Апошнім часам у Беларусі актыўна загаварылі пра такую жорсткую рэальнасць сучаснага свету, як сексуальны гвалт у адносінах да дзяцей. Прычын для падобнай канцэнтрацыі ўвагі нямала. Толькі ў 2013 годзе ў краіне было выяўлена 389 злачынстваў, звязаных з педафіліяй, у 2010 годзе — 269. Не сакрэт, што з развіццём інтэрнэту ў злачынцаў з’явіліся амаль бязмежныя магчымасці.
Пра адносіны беларусаў да педафіліі, новыя спосабы работы з дзецьмі-ахвярамі, функцыі педагога і многае іншае наша размова са старшынёй праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання “Разуменне” Андрэем МАХАНЬКО.
— Андрэй Міхайлавіч, зразумела, што праблема, якую мы абмяркоўваем, мае латэнтны характар. Аднак агучаны не так даўно ў СМІ выпадак, у якім фігуруе ашаламляльная колькасць дзяцей, якія пацярпелі ад педафілаў, прымушае гаварыць пра нешта большае. Магчыма, гэта можна назваць жудаснай абыякавасцю ўсіх, хто меў хоць нейкую інфармацыю.
— Сапраўды, педафілія мае глыбокі латэнтны характар. І гэта тычыцца не толькі нашай краіны, праблема ўніверсальная. Ёсць агульная інфармацыя, што ў свеце кожная чацвёртая дзяўчынка і кожны шосты хлопчык ва ўзросце да 18 гадоў адчуваюць у той ці іншай меры праяўленні сексуальнага гвалту.
У 2004—2006 гадах мы праводзілі даследаванне на тэму гвалту ў інтэрнатных установах Беларусі. Выбарка была не вельмі вялікая — 156 хлопчыкаў і 156 дзяўчынак ва ўзросце да 16 гадоў. Лічбы аказаліся проста страшнымі. Афіцыйна дзеці расказвалі пра 4,17 працэнта сексуальнага гвалту, 27 — фізічнага, а даследаванне эканамічнага і эмацыянальнага мы проста спынілі — 100-працэнтнае распаўсюджванне.
Вось яна — латэнтнасць, памножаная на нашу беларускую “партызанскую” ментальнасць. Людзі ў большасці сваёй вельмі скрытныя, а яшчэ для нас вельмі важнае меркаванне соцыуму. І не заўсёды гэтае меркаванне носіць пазітыўны характар.
Справа не толькі ў тым, што дзеці баяліся сказаць, хутчэй не ведалі, каму сказаць, куды звярнуцца па дапамогу.
— Цяжка паверыць, што ніхто з пацярпеўшых не паскардзіўся. Ці сучаснае грамадства, і дзеці таксама, настолькі страцілі разуменне, што ёсць норма, а што — не?
— Дзеці не могуць дакладна разумець, што такое норма, а што ёй не з’яўляецца, колькі б дарослыя ім пра гэта ні гаварылі. Важны толькі прыклад, дзеянне. Напрыклад, бацькі абмяркоўваюць на кухні жыццёвую сітуацыю, у якой патрэбна даць адпор, адстаяць сваё права, і рэфрэнам гучыць думка, што лепш нікуды не лезці, бо сабе даражэй. Гэта ўспрымаецца, капіруецца і потым будзе ўзнаўляцца. Калі мы на ўзроўні каштоўнасцей не зразумеем і не прызнаем, што чалавек ёсць самае каштоўнае, а дзяржава, установы, чыноўнікі — не проста другаснае, а трацічнае, чацвярцічнае і нават пяцярычнае… Будзе тое, што ёсць.
Разам з тым вялікая колькасць дзяцей, якія трапілі ў сетку педафілаў, — выхаванцы інтэрнатных устаноў. Яны прывозіліся туды аўтобусамі, ішлі, як кажуць, “касякамі”, прычым са згоды кіраўнікоў інтэрнатных устаноў, якія ведалі, дзе знаходзяцца дзеці і з кім, і пры жаданні маглі даведацца, што адбываецца.
— Узнікае адчуванне, што з часам выпадкаў педафіліі становіцца больш. Гэта сапраўды так, ці проста стала раскрывацца іх большая колькасць?
— Думаю, тут можна гаварыць пра сур’ёзны рост якасці работы ў гэтым кірунку. Ёсць адзін вельмі цікавы індыкатар — гэта так званыя полівіктымныя выпадкі, калі ў адной крымінальнай справе фігуруе некалькі, а то і некалькі дзясяткаў пацярпеўшых. Ці размова ідзе пра сеткі, якія звязваюць злачынцаў. Напрыклад, у мінулым годзе было выяўлена некалькі такіх сетак. Гэты прагрэс тлумачыцца тым, што прымяняюцца новыя тэхналогіі ў рабоце з дзецьмі.
