У рэгіёнах ёсць істотныя рэзервы для павышэння эфектыўнасці работы сістэмы аховы дзяцінства, прычым на самых розных этапах — ад выяўлення ранняй нядобранадзейнасці да арганізацыі дзейнасці замяшчальных сем’яў. Гэта — выснова рэспубліканскага семінара па пытаннях удасканалення работы органаў аховы дзяцінства, які днямі прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Якія напрамкі работы ў гэтай сферы патрабуюць асаблівай увагі? Якія новыя рэсурсы прапануюць спецыялісты на рэспубліканскім узроўні для павышэння якасці работы? Пра ўсё гэта ў матэрыяле нашага карэспандэнта.
Змяніць ментальнасць
У апошні час у многіх людзей паняцце “ахова дзяцінства” асацыіруецца найперш з замяшчальным бацькоўствам — прыёмнымі сем’ямі, дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу. Яно і нядзіўна: прафесійныя сем’і сталі адным з галоўных рэсурсаў для ўладкавання дзяцей з асаблівым лёсам (ва ўсялякім разе — у колькасным выражэнні). Так, па стане на пачатак бягучага года ў прафесійных сем’ях выхоўвалася 6400 дзяцей. А гэта амаль столькі ж, колькі ў сем’ях усынавіцеляў (6,5 тысячы). Але, як часта бывае, з колькасным развіццём узнікаюць пытанні якасці. І прафесійнае бацькоўства ў гэтым сэнсе — не выключэнне. Апошнім часам у сферы замяшчальнага бацькоўства назіраецца істотнае хваляванне, калі не сказаць больш, — напружанне. Гэта бачна і па шматлікіх зваротах замяшчальных бацькоў у органы ўлады, і па рэзанансных гісторыях, што тыражуюцца сродкамі масавай інфармацыі. Падмацавана гэтае сцвярджэнне і вынікамі апытання, праведзенага спецыялістамі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Між тым большасць праблемных сітуацый, якія ўзнікаюць на месцах, прадыктаваны суб’ектыўнымі прычынамі: няведаннем спецыялістамі норм ці няўменнем карыстацца прадастаўленымі магчымасцямі. Так, скажам, многія замяшчальныя бацькі ўзнімаюць праблему рэгістрацыі дзяцей-сірот: па-ранейшаму часта дзеці-сіроты зарэгістраваны па месцы жыхарства ў жылых памяшканнях апекуноў, прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў. У выніку накладваецца абцяжарванне на гэтыя жылыя памяшканні. І гэта пры тым, што яшчэ ў красавіку 2013 года ва Указ кіраўніка дзяржавы № 413 былі ўнесены змены, згодна з якімі дзеці-сіроты, якія не маюць замацаванага жылля, павінны быць перарэгістраваны па месцы жыхарства да будынкаў, у якіх размешчаны мясцовыя распарадчыя органы. Ці, напрыклад, пытанне матэрыяльнага забеспячэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Абсалютная большасць бацькоў-выхавальнікаў, згодна з вынікамі апытання, сведчыць пра тое, што ўкладваюць уласныя сродкі ў рамонт памяшканняў, набыццё неабходнага абсталявання для выхаванцаў. Звароты ж у мясцовыя органы кіравання адукацыяй за вырашэннем такіх пытанняў, як правіла, не даюць выніку. Праблема, па меркаванні спецыялістаў, у статусе — калегі ці прасіцеля, у якім успрымаюцца замяшчальныя бацькі на месцах. — Прыватныя асобы, не члены каманды, не работнікі — такая ментальнасць у адносінах да замяшчальных бацькоў застаецца. Іншымі словамі, прафесійныя бацькі пры неабходнасці вырашэння пытання выступаюць выключна ў ролі прасіцеляў — звяртаюцца то ў адну інстанцыю, то ў другую… Аднак у іх ёсць зусім іншы рэсурс: план развіцця сям’і, — выказала меркаванне начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Галіна Іванаўна Рудзянкова. — Замяшчальныя бацькі не павінны хадзіць і прасіць. Яны павінны разам з інспектарам па апецы кожныя паўгода ацэньваць свае патрэбы — ад матэрыяльных да