З верасня мінулага года ў яслях-садзе № 239 Мінска дзейнічае анімацыйная студыя “Мульты-Lend”, маленькія наведвальнікі якой пад кіраўніцтвам педагога Надзеі Леанідаўны Шэўчык ствараюць мультфільмы.
Як адзначыла загадчык установы Таццяна Аляксандраўна Кузьміч, дзеці, якія займаюцца ў студыі, рознабакова развіваюцца, а педагогі, якія далучыліся да работы, маюць унікальную магчымасць арганізаваць прадукцыйную дзейнасць выхаванцаў на аснове сінтэзу мастацкай і тэхнічнай творчасці. З дапамогай яркіх малюнкаў, якія ажываюць на экране, у дзяцей фарміруюцца ўяўленні аб навакольным асяроддзі, маральныя нормы і правілы, навыкі камунікацыі, пазнавальная цікавасць.
Ідэя арганізацыі мультстудыі ўзнікла ў Таццяны Аляксандраўны пасля паездкі ў Маскву на міжнародны форум педагагічных работнікаў, дзе яна пазнаёмілася з аналагічным вопытам работы калег з Расіі. Калектыў падтрымаў задуму. Кіраўнік студыі “Мульты-Lend” Надзея Леанідаўна Шэўчык прайшла навучанне ў МГІРА ў спецыялістаў з Масквы па адукацыйнай праграме “Ад аўтарскага дзіцячага мультфільма да інжынернага мыслення і даследчай кампетэнтнасці” і сёння літаральна жыве гэтай справай. Перш чым адкрыць анімацыйную студыю, педагогі правялі падрыхтоўчую работу: сістэматызавалі і падабралі дзіцячую мастацкую літаратуру і ілюстрацыі ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, якія можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы сюжэтаў анімацыйных фільмаў, знайшлі патрэбны дыдактычны матэрыял, а таксама матэрыялы для вырабу персанажаў і дэкарацый (пластылін, каляровую паперу, кардон, нажніцы, каляровыя і простыя алоўкі, васковую крэйду, вату, манныя крупы, пясок і інш.), устанавілі праграмнае забеспячэнне HUE Animation.
Праграма заняткаў у студыі разбіта на 7 блокаў: “Усе сакрэты анімацыі”, “Пластылінавая анімацыя”, “Lego-анімацыя”, “Лялечная анімацыя”, “Пясочная анімацыя”, “Плоскасная анімацыя”, “Фільм. Фільм. Фільм!”. У працэсе стварэння мультфільмаў выхаванцы знаёмяцца з асновамі інфармацыйных, лічбавых і медыйных тэхналогій. У перспектыве — работа з рознымі тэхнікамі анімацыі.
“Пачалі мы з “Пластылінавай анімацыі”, з усім знаёмай казкі “Калабок”, — гаворыць кіраўнік студыі Надзея Шэўчык. — Прадумалі магчымыя ідэі для сюжэтаў фільмаў на аснове мастацкіх твораў, асабістага вопыту дзяцей, а таксама па выніках іх даследчай дзейнасці. Сёння ў скарбонцы студыі ёсць мультфільм, у аснову сцэнарыя якога пакладзены вынікі даследчай дзейнасці выхаванца старшай групы Дзяніса Уэльскага “Зімовыя прыгода рукавіцы”:
Ёсць у нас вопыт работы па стварэнні мультфільма ў тэхніцы “Lego-анімацыя” (“Наш сябар — святлафор”). Напісаны сцэнарый і распачаты здымкі мультфільма “Адкуль з’яўляецца матылёк” у змешанай тэхніцы: перакладка і лепка”.
Работа над стварэннем мультфільма — паэтапны працэс. Спачатку трэба прыдумаць сюжэт. Дзеці самастойна выбіраюць тэхніку здымак, размяркоўваюць ролі, выбудоўваюць паслядоўнасць падзей і неабходных дзеянняў. Працэс раскадроўкі развівае лагічнае мысленне, уменне вылучаць асноўнае з фону. Выхаванцы могуць бачыць сюжэт цалкам, планаваць свае дзеянні пры здымках, выбіраць найбольш эфектыўны спосаб падачы матэрыялу. У далейшым неабходна зрабіць персанажаў, фон і дэкарацыі для будучага мультфільма. У залежнасці ад тэхнікі здымак з гэтай мэтай выкарыстоўваюцца малюнак, жывапіс, лепка, дызайн, дэкаратыўна-прыкладная творчасць. У працэсе прадукцыйнай дзейнасці дзеці фантазіруюць, эксперыментуюць, прадумваюць яркія вобразы і характары герояў, іх знешняе асяроддзе.
Адзін з самых любімых дзецьмі, але карпатлівых этапаў работы — здымкі мультфільма. Выхаванец, які выконвае ролю аператара, ажыццяўляе кантроль якасці знятых кадраў. Дзеці-аніматары ажыццяўляюць дзеянні ў кадры, перастаўляючы герояў і дэкарацыі ў адпаведнасці з сюжэтам. Гэта не так проста. Выхаванцам неабходна пастаянна кантраляваць свае дзеянні: перастаўляць фігуркі персанажаў, прыбіраць рукі з кадра, рабіць мноства кадраў, не перамяшчаючы камеру з устаноўленай кропкі.
Наступны крок — мантаж або злучэнне педагогам кадраў у фільм пры дапамозе камп’ютарнай праграмы. Тут важна паказаць дзецям, што плаўнасці рухаў герояў мультфільма можна дабіцца толькі тады, калі на сцэне герой вельмі мала рухаецца. Выхаванцы любяць этап агучкі. Па чарзе яны запісваюць галасавое суправаджэнне, прамаўляючы рэплікі на падыходзячым кадры (пры неабходнасці запісваюць тэкст невялікімі кавалачкамі). На гэтым этапе ў індывідуальнай рабоце з дзецьмі адпрацоўваецца выразнасць маўлення, тэмп і тэмбр голасу. Выхаванцы вучацца акцёрскім навыкам, перадаваць голасам характар і настрой герояў, ствараць шумавыя эфекты (шум, завыванне ветру і г.д.). Таксама сумесна з дзецьмі педагог падбірае музычнае суправаджэнне мульціка. І, нарэшце, доўгачаканы момант — прагляд гатовага творчага прадукту, абмеркаванне вынікаў агульнай працы.
З верасня 2020 года ў садзе плануецца аказанне адукацыйнай паслугі на платнай аснове “Творчая майстэрня “Мульты-Land” для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.
Надзея ЦЕРАХАВА.