Чараўніцтва з простай паперы

- 14:54Сацыяльны ракурс

З Насцяй Варановіч я пазнаёмілася ў зімовым лагеры для мінскіх школьнікаў на базе Дзіцячага рэабілітацыйнага адукацыйнага цэнтра ў Ждановічах. У камфортных умовах цэнтра хлопчыкі і дзяўчынкі праводзілі зімовыя канікулы.

У педагога Настассі Фрыдрыхаўны добры, мяккі стыль зносін з выхаванцамі, але гэта не ўсё. Яшчэ ў іх узаемаадносінах дастаткова фантазіі і творчасці. Раз за разам чулася, як дзеці прасілі Насціных “урокаў працы”. “На самай справе гэта не ўрокі, — усміхаецца Настасся Фрыдрыхаўна. — Якія ўрокі на зімовых канікулах? Гэта творчае і цікавае баўленне часу”. Насця захапляецца квілінгам, і ўсе, хто прысутнічае пры стварэнні таго ці іншага вырабу, не могуць устаяць перад абаяннем гэтай тэхнікі.

Н.Ф. ВарановічПаперакручэнне (таксама квілінг, англ.  guilling — ад слова guill — “птушынае  пяро”) — мастацтва  вырабу плоскіх ці  аб’ёмных  кампазіцый са скручаных у  спіралькі доўгіх і вузкіх палосак  паперы. З папяровых спіралей  ствараюць кветкі і ўзоры, якія потым выкарыстоўваюць для  ўпрыгожвання паштовак,  альбомаў, падарункавых упаковак, рамак для фотаздымкаў.
Мастацтва прыйшло ў Расію з Карэі. Квілінг называюць “папяровай філігранню”. Гэта просты і  прыгожы від рукадзелля, які не патрабуе вялікіх затрат. Ёсць некалькі версій гісторыі  ўзнікнення гэтага мастацтва. Першая: нарадзілася ў сярэдневяковай Еўропе. Другая — на  Блізкім Усходзе і ў Старажытным Егіпце, дзе манахіні стваралі медальёны, аправы для ікон і  вокладкі для кніг, закручваючы на кончыку птушынага пяра папяровыя палоскі з пазалочанымі  краямі. У ХV—ХVІ стагоддзі квілінг лічыўся мастацтвам, у ХІХ стагоддзі — дамскай забавай. У  канцы ХХ стагоддзя квілінг зноў стаў мастацтвам, у Англіі прынцэса Лізавета ўсур’ёз захаплялася квілінгам, і многія яе творы захоўваюцца ў музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.
Насці спадабалася кручэнне з палосак паперы, калі яна ўбачыла, як адна з калег па дзіцячай  студыі творчасці пры Саюзе архітэктараў стварае свае вырабы. Першым вырабам з папяровых  карункаў, які ўразіў нашу госцю, была карціна, зробленая з каляровых палосак паперы. “Бачыш  такую прыгажосць і хочацца яе самой ствараць. Квілінг займальны і для дзяцей, яны любяць гэтае чараўніцтва з простай паперы”, — расказвае мая субяседніца. Аб’ёмныя карункі сплятаюцца з дробных дэталей, і перад намі можа з’явіцца што і хто заўгодна: паштоўка, сняжынка, ледзянец на ёлку, шкатулка, падстаўка для мабільнага тэлефона, вазачка, зайчык, мішка і г.д.

— Насця, не сумна скручваць паперу? Трэба ж многа модулей для любога вырабу.

— Не сумна. Пакуль скручваеш, у думках ствараеш вобраз будучага твора, фантазіруеш. Нават дзецям хапае цярпення, бо яны ведаюць, што ў выніку атрымаецца нешта незвычайнае. Дарэчы, скручваць паперу карысна: развіваецца маторыка. Дарослым таксама вельмі падабаецца вучыцца тэхніцы квілінгу. Аднойчы перад Калядамі я праводзіла майстар-клас у Лізе добраахвотнай працы моладзі. Мае дарослыя вучаніцы нічым не адрозніваліся ад дзяцей. З такім жа задавальненнем рабілі сняжынкі, елачкі. Там мы і прыдумалі з папяровых елачак зрабіць завушніцы. Атрымалася прыгожа.

— Як даўно пачалося ваша захапленне рукадзеллем?

— Нягледзячы на тое, што мая мама Лілія Уладзіміраўна працуе настаўніцай працы і фізкультуры і даўно займаецца творчасцю разам з маёй старэйшай сястрой Юляй, я захапілася рукадзеллем толькі стаўшы дарослай. Затое цяпер мы з мамай на адной хвалі. Матулін вопыт і творчыя ідэі мне дапамагаюць. Яна ведае аб такіх тонкасцях і нюансах, якія і мой вопыт узбагачаюць. Напрыклад, мама падказала, што пластыкавыя пацеркі можна абвязваць кручком. Сапраўды, атрымліваецца прыгожа.

— Звернемся зараз да тэхнікі квілінгу. Як жа якасна круціць модулі? Якой яны могуць быць формы? Чым замацоўваць дэталі?

 — Ёсць спецыяльныя інструменты для квілінгу і наборы паперы, але, на шчасце, можна абысціся і без іх. У кожнага дома ёсць папера, нажніцы і клей ПВА. Гэтага ўжо дастаткова для творчасці ў стылі квілінг. Для вырабаў можна выкарыстоўваць простую белую паперу. Калі хочацца стварыць каляровы выраб, то лепш узяць паперу, афарбаваную з абодвух бакоў. Для нарэзвання палосак (менавіта яны потым скручваюцца) зручней карыстацца макетным нажом, чым нажніцамі. Закручваць палоскі, прытрымліваючы кончык пазногцем, можна на зубачыстку або на стрыжань ад шарыкавай ручкі. Стрыжань знізу лепш надрэзаць і ўставіць туды пачатак палоскі. Такім чынам яна замацоўваецца і лёгка закручваецца. Закручаны модуль можна пакінуць круглым ці, сціснуўшы пальцамі, надаць форму слёзкі або кропелькі. Потым усе модулі злучаюцца ў адзін выраб пры дапамозе склейвання. Лепш выкарыстоўваць клей ПВА.

— Што самае незвычайнае вы рабілі ў тэхніцы квілінгу?

— Гэта быў вялікі аб’ёмны шар. Яго мы стваралі разам з дзецьмі. Гэта нават была іх ідэя. Усе разам нарэзвалі і склейвалі дзве доўгія-доўгія папяровыя паласы, скруцілі іх як звычайна. Потым акуратна націснулі на сярэдзіну кожнага скручанага модуля (нагадаю, што іх для шара спатрэбілася два), пры гэтым атрымалася аб’ёмная палова шара, таму што высунулася частка скрутка. Потым мы склеілі дзве палавінкі папяровага шара і падвесілі яго да столі. Мае студыйцы былі вельмі задаволены, гэта ж калектыўная работа. Такім чынам, квілінг не толькі густ і маторыку развівае, але і згуртоўвае, дае вопыт каманднай работы. А cёння гэта вельмі важна.

Святлана РАДЗЬКОВА.

public@nastgaz.by

Фота аўтара.