псіхалагічных — і прапісваць усё гэта ў плане развіцця сям’і. Рэсурсы для забеспячэння гэтых патрэб таксама можна знайсці. Адзін з прапанаваных шляхоў — больш дакладная работа з нацыянальнымі праграмамі. — У праграме дэмаграфічнай бяспекі ёсць пункт, дзе закладваюцца грошы на абнаўленне матэрыяльнай базы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Варта своечасова звяртацца ў аблвыканкам, каб на гэтыя мэты на раён выдзялялі пэўную частку грошай. Сёння ж, як сведчыць практыка, у многіх абласцях на гэтыя мэты ў праграме наогул не закладваюцца грошы: няма адпаведных заявак, — адзначыла спецыяліст. Зрэшты, матэрыяльны бок — не адзінае, што хвалюе замяшчальных бацькоў. Гэта, хутчэй, найбольш прыкметны воку аспект агульнай праблемы пад назвай суправа-джэнне замяшчальных сем’яў. — Сёння гаварыць пра тое, што не хапае спецыялістаў, якія павінны займацца суправаджэннем замяшчальных сем’яў, не даводзіцца. Іншае пытанне — якасць гэтага су-праваджэння: па-ранейшаму ў гэтай сферы шмат праблем, — падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Алена Васільеўна Галаўнёва.
Рэсурсы навучання
У многім праблемы якаснага суправаджэння замяшчальных сем’яў, як і раней, тлумачацца высокай змяняльнасцю спецыялістаў у сферы аховы дзяцінства. Як вынік — недастатковы прафесійны ўзровень тых, хто закліканы суправаджаць прафесійныя сем’і. Але ўсё гэта можна пераадолець: ёсць шэраг рэсурсаў для таго, каб нават новапрыбыўшы спецыяліст атрымаў неабходныя веды, пазнаёміўся з вопытам калег. Магчымасцей для самаадукацыі таксама дастаткова. Узяць для прыкладу Нацыянальны цэнтр усынаўлення, які даўно дэ-факта з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па пытаннях сямейнага ўладкавання дзяцей. Апошнім часам у цэнтры пачаты шэраг праектаў, якія закліканы не толькі прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы сіроцтва, але і павысіць прафесійны ўзровень спецыялістаў, што працуюць у гэтай сферы. — Са студзеня 2012 года ў нас дзейнічае метадычная электронная рассылка, — расказала дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталля Станіславаўна Па-спелава. — Дыстанцыйна, на аснове сігналаў, якія паступаюць з месцаў, мы імкнёмся сфакусіраваць інтарэс спецыялістаў на тым ці іншым праблемным моманце. Гэта штомесячная падборка найбольш актуальных, якасных, кампетэнтных матэрыялаў па складаных пытаннях. На сёння ў нас больш за 400 падпісантаў гэтай рассылкі. Пытанне толькі ў прафесійнай зацікаўленасці спецыялістаў на месцах: з прадстаўленымі данымі неабходна актыўна працаваць — вывучаць, аналізаваць, супастаўляць. Ёсць і больш новыя праекты, якія сябе ўжо зарэкамендавалі: тэлевізійны “У вас будзе дзіця” і інтэрнэт-праект Dadomy.by. Самы апошні інфармацыйна-адукацыйны праект — штомесячная прафесійная газета для спецыялістаў па сямейным уладкаванні “Дадому!” — таксама дае выдатныя магчымасці для прафесійнага развіцця. — Добры вопыт назапашаны і нашымі прафесійнымі сем’ямі — прыёмнымі бацькамі і бацькамі-выхавальнікамі, — падкрэсліла Наталля Станіславаўна. — Сёння, калі аднаму з гэтых інстытутаў 15 гадоў, а другому — больш за 20, мы з вамі, калегі, павінны паважаць прафесіяналізм тых, хто там працуе. Гэтыя людзі праз свае рукі, сэрцы, праз свой дом вывелі ў свет столькі вельмі няпростых дзяцей! Нам трэба імкнуцца выкарыстоўваць такі рэсурс. Гэта пашырыць мультыдысцыплінарны падыход з улікам ведаў, уменняў і вопыту, якія многім нашым спецыялістам, асабліва з улікам зменлівасці, дадуць вельмі добрае прафесійнае развіццё.
