…У цэнтры залы стаіць хлопец. Зусім звычайны, якіх многа на вуліцах беларускіх гарадоў. Насупраць — суддзя, па баках — дзяржаўны абвінаваўца і адвакат, сакратар суда, у зале — шмат маладых людзей, якія з непадробнай цікавасцю сочаць за тым, што тут адбываецца. Суд сапраўдны, зала — незвычайная: адна з аўдыторый Юрыдычнага каледжа Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Малады мінчанін, якому хутка споўніцца 23 гады, абвінавачваецца па пункце 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконныя без мэт збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка псіхатропных сродкаў або іх прэкурсараў ці аналагаў”.
Абвінавачаны (назавём яго Аляксеем) расказвае, як марозным студзеньскім днём бягучага года зайшоў у інтэрнэт і праз скайп дамовіўся аб набыцці адной дозы курыльнай сумесі. Усё проста: спасылку на прадаўца атрымаў калісьці ад “аднаго знаёмага”. Праз некаторы час вырашыў ёй скарыстацца: ад ананімнага збытчыка, які хаваўся пад імем героя папулярнай камп’ютарнай гульні, атрымаў падрабязныя інструкцыі. А яны такія: доза, або “адзінка”, каштуе 150 тысяч рублёў, грошы неабходна прывезці на пэўную вуліцу, у пэўны дом і кінуць у паштовую скрыню № 23. Спайс будзе ляжаць за радыятарам абагравання ў пад’ездзе гэтага дома. Аляксей прыехаў, пакінуў грошы, забраў сумесь. А потым сустрэўся з двума сябрамі, якія потым сталі сведкамі на судзе, каб “пагутарыць”. На вуліцы знаходзіцца было занадта ўжо халодна, таму зайшлі ў пад’езд дома. Не свайго, заўважце, — у гэтым доме жыве даўні знаёмы Аляксея, і ад яго хлопец ведаў код пад’езда. Ішлі не ў госці да знаёмага, а проста пагрэцца.
А далей падзеі развіваліся так: сябры падняліся на дзясяты паверх, нейкі час размаўлялі, але хутка Аляксей выйшаў на агульны балкон, каб патэлефанаваць сваёй дзяўчыне. І заадно пакурыць. Зрабіў трубку з фольгі (так званую люльку), пакурыў, выйшаў да сяброў. На пытанне абвінаваўцы “Адкуль ведалі, як трэба рабіць прыстасаванне для курэння?” — зноў стандартны адказ: “Знаёмыя расказалі”. Сябрам пакурыць не прапаноўваў, наогул, як сцвярджаюць усе трое, пра спайсы Аляксей нікому нічога не сказаў, курыць збіраўся адзін. Кампанію ў пад’ездзе заўважылі жыльцы, вырашылі, што тут адбываецца п’янка, выклікалі міліцыю. Аляксей сам прызнаўся, што ў яго ёсць наркотыкі, усіх трох сяброў адвезлі ў аддзяленне, Аляксея крыху пазней — на медыцынскі агляд.
Адразу скажу, што сваю віну хлопец прызнаў цалкам, сцвярджаў, што псіхатропныя сродкі набыў і ўжыў упершыню, заявіў, што раскайваецца і першы вопыт паўтараць ніколі не будзе. Характарыстыкі і з работы, і ад участковага міліцыянера, і ад сяброў — станоўчыя. Такім чынам, на першы раз хлопец атрымаў два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. Гэта значыць, што ўвесь гэты час ён павінен будзе адзначацца ў аддзяленні міліцыі, выехаць з горада па асабістых справах зможа не больш, чым на месяц, з 22 да 6 гадзін павінен будзе знаходзіцца дома. Калі парушыць закон — накіруюць у месцы пазбаўлення волі.
Што ж прымусіла такога станоўчага, здавалася б, маладога чалавека звярнуцца да наркотыкаў? На гэтае пытанне, якое зноў жа задала дзяржаўны абвінаваўца, хлопец не здолеў даць выразны адказ, сказаў нешта накшталт таго, што захацелася новых адчуванняў. А пра тое, што рэчыва, якое набыў праз інтэрнэт, забаронена, здагадваўся, але не быў упэўнены. Маўляў, праз інтэрнэт прадаюць, можа, яно і легальнае, а набыў яго такім незвычайным спосабам таму, што вырашыў: прадаўцы займаюцца нелегальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, вось і шыфруюцца. Сам газет не чытае, тэлевізар не глядзіць, таму сумняваўся і наконт нелегальнасці курыльнай сумесі, і наконт яе смяротнай небяспечнасці. Пры цяперашняй агульнай інфармаванасці і шматлікіх прафілактычных мерапрыемствах паверыць у такое, канечне, цяжка. Хутчэй за ўсё адыгралі ролю цікавасць і своеасаблівая хвацкасць: “Усе спрабуюць, а я чым горшы?”
Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што гэтаму хлопцу пашанцавала, прычым пашанцавала вельмі значна. Два гады з адтэрміноўкай прысуду — гэта нішто ў параўнанні з тым, якую шкоду мог сам сабе нанесці малады чалавек. Пасля першай спробы ўжывання курыльнай сумесі ён не страціў здароўе (а, дарэчы, хлопец ужо і так мае дыягназ па сардэчна-сасудзістым захворванні), не памёр, як гэта здаралася з тымі, каму не пашанцавала. “Толькі ў бягучым годзе ў нашай краіне з-за ўжывання псіхатропных рэчываў памерла сем чалавек, — заўважыла дзяржаўны абвінаваўца, якая працавала на гэтым судзе, Алена Эдуардаўна Крупеніна. — А справы, падобныя на сённяшнюю, у нашым судзе Фрунзенскага раёна сталіцы разглядаюцца літаральна кожны дзень. Асабліва многа іх стала ў апошнія два гады. За збыт наркотыкаў, дарэчы, пакаранне вельмі суровае, нярэдка яго атрымліваюць нават васямнаццацігадовыя”.
Урачы, настаўнікі ў школах не перастаюць паўтараць, наколькі небяспечныя спайсы. Тое ж самае гаворыцца і ў матэрыялах СМІ. І ніхто, нават вытворцы спайсаў, не ведае, якая канцэнтрацыя псіхатропных рэчываў утрымліваецца ў дозах. Камусьці пашанцуе, і ён выжыве, хтосьці страціць здароўе назаўсёды, хтосьці загіне… Пра такую небяспеку ведаюць усе, але чамусьці не ўсе гэтаму вераць. Як “герой” гэтага матэрыялу, які, дарэчы, сцвярджае, што яму зусім “не спадабалася”. Як 14-гадовая дзяўчынка, пра якую нядаўна пісалі беларускія сродкі масавай інфармацыі. У школе паказалі фільм пра небяспечнасць спайсаў, правялі прафілактычную размову, але чамусьці праз кароткі час дзяўчынка вырашыла паспрабаваць курыльныя сумесі, апынулася ў бальніцы, суткі знаходзілася ў коме.
Атрымліваецца, што і аповеды, і спецыяльныя фільмы ўздзейнічаюць не на ўсіх, падлеткавая бестурботнасць штурхае апрабаваць забароненыя рэчывы на сабе. Гэта, канечне, не значыць, што прафілактычныя меры трэба пакідаць за бортам, бо, несумненна, на кагосьці яны ўздзейнічаюць. Але пры гэтым неабходна пашыраць іх спектр, адшукваць новыя формы работы. Як гэта зрабілі ў Юрыдычным каледжы БДУ. Суд праходзіў у адной з аўдыторый каледжа ў прысутнасці навучэнцаў-старшакурснікаў. “Мы самі ініцыявалі правядзенне выязнога суда і пракуратуры Фрунзенскага раёна Мінска ў каледжы, гэта наш першы падобны вопыт, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстановы адукацыі Ірына Пятроўна Мокат. — Ставілі дзве мэты: прафілактыку злоўжывання наркотыкаў і прафарыентацыю для нашых навучэнцаў. А раней па ўсіх падраздзяленнях універсітэта быў распаўсюджаны відэазварот рэктара на тэму наркапрафілактыкі, прайшлі іншыя мерапрыемствы”.
…Я пакідала аўдыторыю, якая на нейкі час стала залай суда, і воляй-няволяй слухала, як навучэнцы каледжа абмяркоўваюць пасяджэнне. Абмяркоўваюць бурна, зацікаўлена. І як будучыя юрысты, і як людзі, якім не ўсё роўна, што іх равеснікі ці крыху старэйшыя або маладзейшыя за іх хлопцы і дзяўчаты ўжываюць наркотыкі. Было зразумела — іх зачапіла, значыць, суд прайшоў не дарэмна не толькі для абвінавачанага, але і для іншых прысутных.
Марына ХІДДЖАЗ.