчасцей”. Кожнае аддзяленне абсталявала выставачную пляцоўку, на якой наглядна паказала сваю спецыфіку. Так, механічнае аддзяленне засяродзіла ўвагу прысутных на дасягненнях у галіне тэхнічнай творчасці.
Па словах дырэктара, правільна арганізаваная тэхнічная творчасць дазваляе ўключыць маладых людзей у карысную практычную дзейнасць, развівае самастойнасць, актыўнасць, прасторавае ўяўленне, фарміруе ўменне працаваць з чарцяжамі, навуковай літаратурай, а таксама развівае навыкі карыстання вымяральнымі прыборамі, інструментамі, спецыяльнымі прыстасаваннямі. Дзякуючы сумеснай дзейнасці выкладчыкаў (І.Тарасевіч, С.Курадоўца, Д.Гулевіча, А.Гундзіловіча), майстра вытворчага навучання С.Шчарбука і навучэнцаў, каледж займае прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх конкурсах.
З 2017 года ва ўстанове пачала працаваць пастаянна дзеючая выстава тэхнічнай творчасці, дзе прадстаўлены работы, выкананыя ўласна навучэнцамі і навучэнцамі разам з педагогамі. Былі выраблены дзеючыя мадэлі абсталявання, якое выкарыстоўваецца на прадпрыемствах харчовай прамысловасці: макет стужачнага транспарцёра, цэнтрабежнага вентылятара, чарвячнага рэдуктара, змешчанага ў корпус з аргшкла, цэнтрабежнай помпы. У арсенале ўмельцаў — і прыстасаванне для вырабу шрубавых калон, і арыгінальныя настольныя лямпы, мэбля і прадметы інтэр’ера. Характэрна, што ўсё гэта вырабляецца з металічных дэталей машын, якія не выкарыстоўваюцца, спалучальных дэталей механізмаў, якія выйшлі са строю, “металалому”, які ў побыце наўрад ці знойдзе прымяненне. Так з’яўляюцца цікавыя экспанаты. Каледж — пастаянны ўдзельнік і пераможца конкурсу “ТэхнаЁлка” ў намінацыі “Дызайн-ёлка”: у 2018 годзе — DVSDiskoЁлка, у 2019 годзе — LUTCHSS, у 2020 годзе — “Красуня”.
Зааветэрынарнае аддзяленне прадэманстравала вучэбнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў працэсе навучання, і зрабіла акцэнт на ўдзеле ў рэспубліканскіх конкурсах. Навучэнцы дастойна прадстаўляюць каледж на конкурсе “Аграмайстэрства” па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына” і “Заатэхнія”. У 2019 годзе каманда каледжа па спецыяльнасці “Заатэхнія” заняла 1-е месца. Не было роўных навучэнцам Юліі Грынюшка (1-е месца) і Паўлу Жураўлю (3-е месца). Усё гэта стварае матываваным навучэнцам сітуацыю поспеху, а выпускнікам каледжа дазваляе быць паспяховымі, працягваючы навучанне ў профільных УВА: Магілёўскім універсітэце харчавання, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі і інш.
Педагогі каледжа азнаёмілі ўдзельнікаў з асаблівасцямі інавацыйнай дзейнасці ў рэспубліканскім праекце “Укараненне мабільных тэхналогій у адукацыйны працэс устаноў прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, які з верасня 2018 года рэалізоўваецца ў каледжы. Выкладчыкі Алена Мараўская і Рэнат Муратаў падзяліліся вопытам прымянення мабільных тэхналогій падчас выкладання вучэбных дысцыплін па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына”. Актыўна выкарыстоўваюць педагогі ў разумным спалучэнні з традыцыйнымі сродкамі і метадамі навучання сэрвісы Google, мабільныя дадаткі Plickers, LearningApps, QR CodeReader, сэрвісы для стварэння ментальных карт XMind і MindMaister, працуе 7 прадметных блогаў. Так, рэсурс WordCloud дазваляе стварыць візуальны вобраз ключавых слоў, тэксту ў захапляльнай форме. Воблака слоў педагогі прымяняюць як на розных этапах вучэбных заняткаў (на этапе паведамлення тэмы ўрока для павышэння матывацыі, для паўтарэння пройдзенага, для пераключэння ўвагі навучэнцаў), так і ў пазакласнай рабоце. Ментальныя карты выкарыстоўваюцца для таго, каб зафіксаваць, зразумець і запомніць змест матэрыялу, для праектавання, структуравання думак, абагульнення ідэй і г.д. Яны таксама складаюцца на розных этапах вучэбных заняткаў.