Кантроль плюс рэабілітацыя
З 2007 года адзін з асноўных напрамкаў работы органаў аховы дзяцінства — дзейнасць у рамках Дэкрэта № 18. Ужо не першы год міжведамаснай рэспубліканскай камісіяй у рэгіёнах праводзіцца маніторынг работы па выкананні гэтага дакумента. Кансультант аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Інеса Віктараўна Кіслая расказала аб выніках работы камісіі. — Па выніках мінулага года 22 509 дзяцей былі прызнаны асобамі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — прывяла даныя Інеса Віктараўна. — За год знята з уліку ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі ў сям’і 16 677 дзяцей, 3235 непаўналетніх прызнаны асобамі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і адабраны ў бацькоў. Вынікам міжведамаснай работы стала памяншэнне ў мінулым годзе дзяцей, якія засталіся без папячэння бацькоў. Такіх было 2750, што на 10,8% менш, чым у папярэднім годзе. Захоўваецца і тэндэнцыя аднаўлення ў бацькоўскіх правах тых, хто раней быў іх пазбаўлены. Разам з тым і ў гэтым напрамку — ранняга выяўлення, рэабілітацыі сем’яў — таксама ёсць праблемы, а значыць, і рэсурсы для ўдасканалення работы. Пра гэта, дарэчы, сведчаць вынікі пракурорскага нагляду за рэалізацыяй Дэкрэта № 18 у рэгіёнах. Як заўважыла начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Дар’я Іванаўна Лебедзева, найбольш часта пракурорамі адзначаецца несвоечасовасць выяўлення сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей, а таксама неэфектыўнасць мерапрыемстваў па абароне законных інтарэсаў непаўналетніх. Так, часам дзеці, якіх па ўсіх прыкметах неабходна прызнаваць асобамі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адносяцца да “групы рызыкі”. Як вынік — гэтак жа зацягваюцца тэрміны прызнання дзяцей асобамі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Шмат пытанняў і да зместу планаў работы з канкрэтным дзіцем і сям’ёй. — У асноўным рэабілітацыя дзяцей зводзіцца да даволі жорсткага кантролю за сям’ёй органамі адукацыі і ўнутраных спраў, а не за кошт развіцця асэнсаванага мацярынства, павышэння бацькоўскай кампетэнтнасці. Планы падобны адзін на адзін, як калька: незалежна ад узросту дзіцяці, сітуацыі ў сям’і выкарыстоўваюцца адны і тыя ж метады дыягностыкі, тэматыка мерапрыемстваў, — адзначыла старшы выкладчык кафедры псіхалогіі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Анатольеўна Осіпава. — Спецыялісты, як правіла, не ставяць мэту работы, таму працуюць на працэс, а не на вынік: вывесці дзяцей да заканчэння школы ці да змены статусу, а не дабіцца пэўных змен. У многім, дарэчы, праблемы прадыктаваны тым, што па-ранейшаму спецыялісты сістэмы адукацыі — адзіныя гульцы на гэтым полі. Міжведамасны механізм на ўзроўні заканадаўства замацаваны толькі ў адносінах да дзяцей, якія прызнаны асобамі, што маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Між тым практыка паказвае, што такое ўзаемадзеянне неабходна і на іншых этапах: калі сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама пры суправаджэнні замяшчальнай сям’і.
Алена МАРКЕВІЧ.