Неяк раней зайшоў у гарадскі аддзел міліцыі, каб даведацца, ці ёсць там спецыяльны алгарытм прыёму і заяўкі гвалту над дзецьмі. Аказалася, што няма. Уявіце сабе карціну: шэры колер казённых сцен і незнаёмы дзядзька ў пагонах. Ён можа быць добрым чалавекам і мець чацвярых дзяцей, але не ведае, як размаўляць з дзіцем у такім выпадку, яго гэтаму не вучылі…
На шчасце, цяпер з дзецьмі працуюць спецыяльна падрыхтаваныя псіхолагі. Дзіця апрошваюць. Сёння гэта адбываецца ў спецыяльных пакоях апытання, і першая задача псіхолага пры гэтым — абарона і захаванне псіхічнага здароўя непаўналетняга. Калі чалавеку, які перажыў гэты жах, даводзіцца расказваць некалькі разоў (а быў выпадак, калі дзіця расказвала 13 разоў), то і ад праўды, і ад псіхічнага здароўя мала што застаецца.
Нават калі адкінуць убок высокамаральныя ўстаноўкі і падумаць пра халодны фінансавы разлік, то пасля такога апытання для рэабілітацыі дзіцяці будзе патрэбна сума, якая ў некалькі разоў пераўзыходзіць першапачаткова патрэбную.
Цяпер дзіця апытваюць максімум тры разы. Вельмі радуе той факт, што беларускія суддзі апошнім часам не выклікаюць дзяцей у суд. Гэта яшчэ адна глыбокая траўма для дзіцяці, бо яно трапляе ў атмасферу прысутнасці. На цяперашні момант у Беларусі 13 пакояў апытання, яшчэ 2 у працэсе запуску і 2 у планах. Амаль усе яны знаходзяцца на базе ўстаноў адукацыі.
— Такая колькасць пакояў зможа задаволіць патрэбы краіны?
— Не, гэтага недастаткова. Аптымальнай колькасцю для Беларусі было б 50 пакояў. Напрыклад, у Польшчы іх больш за 220 (а Польшча ў 4 разы большая за Беларусь), у Літве — 37. Аднак сёння гаварыць пра тое, што “Разуменне” будзе і далей развіваць гэтую сетку, нельга. Мы будзем працаваць над павышэннем якасці іх работы. Хочацца спадзявацца, што мясцовыя ўлады падхопяць працэс разгортвання сеткі такіх пакояў. Ужо сёння мы маем пазітыўныя водгукі ад мясцовых улад, прафесійнай супольнасці і грамадскіх актывістаў з Жодзіна, Ліды, Пінска. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Дзевятоўскі, які прадстаўляе Наваполацк, дзе быў адкрыты адзін з першых пакояў апытання, унёс заканадаўчую ініцыятыву па прымяненні метадаў апытання, прыязных для дзяцей, разам з іншымі мерамі, накіраванымі на барацьбу з гвалтам у дачыненні да дзіцяці. І для нас усіх гэта вялікае дасягненне. Мы гатовы ісці за такімі чэмпіёнамі грамадскай думкі і далей, каб нашы дзеці жылі ў поўнай бяспецы.
— Андрэй Міхайлавіч, у чым спецыялісты бачаць вырашэнне праблемы педафіліі?
— Найперш, у яе ўсведамленні. У многіх людзей у гэтым дачыненні дакладная пазіцыя: “з кулямёта і ў канаву”. Прызнаюся, я сам перажыў гэта, асабліва напачатку, калі хацелася вырашыць усё кардынальна.
Ёсць і іншая рэакцыя на педафілію. Бывае, што добранадзейныя людзі, якія зарабляюць нядрэнныя грошы, жывуць у прасторных кватэрах, дзеці якіх добра вучацца ў школе і займаюцца тэнісам, проста не могуць змясціць гэтую чорную ламаную канструкцыю ў сваіх “правільных” мазгах. У многіх рэакцыя — пазбяганне. Я сам назіраў, як людзі ўпадалі ў ступар. Бывае і іншае…Страх і абыякавасць. І ніякай “касметычнай працэдурай” у дачыненні да нашага грамадства не абыдзешся: тут патрэбна “хірургія”, прычым на самым глыбокім узроўні. Я маю на ўвазе змяненне масавай свядомасці, калі нам урэшце перастане быць усё роўна, што адбываецца побач з намі.
У свеце ў адносінах да педафіліі адбыліся некаторыя змяненні. Напрыклад, з мінулага года з міжнароднага класіфікатара псіхічных захворванняў, у прыватнасці, з раздзела, дзе змяшчаюцца адхіленні ад нормы палавой арыентацыі, выключана педафілія. Атрымліваецца, што сёння гэта варыянт сексуальнай цягі, які не з’яўляецца палавой ненармальнасцю.
Мы раздзяляем пазіцыю, што гэта ненармальнасць, якая павінна лячыцца цяжкімі псіхатропамі.
Вельмі важна праводзіць лячэнне дзяцей, якія пацярпелі ад педафілаў. Практыка паказвае, што ад 40 да 50 працэнтаў хлопчыкаў, якія перанеслі такую траўму, самі становяцца гвалтаўнікамі і часам у дачыненні да дзяцей. Як бачыце, гэта не жарты. У той жа час у нас няма дзіцячых сексолагаў, ды і дзіцячых псіхатэрапеўтаў крыху больш за 20 на ўсю краіну.