— Асвойваючы і ўкараняючы мабільныя тэхналогіі, творчая група педагогаў вучыць калег на практычных семінарах і майстар-класах, тым самым папулярызуючы інавацыі ў адукацыі, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Наталля Чыжыкава. — Гэта з’яўляецца добрай асновай для павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Па выніках 2018/2019 навучальнага года 10 педагогаў паспяхова здалі экзамен на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Матыватарам для ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў з’яўляецца і абавязковае валоданне інструментамі інтэрактыўнай дошкі пры атэстацыі на кваліфікацыйную катэгорыю. На зусім іншым узроўні выконваюцца курсавыя і дыпломныя праекты: графічная частка распрацоўваецца ў фармаце САПР. Навучэнцы і педагогі асвоілі праграмы сістэм аўтаматызаванага праектавання “Компас”, AutoCad, Solid і актыўна выкарыстоўваюць іх на вучэбных занятках.
Тэхналагічнае аддзяленне прадставіла вопыт удзелу ў навуковай дзейнасці і гуртковую работу па вырабе малочных і мясных прадуктаў па арыгінальных рэцэптах, распрацаваных у выніку сумеснай работы выкладчыкаў і навучэнцаў. Так, імі апрабаваны рэцэпты каўбасных вырабаў з дабаўленнем ламінарыі, арэхаў, прадуктаў, якія змяшчаюць клятчатку. Наведалі журналісты і лабараторыю мікрабіялогіі, дзе праходзілі практычныя заняткі па даследаванні кісламалочных прадуктаў, прадэгуставалі сыр “Адыгейскі” з вострымі травамі і напітак на аснове малочнай сыроваткі з апельсінавым сокам, вырабленым у лабараторыі каледжа. Створаныя прадукты прыйшліся даспадобы ўсім, я і мае калегі выставілі навучэнцам максімальныя балы. Ды гэта і заканамерна. Прызнанымі майстрамі малочнай вытворчасці сталі сёлета на ІІІ Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па кампетэнцыі “Майстар малочнай вытворчасці” навучэнцы 3 курса тэхналагічнага аддзялення Дзмітрый Хведанцэвіч і Дзмітрый Мацейчык. Каманда каледжа заваявала дыплом ІІ ступені, а таксама дыплом І ступені атрымалі навучэнцы ў намінацыі “За высокую культуру і прытрымліванне санітарных норм і правіл у адпаведнасці з патрабаваннямі НАССР і ISO”.
На сёння ў Пінскім дзяржаўным аграрным тэхналагічным каледжы вучацца 1082 чалавекі, у тым ліку на дзённай форме навучання 850 навучэнцаў, на завочнай — 232. Каледж забяспечвае 100%-нае размеркаванне выпускнікоў і поўнасцю выконвае кантрольныя лічбы набору.
У каледжы для дзяцей і выкладчыкаў, якія не абмяжоўваюцца ў адукацыйных інтарэсах толькі вучэбнымі праграмамі, працуе 7 секцый пастаянна дзеючай канферэнцыі “Даследаванне — першы крок у навуку”. Вынік такога падыходу — паспяховыя выступленні і перамогі на абласных канферэнцыях “Паспяховы той, хто стварае”, “З навукай у будучыню”, на Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Інстытута мяса-малочнай прамысловасці.
Накіраваць энергію навучэнцаў, залежных ад разнастайных гаджэтаў, у станоўчае рэчышча, дазваляе работа 19 творчых аб’яднанняў па інтарэсах па розных кірунках: мастацкая творчасць, дэкаратыўна-прыкладная, тэхнічная творчасць і аматарскія аб’яднанні. Так, вясёлыя і знаходлівыя вучні жартуюць у “КВЗ” і “КіВіН”, жадаючыя займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю наведваюць заняткі ў аб’яднанні “Свет кветак”, мастацтву бачыць свет праз аб’ектыў фотакамеры можна навучыцца ў фотагуртку “Кадр”, вывучыць праграмны комплекс сістэм аўтаматызаванага праектавання ёсць магчымасць у творчым аб’яднанні “Компас”. У тэатральнай студыі Look навучэнцы вучацца акцёрскаму майстэрству.
Гордасць установы адукацыі — творчы калектыў NEWVENTO, які стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені ў намінацыі “Ансамбль эстраднага танца” і дыплома ІІ ступені сумесна з вакальнымі калектывамі “Мікс” і “Валошкі” ў намінацыі “Фальклорны тэатр” на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2019”.
Створаная для развіцця і творчасці навучэнцаў і педагогаў адукацыйная прастора каледжа пастаянна ўдасканальваецца і развіваецца. Дзякуючы ёй, са сцен установы выходзяць спецыялісты, якія валодаюць высокім узроўнем сучасных ведаў, здольныя да самаразвіцця і самаадукацыі ў працэсе працоўнай дзейнасці, якія ўмеюць прымяняць атрыманыя веды, уменні і навыкі на практыцы, у нестандартных сітуацыях. А ці не гэта ў сучасным свеце асабліва важна?
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.