Можна звярнуцца і да такога рэсурсу, як self-reporting. Калі чалавек разумее, што ў яго хваравітая цяга да дзяцей, ён сам тэлефануе ў патрэбную інстанцыю і кажа: “Дапамажыце, не магу кіраваць сабой, дайце нейкія лекі, а інакш здарыцца страшнае…” На жаль, лекаў ад гэтага няма, дапаможа хіба што толькі хімічная кастрацыя. Таксама можна выкарыстоўваць комплекснае лячэнне.
Аднак у Беларусі такі рэсурс зусім не выкарыстоўваецца, а нашы калегі з ЗША, дзе ён распаўсюджаны, адзначаюць яго малаэфектыўнасць.
— Зразумела, што сістэма адукацыі не застрахавана ад пранікнення педафіліі. У той жа час педагогі — якраз тыя людзі, якія могуць першымі заўважыць праблему. Як настаўнік можа зразумець, што дзіця падвяргаецца гвалту?
— Ёсць адзін універсальны крытэрый. Нешта адбываецца, калі ў дзіцяці “не квітнеючы” выгляд. Прычыны могуць быць самыя розныя: гіпавітаміноз, нераздзеленае каханне ці простая сварка, аднак іх трэба высветліць. Хаця б таму, каб выканаць свой прафесійны абавязак. Як кажуць, лепш зрабіць і хварэць, чым не зрабіць і шкадаваць.
Ведаю, што ў сённяшняга настаўніка шматлікія справаздачы аднімаюць каштоўны час, які можна было б патраціць на жывую работу. І многае праходзіць міма не таму, што педагогі не хочуць працаваць. Аднак ёсць і другі бок медаля. Гаворка зараз не пра саміх педафілаў, а пра тое паняцце рэпутацыі ўстановы адукацыі, якое прымушае замоўчваць факты педафіліі. Вось так у адной са школ некалькі гадоў назад развалілі крымінальную справу, у якой падазраваліся двое педафілаў. За адзін дзень было напісана некалькі заяў і прынесены медыцынскія даведкі, што ніякіх фізічных пашкоджанняў у дзяцей няма. Хаця да гэтага ўсё было зразумела. Сістэма патрабуе рэйтынгаў! Рэпутацыя школы была выратавана!
І ўсё ж пра індыкатары, якія дапамогуць педагогу зразумець, што праблема існуе… Для друку іх можна агучыць няшмат, напрыклад, такія як рэзкая змена ў паводзінах дзіцяці, сляды ад апёкаў ад цыгарэт на спіне і плячах, сляды ад звязвання. Як не заўважыць, калі дзіця ходзіць з ненатуральна спушчанымі рукавамі? Гэта можа быць знакам. З іншымі індыкатарамі, а іх нямала, мы знаёмім на спецыяльных занятках, якія асацыяцыя “Разуменне” праводзіць для настаўнікаў, педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў. Не агучваем публічна таму, што гэта можа змяніць паводзіны злачынцаў.
Спецыяльныя заняткі мы арганізуем і для журналістаў. Ёсць інфармацыя, якую трэба распаўсюджваць, трэба прыцягваць да яе ўвагу. Людзі павінны ведаць, што такая праблема існуе і куды пры гэтым звяртацца. Усё, больш нічога. У нас, на жаль, прасочваюцца асабістыя даныя, “абсмоктваюцца” падрабязнасці. Арганізаваць тэматычны цыкл заняткаў з журналістамі нас падштурхнуў матэрыял у адной з папулярных газет, калі ў апошнія дні жніўня, перад пачаткам навучальнага года, выйшла цэлая старонка аб тым, што з дзецьмі адбылося за лета. Чытаеш тэкст і дакладна разумееш, пра якую школу і амаль што пра якога чалавека ідзе гаворка. Гэта менш за ўсё патрэбна дзецям, якія аказаліся ў такой складанай сітуацыі.
— Якія меры павінен прыняць педагог, калі ён разумее, што праблема ёсць?
— Калі ёсць падазрэнні, сумненні, я раю тэлефанаваць на агульнанацыянальную дзіцячую лінію па нумары 8 801 100 16 11. Кваліфікаваны дзіцячы псіхолаг адкажа на ўсе пытанні і акажа крызісную дапамогу прама па тэлефоне.
Можна патэлефанаваць па нумары 102, і спецыялісты перададуць інфармацыю ў патрэбныя інстанцыі. І, канечне, настаўнік, прыходзячы да дырэктара з падобнай праблемай, павінен быць упэўнены, што абавязкова знойдзе падтрымку ў кіраўніцтва, а не пачуе фразу: “Ідзі, табе падалося”.
Часам гэта дапамагае выратаваць некалькі дзіцячых лёсаў.
Наталля АЛЁХІНА.